Подзвіг мастака

Подзвіг мастака

Ягоны партрэт змешчаны апошнім у гэтай не зусім звычайнай для выстаўкі экспазіцыі і, можа быць, самы сціплы на ёй па манеры выканання, пазбаўлены якой бы там ні было мастакоўскай прэтэнзіі. Ён і падпісаны лаканічна, без аніякага намёку на адносіны да аўтара: «Вязень 32815». Але амаль кожны, хто спыняецца перад ім, не можа не адчуць штось затоена-значнае ў гэтай вельмі схуднелай постаці ў паласатай робе і ў такім жа паласатым берэце на стрыжанай галаве, у нерухомым, скіраваным кудысьці ўніз позірку. Вашу ўвагу міжволі прыцягваюць да сябе і рукі з нечакана вялікімі сціснутымі кулакамі, у якіх да часу дрэмле дрэнна прыхаваны пратэст. Болей дасведчаныя з наведнікаў неўзабаве ўгадваюць у гэтай змардаванай, але поўнай напружанай духоўнай сілы паставе нялёгкае мінулае аднаго з самых выдатных мастакоў краіны — Міхаіла Андрэевіча Савіцкага. Безумоўна, гэта ён, той, чыя працавітасць і талент паставілі яго імя ў рад самых выдатных майстроў сучаснасці.

У свеце выяўленчага мастацтва прынята ўспамінаць вытокі і называць папярэднікаў, тых, што ў гады вучнёўства ўласным прыкладам дапамаглі будучаму майстру выпрацаваць пачаткі майстэрства, «знайсці сябе». Гэтую звычайную ў такіх выпадках спасылку мне цяжка зрабіць у адносінах да Міхаіла Савіцкага, такі ён з самага пачатку сваіх творчых пошукаў ні на кога не падобны, такі самабытны, увесь — «з сябе», свайго таленту і, вядома, з трагічнага і гераічнага мінулага — з вайны. Сапраўды, перажытага ім у гады найвялікшага з усенародных выпрабаванняў хапіла б на некалькі чалавечых лёсаў. Адзін з апошніх абаронцаў Севастопаля, ён пасля падзення гэтага горада-героя трапіў на Херсанескім мысе ў рукі ворага і апынуўся ў Германіі, дзе прайшоў усе кругі гітлераўскага пекла, чатыры разы ўцякаў, быў злоўлены і прыгавораны да пакарання смерцю і толькі выпадкам пазбегнуў яе ў гітлераўскіх засценках.

Яго трыумфальны поспех у мастацтве звязваюць з цудоўнай работай на тэму партызанскай Беларусі, з «Партызанскай мадоннай», якая ўпершыню паявілася на выстаўцы адзінаццаць гадоў назад і стала цяпер не меней славутай у свеце, чым самыя выдатныя яе папярэдніцы эпохі Адраджэння. Гэта сапраўды шэдэўр, які не мае сабе роўных у нашым далёка не бедным на шэдэўры выяўленчым мастацтве, але ён не адзіны ў творчасці гэтага даравітага майстра. Пасля «Партызанскай мадонны» з’явіліся, можа быць, меней вядомыя, але не меней выдатныя «Віцебскія вароты», «Кара», «Поле», напісаныя ўсё той жа таленавітай рукой на неўміручую тэму ўсенароднага подзвігу ў гады мінулай вайны. Гэтая высакародная тэма на працягу больш трыццаці гадоў натхняе нацыянальнае мастацтва Беларусі, і Савіцкі шмат што сказаў у ёй сваімі работамі. Але ён бы здрадзіў сабе і свайму мастакоўскаму абавязку, калі б абмежаваўся першымі ўдачамі, якія прынеслі яму несумненны поспех.

Няўрымслівы характар мастака не мог не прыслухацца да ўладарнага закліку ўласнага вопыту, у якім самым непасрэдным чынам пераплялося драматычнае з гераічным; узмацнелы талент, атрымаўшы ўсенародную падтрымку, дазволіў наважыцца на самыя смелыя задумы. I вось каля чатырох гадоў назад пачалася ягоная праца над серыяй палотнаў-дакументаў, палотнаў выкрыцця і абвінавачання крывавых злачынстваў нямецкага фашызму, дзесяць з якіх ужо скончаны і экспануюцца на юбілейнай выстаўцы.

Гэтыя карціны — не лёгкае і не простае відовішча, і можна сабе ўявіць, чаго каштавала мастаку праца над імі. Перад вачамі гледача праходзіць шэраг пякельных прывідаў гітлераўскіх лагераў, няспынная барацьба высокай чалавечнасці з подласцю, страсна выкрываецца канібальская сутнасць фашызму і сцвярджаецца вышыня камуністычнага ідэалу. Пафасам гэтай барацьбы вее ад твараў і постацей зняволеных, што спляліся ў жахлівую вертыкаль уцёкаў («Уцёкі») цераз драцяную агароджу з электрычным токам. Так, іхні парыў імпульсіўны, удачы не будзе, на вышках ужо «працуюць» кулямёты, і акрываўленыя целы валяцца з дроту на ўтаптаную зямлю лагера. Але гэта яшчэ не фінал, гэта толькі маленькі эпізод у доўгім і гераічным ланцугу супраціўлення. I вось ужо іншы сюжэт — насцярожаная група зняволеных каля самадзельнага радыёперадатчыка, заземленага ў вядро з вадой («808»), і іхнія твары, якіх нельга забыць. Такія завостраныя профілі, патыліцы, вочы немагчыма ні прыдумаць, ні намаляваць — ніводзін натуршчык нашага часу не можа паслужыць для іх мадэллю — усё гэта трэба вынесці адтуль, адкуль іх вынес мастак.

Амаль усе карціны гэтай незвычайнай серыі (за некаторым выключэннем) будуюцца на рэзка акрэсленым кантрасце дабра і зла, высокага і нізкага — неўміручага, нягледзячы на смяротную кару, і ўжо асуджанага на пагібель, не зважаючы на пэўную вайсковую сілу, калючы дрот і аўчарак — усяго, чым спрабаваў адцягнуць свой непазбежны крах гітлераўскі рэжым у Еўропе. Ён быў яшчэ дужы, гэты рэжым, і трымаў у пакоры мільёны бяззбройных, распранутых і распятых; многіх ён ужо і панішчыў, склаўшы ў вялізныя штабялі з цудоўных дзявочых целаў перад тым як пачаць іх паліць («Танец з факеламі»). Ён яшчэ старанна выбіраў лепшыя экзэмпляры з новапрыбыўшых для сваіх варварскіх «медыцынскіх» эксперыментаў («Адбор») і паліў на слупах няскораных («Камуністы пяюць»), але сам ён ужо канаў. Застаючыся строгім рэалістам і дакладным псіхолагам у перадачы чалавечага стану і лагернага быту, М. Савіцкі ў той жа час нярэдка ўзнімаецца да высокай сімволікі, такая ёмістая і шматзначная мера ягоных абагульненняў. Схуднелыя твары зняволеных, як тое і было ў сапраўднасці, амаль пазбаўлены індывідуальных рысаў, таксама як узросту і нацыянальнай прыналежнасці, і ў гэтай іх абагуленасці заключаецца высокі сэнс, на першым плане якога Чалавек, а барацьба супраць бесчалавечнасці ляжыць у аснове мастацкай ідэі.

Помнячы пра першую сваю ўдачу, М. Савіцкі і тут не ўстрымаўся ад таго, каб не стварыць яшчэ адну, лагерную, мадонну. Яна так і называецца «Мадонна Біркенаў», гэта цудоўная жанчына з малым, якая трагічна распасцерлася над комінам лагернага крэматорыя. Гэткай жа высокай сімволікі поўная другая яго работа, што ўжо ўласнаю назвай асацыіруецца з падобнай тэмай, якая шмат стагоддзяў натхняла лепшых мастакоў мінулага. Гэта таксама распяцце, але не па традыцыйным драўляным крыжы, а на жалезных кратах канцлагера Этэрсберг, і на грудзях распятага свежа ззяе пяціканцовая зорка, выразаная ягонымі катамі. Абяскроўленае васковае цела ўражвае ступенню фашысцкага зверства і з’яўляецца ўвасабленнем бязмежнай чалавечай духоўнасці, калі цела ўжо зрабіла сваё і на смяротным рубяжы нічога не можа, затое дух, воля скіраваны ў такія вышыні чалавечых магчымасцей, якія ўжо непадуладны ворагу. Калі ўспамінаць славутых папярэднікаў гэтага роду, напэўна, можна было б назваць самыя гучныя імёны мінулага, але наўрад ці будзе ў гэтым патрэба. Не паўтараючы нікога з іх, гэтае палатно нашага сучасніка дастойна прадаўжае іх неўміручы пералік.

Нельга не прызнаць тут, што сам па сабе зусім правамерны метад прамога кантрасту ў сутыкненні на адным палатне такіх палярных паняццяў, як зло і дабро, паставіў мастака перад шэрагам дадатковых, чыста жывапіснага парадку, цяжкасцей, саўладаць з якімі мог толькі надзвычай таленавіты майстра. Янтарныя целы дзяўчат і глухую чарнату эсэсаўскай уніформы, высакародныя рысы жаночых твараў і пачварныя, у пэўнай меры ўтрыраваныя, постаці катаў і наглядчыкаў вельмі не проста падпарадкаваць агульнай пластыцы, аб’яднаць адзінствам каларыту. Трэба аддаць належнае мастаку, які амаль скрозь умела пазбягае звычайнай у такіх выпадках дысгармоніі: цёмназалацісты каларыт ягоных рэчаў бездакорны і ўспрымаецца як адзіна магчымы для дадзенага намеру, дзе зусім ненатуральнай была б каляровасць. Каларыстычнае майстэрства мастака часам такое дасканалае, што амаль знікае ў змесце — ці не ў тым вышэйшая ступень жывапіснага майстэрства, якому можна зайздросціць.

Творчасць М. Савіцкага за апошняе дзесяцігоддзе каторы раз з усёй відавочнасцю пацвярджае тую неабвержную ісціну, што сапраўднае мастацтва натхняецца перш за ўсё высокай ідэяй, для ўвасаблення якой, апроч майстэрства, патрэбна таксама асоба значнага зместу. Без асобы мастака, ягонага характару і біяграфіі нават пры самым віртуозным умельстве мастацтва не можа ўзняцца высока і кранаць чалавечыя душы. Мабыць, толькі тое значнае і бездакорнае, што выпакутавана і аплачана потам і крывёю.

Дзесяць вялізных палотнаў, створаных за няпоўныя чатыры гады, кожнае з якіх — твор высокага мастацтва і ў той жа час дакумент эпохі. Каб стварыць іх, безумоўна, патрэбны быў немалы жывапісны талент, але не меней за яго — надзвычайная апантанасць. Нядрэмная памяць мастака, усведамленне абавязку жывога ў адносінах да мільёнаў ахвяр, пачуццё адказнасці перад будучыняй далі яму права на подзвіг, можа быць, іншага роду, чым тыя, што мелі месца ў вайну, але таксама не менш самаадданы і вялікі.

[1979]