Званы Хатыні
Званы Хатыні
Урачыста-жалобны гук хатынскіх званоў днём і ноччу разносіцца па Беларусі. Густы аўтамабільны паток з раніцы да вечара імчыць па Лагойскім тракце, кіруючы да лясной развілкі з шасцю вялізнымі попельна-шэрымі літарамі — Хатынь. Некалі глухая, нічым не прыкметная вёсачка стала народным помнікам, вобразным увасабленнем жалобы і гераізму беларусаў у іх нечуванай па напружанні барацьбе з захопнікамі.
Кожны народ ганарыцца перамогамі, атрыманымі ў барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы, і свята шануе памяць ахвяр, панесеных у імя гэтых перамог. У французаў ёсць Арадур, у чэхаў — Лідзіцэ. Сімвал бязмерных выпрабаванняў беларусаў — Хатынь, якая прадстаўляе некалькі сотняў беларускіх вёсак, знішчаных у гады вайны разам з іх жыхарамі.
…Крывавая трагедыя гэтага ляснога паселішча ў 26 двароў адбылася 22 сакавіка 1943 года, калі атрад нямецкіх карнікаў нечакана акружыў вёску. Фашысты сагналі хатынцаў у хлеў і падпалілі яго, а тых, хто хацеў уратавацца ад агню, расстралялі з кулямётаў. 149 чалавек, з іх 76 дзяцей, назаўсёды засталіся ў гэтай жахлівай магіле.
Сонечны сакавіцкі дзень сорак трэцяга года аказаўся апошнім днём Хатыні, але страшны лёс яе, як і многіх іншых вёсак Беларусі, быў вызначаны задоўга да яе фактычнай пагібелі.
Скрупулёзна распрацоўваючы шматлікія аспекты вайны супраць Савецкага Саюза, Гітлер разам з лёсам усяго беларускага народа ўлічыў і Хатынь. Паводле плана «Ост», прынятага фашысцкай вярхушкай у 1941 годзе, тры чвэрці беларусаў прадугледжвалася выселіць з іх тэрыторыі, а астатніх анямечыць, ператварыўшы ў бесславесных нявольнікаў нямецкіх каланістаў.
Але, на здзіўленне гітлераўскіх заправіл, гэты народ, адзін з «цішэйшых» і міралюбівых народаў Еўропы, праявіў такую нязрушную стойкасць, што яшчэ ў пачатку вайны даў нямала клопату кіраўніцтву фашысцкай Германіі. Імперскі міністр па справах акупіраваных усходніх абласцей небезвядомы А. Розенберг у адным са сваіх выступленняў скардзіўся:
«У выніку 23-гадовага панавання бальшавікоў насельніцтва Беларусі ў такой меры заражана бальшавіцкім светапоглядам, што для мясцовага самакіравання няма ні арганізацыйных, ні персанальных умоў» і што «…пазітыўных элементаў, на якіх бы можна было абаперціся, у Беларусі не выяўлена».
Так, сапраўды, цяжка было знайсці «пазітыўныя элементы» на зямлі, што гарэла пад нагамі захопнікаў. Ужо вясной 1942 года адзін з падначаленых таго ж Розенберга даносіў свайму шэфу: «Сёння партызанская вайна ахоплівае ўсю Беларусь, амаль усе лясы запоўнены партызанамі, некаторыя часткі раёнаў знаходзяцца пад іх уладай. Нападу падвяргаюцца цэлыя гарады. Нападаюць на нямецкія ваенныя атрады і на грамадзянскія ўпраўленні, праводзяць мітынгі сярод грамадзянскага насельніцтва. Партызанская вайна пагражае ператварыцца ў тылавы фронт нямецкай арміі».
Трэба аддаць яму належнае — фашысцкі прыслужнік цвяроза глядзеў на рэчы і бачыў далёка. У глыбокім нямецкім тыле сапраўды гарэў другі фронт партызанскай вайны, якая няўхільна перарастала ва ўсеагульную вайну супраць фашызму.
Айчынная вайна для Беларусі сапраўды з’явілася вайной агульнанароднай з яе першага дня і да самой перамогі. Тры гады беларускі народ правёў на яе пярэднім краі ў літаральным сэнсе гэтага слова, ні дня не ведаючы хоць бы адноснай бяспекі. Фронт барацьбы з гітлераўцамі праходзіў па кожнай ваколіцы, па кожным падворку, па сэрцах і душах людзей. Агульнанародная вайна азначала, што кожны быў воінам з усімі яго абавязкамі і вынікамі, незалежна ад узросту, полу, нягледзячы на тое, меў ён зброю і страляў у акупантаў або толькі сеяў збожжа і гадаваў дзяцей, — кожны быў воінам. Таму што і зброя, і збожжа, і падросшыя дзеці, ды і само існаванне кожнага беларуса ў выніку былі накіраваны супраць акупантаў.
Беларускі народ пад кіраўніцтвам партыі камуністаў у найкарацейшыя тэрміны сфарміраваў паўмільённую партызанскую армію, узброіў яе, забяспечыў харчам, адзеннем, фуражом і цяглом. На тэрыторыі цэлых раёнаў на працягу ўсёй вайны функцыянавалі органы Савецкай улады, баявыя брыгады партызанскіх зон месцамі супрацьстаялі знятым з фронту рэгулярным нямецкім войскам. Немцы вельмі хутка зразумелі, што гэты невялікі і міралюбівы народ выселіць з яго тэрыторыі не ўдасца ні пры якіх абставінах, як не ўдасца і анямечыць, і акупанты ўзялі пачварны курс на яго ліквідацыю.
Усведамляючы штохвілінную небяспеку, якая пагражала фашыстам з лясоў і вёсак лясной стараны, яны ў сваім страху дайшлі да ашалеласці і гатовы былі забіваць кожнага. I калі яны не забілі ўсіх, дык толькі таму, што не ў стане былі зрабіць гэта фізічна. Каб забіць усіх, перш за ўсё трэба было іх перамагчы. А гэта аказалася звыш магчымасцей гітлераўцаў, і яны забівалі, помсцячы за свае няўдачы на фронце і ў баях з партызанамі, забівалі тых, хто дапамагаў або толькі мог дапамагчы партызанам. Тры гады няспынна гінулі людзі, і гэта была цяжкая плата народа за сваю незалежнасць, якая абышлася Беларусі ў два мільёны дзвесце трыццаць тысяч чалавечых жыццяў.
Акупанты былі не супраць спаліць кожную беларускую вёску, ператварыць у руіны кожнае мястэчка, кожны пасёлак. Вядома, «падставы» для гэтага ў іх меліся, бо не было на беларускай зямлі самай маленькай вёсачкі, якая б не паслала ў лес хоць бы некалькі сваіх партызан, каб затым забяспечваць іх неабходным, даваць ім прытулак у халодны час, дапамагаць разведкай. Ваявалі нават дзеці (Марат Казей) і глыбокія дзяды (браты Цубы). Разам з партызанамі яны разбуралі чыгункі, знішчалі тэлефонную і тэлеграфную сувязь, палілі масты, рабілі лясныя завалы, днём і ноччу вялі разведку…
Так, гітлераўцы былі не супраць таго, каб знішчыць у Беларусі ўсіх і ўсё, каб на дзесяцігоддзі ліквідаваць усялякія ўмовы для існавання беларусаў, хаця ў іх і не хапала для таго сілы і магчымасцей. I ўсё ж за тры гады вайны яны змаглі сцерці з твару беларускай зямлі 209 гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, 9200 вёсак.
Незвычайны разгар усенароднай вайны супраць гітлераўцаў, зразумела, не з’яўляецца толькі вынікам жорсткасці апошніх, як часам лічаць на Захадзе. Таксама няправільна было б звязваць масавае знішчэнне насельніцтва Беларусі і яе матэрыяльных каштоўнасцей з разгортваннем партызанскай барацьбы, хоць абодва гэтыя фактары даволі цесна звязаны паміж сабой. Таксама як наш народ арганічна не мог стрываць чужаземнага панавання на сваёй зямлі, нямецкі фашызм не мог пагадзіцца з малейшым непадпарадкаваннем акупіраваных народаў. Вынікам быў смяртэльны паядынак дзвюх палітычных і сацыяльных сістэм, дзвюх ідэалогій.
Справядлівая справа перамагла.
Пры ўсёй грамаднасці ўласных намаганняў і страт беларусы ведаюць, што ім адным, без паўсядзённай дапамогі і падтрымкі з боку іншых народаў краіны, ніколі б не выстаяць у гэтай жорсткай барацьбе. Толькі вялікае братэрства савецкіх народаў забяспечыла ім неабходную дапамогу і дало сілы выстаяць у самую іх трудную гадзіну. Сотні тон грузаў зброі і боепрыпасаў дастаўляліся на партызанскія аэрадромы з Вялікай зямлі, у савецкі тыл эвакуіраваліся цяжкапараненыя. Дзеяннямі партызанскіх зон на працягу ўсёй вайны клапатліва кіраваў адзіны цэнтр — Штаб партызанскага руху ў Маскве. Усё гэта памнажала сілы народа ў барацьбе і ўмацоўвала яго волю да перамогі.
На беларускай зямлі ў агні партызанскай вайны гартавалася вялікая дружба братніх савецкіх народаў. У адзіным партызанскім страі змагаліся з ворагам беларусы і рускія, украінцы і яўрэі, азербайджанцы і грузіны, літоўцы і таджыкі.
Нярэдка здаралася, што, аказаўшыся сведкамі нечуванай самаадданасці народа, на яго бок пераходзілі людзі з лагера ворага, прадстаўнікі народаў Еўропы, ашуканствам уцягнутыя у вайну. Так, менавіта ў Беларусі прынялі сваё гераічнае рашэнне дваццаць італьянскіх салдат, якія адмовіліся страляць у мірных жыхароў і за гэта былі расстраляны фашыстамі. На нашай зямлі здзейснілі свае подзвігі легендарнай храбрасці чэх Ян Налепка і нямецкі антыфашыст Фрыц Шменкель. Сотні славакаў, венграў, румын, прыгнаных фашыстамі на нашу зямлю са зброяй у руках, павярнулі гэтую зброю супраць сваіх прыгнятальнікаў.
Беларусы будуць вечна ўдзячны гераічнай Савецкай Арміі, сотні тысяч салдат якой аддалі сваё жыццё за гонар і незалежнасць нашай Радзімы. Каля шматлікіх абеліскаў над іх магіламі ніколі не вянуць жывыя кветкі — знак вечнай памяці ўдзячнага ім народа.
…Сумна і разам з тым велічна днём і ноччу, у вецер і непагоду разносіцца над Белай Руссю звон Хатыні. Бясконцы людскі паток. Моўчкі стаяць людзі ля вянка памяці, пакладзенага на месца пахавання попелу хатынцаў, моўчкі чытаюць яны зварот мёртвых да жывых — чорныя словы на мармуры:
«Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё, і Радзіму нашу, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць вы мір і спакой на зямлі, каб нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не ўмірала!»
I кожны моўчкі падпісваецца пад чорнымі літарамі на белым мармуры, пад словамі клятвы жывых:
«Родныя вы нашы, у смутку вялікім, схіліўшы галовы, стаім перад вамі. Вы не скарыліся лютым забойцам у чорныя дні фашысцкай навалы. Вы смерць прынялі, ды полымя сэрцаў вашай любові да Савецкай Радзімы навек незгасальна. Памяць пра вас у нас назаўсёды, як неўміручая наша зямля і як вечна яркае сонца над ёю!»
Хатынь адна, але сэнс гэтага слова вялізны. Перш за ўсё гэта светлая памяць аб тых, хто заслужыў найбольшае права жыць, але каго няма з намі. Хатынь — гэта мільёны ахвяр мінулай вайны. Гэта — усе, і што не менш важна, гэта яшчэ і кожны.
Першага верасня ў школах Беларусі на ўроках мужнасці — такія ўрокі праводзяцца ў кожнай школе — настаўнікі расказваюць вучням аб гісторыі Хатыні. Чуйныя дзіцячыя сэрцы ахвотна раскрываюцца насустрач даўняму подзвігу, які робіцца для іх першым і галоўным урокам года.
З дня адкрыцця мемарыяла тысячы людзей пабывалі ў Хатыні, але людскі паток да гэтага свяшчэннага месца не спыняецца ніколі. Сюды ідуць тыя, хто быў асуджаны нямецкім фашызмам на смерць, але са зброяй у руках адстаяў сваё права жыць, хто быў асуджаны не нарадзіцца, але наперакор усяму нарадзіўся і жыве. Сюды прыязджаюць многія людзі з Захаду і Усходу, якія жадаюць зразумець, чаму мы не толькі выстаялі, але і перамаглі ў мінулай вайне.
Хатынь жыве не толькі ў народнай памяці, але і ў штодзённых справах народа. Аб ёй пішуць у газетах, здымаюцца фільмы, складаюцца вершы і паэмы. Хатынь дае чалавецтву просты, як ісціна, і вечна мудры ўрок пільнасці. Чалавецтва павінна памятаць аб смяртэльнай пагрозе, якой яно пазбегла ў недалёкім мінулым, і штодзённа клапаціцца пра будучыню. На зямлі, на жаль, ніколі не было недахопу ва ўладарных авантурыстах, заўсёды спелі на ёй цёмныя сілы агрэсіі, ахвочыя пажывіцца за кошт міралюбства іншых. У наш жорсткі час недастаткова любіць мір — трэба ўмець яго абараняць.
Гітлераўскі фашызм разгромлены ў адкрытым баі, чалавецтва перамагло самага заклятага ворага. Але праклятае насенне рэваншызму яшчэ не знішчана. Затаіўшыся на Захадзе, жывуць пастарэлыя каты Хатыні і соцень іншых беларускіх, рускіх і ўкраінскіх вёсак. У цішы шыкоўных кабінетаў яны асэнсоўваюць свае промахі ў мінулай вайне і плануюць новыя «бліцы» на новай тэхнічнай аснове. У сакрушальным разгроме сорак пятага ўцалелі і некаторыя з нямецкіх памагатых, якія спрабуюць «маральным» і прававым камуфляжам прыкрыць свае крымінальныя злачынствы ў гады вайны. Але не будзе апраўдання іхнім злачынствам, як не будзе і даравання. Тое, што зроблена імі на беларускай зямлі, дараваць немагчыма.
…Выдатна архітэктурна выкананы мемарыял Хатыні захоўвае для чалавецтва назву кожнай спаленай беларускай вёскі, кожны мёртвы хатынскі двор, кожнае імя хатынца. У жалобным бетонным мартыралогу праходзяць імёны дарослых, падлеткаў, дзяцей — Яскевіч Антон Антонавіч, Яскевіч Алена Сідараўна, Яскевіч Віктар, Яскевіч Ванда, Яскевіч Вера, Яскевіч Надзя (9 год), Яскевіч Уладзік (7 лет), Яскевіч Толік (7 тыдняў), і так усе 149 забітых.
Усе, апроч аднаго — Іосіфа Іосіфавіча Камінскага, які выпадкова выратаваўся з палаючага, набітага людзьмі хлява і ў бронзе паўстаў цяпер з мёртвым сынам на выцягнутых руках. У гэтых ягоных руках усё — і сум, і трагізм, і бязмежная воля да жыцця, якая дала беларусам магчымасць выстаяць і перамагчы…
[1971]