Восеньскі роздум Ганны Новік

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Гэтая прыгожая кніжка вершаў выйшла з друку ў 2005 годзе ў Вілейцы Мінскай вобласці. Менавіта там жыла і пакінула наш свет таленавітая і мужная жанчына і паэтка Ганна Новік (1914-1996), якая была родам з Аўгустова (Беласточчына) і пра якую я ўжо распавядаў на старонках “Нівы” у 2003 годзе. Кніжка вершаў Ганны Новік называлася “Барвовае лісце”. Пра яе мала хто ведае ў Беларусі, ды і мне толькі нядаўна гэту кніжку прыслалі з Вілейкі.

“Барвовае лісце” – біяграфія паэткі ў вершах. Зборнік пачынаецца паэтычным творам “Пра мемуары” у якім аўтарка распачынае:

Магчыма, з гэтай вось хвіліны,

Калі змагла я вас сустрэць,

Пара мне ўзяцца за ўспаміны,

Бо потым можна і не ўспець...

Беларуская дзяўчына з Аўгустова ў сваім жыцці шмат перажыла, рана зведала краты турэмнай камеры, мужна пераносіла яна боль і здзекі паліцэйскай улады ў 1920-30-я гады. Ды і ў савецкай Беларусі жанчыне жылося не вельмі лёгка. Сюды яна з бацькамі пераехала, калі пачалася Першая сусветная вайна. Прыехалі на Вілейшчыну. У вёсцы тады быў голад. Бацька Ганны пабудаваў кузню, і дзяўчынка 6 гадоў дапамагала яму ў кавальскай справе.

Першыя паэтычныя здольнасці праявіліся рана. І ўсё жыццё з лірыкай так і не раставалася:

Не расстануся з лірыкай ніколі,

Бо без яе мне цяжка расказаць

Пра трактары на нашым родным полі,

Пра нашы рэкі і пра сенажаць.

Якім цяжкім не было маленства і юнацтва Ганны Новік, яна заўсёды ў вершах сумавала па школьных гадах, па сябрах свайго дзяцінства, калі ўсе разам “скакалі па выгане” і “лазілі на высокія сасонкі”, а таксама:

Каб зноў залезці ў суседні сад,

За пазуху набраць з-пад дрэў ападу,

Каб зноў шукаў мяне старэйшы брат

У градах канапель і самасаду.

Як і ў кожнага паэта, так і ў Ганны Новік напісаліся і захаваліся паэтычныя радкі пра каханне. Рускі пісьменнік Леў Талстой неяк сказаў: “Самае разумнае, чаго дасягнуў чалавек, -- гэта ўменне кахаць жанчыну, пакланяцца яе прыгажосці: ад кахання да жанчыны нарадзілася ўсё цудоўнае на зямлі”. Але і жанчыны ўмеюць шчыра кахаць і ствараць такія пяшчотныя, шчырыя і добрыя паэтычныя радкі пра каханне, як Ганна Новік:

Зазелянелі дрэвы і кусты,

Лугі пакрыты свежаю травою,

А мне здаецца, што калі б не ты,

Не зацвітала б поле веснавое.

І не ставала б на зямлі святла,

І шчасце не прыходзіла б ў госці,

І мне здаецца – я табой жыла,

Ад самай першай, ранняй маладосці.

Ці ў вершы “Табе” паэтка апраўдваецца перад любым, але апраўданне гэтае вельмі далікатнае, мілае, нават патрэбнае, бо без яго жанчыне проста нельга жыць:

А ты прабач, што я такая,

Што праз снягі і праз ваду

Цябе з работы сустракаю

І на работу правяду.

Відаць, так і павінна быць, бо мужчыну ў хаце заўсёды паважалі і шанавалі, бо ён быў гаспадар, на ім трымалася сям’я. Але мужчына не толькі быў гаспадаром, але і абаронцам сваёй Бацькаўшчыны ад розных ворагаў і войнаў. У зборніку “Барвовае лісце” Ганны Новік вельмі шмат вершаў, прысвечаных апошняй вайне. Паэтка асуджае вайну: і тую, якая была, і тыя, не дай Божа, якія нехта плануе:

Хоць бы ўнукі пажылі спакойна...

І яшчэ, каб іх сыноў сыны.

Наш праклён усім на свеце войнам,

З першых дзён Айчыннае вайны!

З 71 аднаго верша, якія склалі зборнік паэткі, большасць з іх прысвечана Беларусі. Іх можна ўмоўна падзяліць на тэмы: вайна і Беларусь, сябры і Беларусь, прырода і Беларусь і проста Беларусь. Вершы на гэтую тэматыку вельмі патрыятычныя і гуманістычныя. Ганна Новік даволі пранікнёна піша і ганарыцца тым, што зямля наша завецца Белай Руссю, што “беларуская воля і сіла васільком, нагатком, беларускаю кветкай цвіла”.

Добры твор – гэта заўсёды “кавалак” жыцця. Не абыгрыванне нейкай дэталі, не гуллівае практыкаванне на зададзеную тэму, а ўзятае нешта дужа істотнае з рэчаіснасці, з эпохі. Воблік эпохі, яе жывыя рысы і бачацца, калі чытаеш вершы са зборніка “Барвовае лісце” Ганны Новік. Літаратурная спадчына ў яе засталася вялікая. Таму новая паэтычная кніжка аўтаркі – гэта першая ластаўка. Шкада толькі, што кніжка выйшла невялікім накладам і не трапіла ў рукі нават тым, хто любіць беларускую паэзію. Але дзякуй вілейскім бібліятэкарам за тое, што яны сабралі вершы паэткі, якая нарадзілася на Беласточчыне, і выдалі. Верыцца, што будуць і новыя кнігі твораў са спадчыны Ганны Новік.

2007