Дырыжор і кампазітар Кастусь Кіслы

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

У адным са сваіх пісем беларускі праваслаўны дзеяч і выдавец Барыс Данілюк з ЗША напісаў і папрасіў, каб я ў якім-небудзь беларускім выданні згадаў пра праваслаўнага і культурна-грамадскага дзеяча беларускага замежжа, рэлігійнага музыкаведа і кампазітара, дырыжора царкоўных і свецкіх хароў Кастуся (Канстанціна) Кіслага. “Мне здаецца, -- піша спадар Данілюк, -- што варта было б успомніць Канстанціна Кіслага, які арганізаваў і кіраваў выдатным царкоўным хорам у слонімскім праваслаўным саборы ў канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя, ды падчас польскае чысткі “крэсаў” быў перакінуты ці не ў Беласток. Пры першых саветах, здаецца, а пры немцах напэўна, кіраваў вялікім і добрым беларускім хорам у Беластоку. У 1944 годзе ён выехаў у Нямеччыну, а пасля вайны апынуўся ў Бельгіі, дзе, калі памёр кампазітар Равінскі, кіраваў хорам беларускіх студэнтаў у Лювене. У 1959 годзе Канстанцін Кіслы пераехаў у Амерыку, дзе стаў рэгентам хору ў царкве БАПЦ у Кліўлендзе, склаў некалькі зборнікаў царкоўных нотаў і кіраваў свецкім беларускім хорам. Памёр, здаецца, у Беластоку, куды яго паралізаванага забрала дачка. Паходзіў ён з-пад Галынкі, што на Слонімшчыне. Меў брата Аляксандра, які пры немцах быў слонімскім бургамістрам і яшчэ аднаго брата, імя якога я не ведаю. Гэты брат быў забіты Арміяй Краёвай у Лідзе ў 1942 годзе...”.

Сапраўды, пра жыццё і лёс братоў Кіслых можна напісаць цікавую кнігу. Але найбольш яркай асобай быў усё ж Кастусь Кіслы. Згадак пра яго надрукавана мала. Найбольш напісаў пра гэтага таленавітага чалавека Юрась Гарбінскі ў сваёй шыкоўнай працы “Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя. Жыццярысы. Мартыралогія. Успаміны. (Мінск-Мюнхен, 1999).

Месца нараджэння Кастуся Кіслага падаецца па-рознаму: адны даследчыкі пішуць, што ён нарадзіўся ў Леньцах на Падляшшы, іншыя – ў Лодзьскім ваяводстве, а па другіх крыніцах – на Слонімшчыне, адкуль быў родам яго бацька. А нарадзіўся Кастусь Кіслы ў 1998 годзе, як раз сёлета ў яго юбілей – 110 гадоў з дня нарадэння. Да 1921 года хлопчык разам з бацькамі вандраваў па свеце. Бо ў 1914 годзе сям’я пакінула Бацькаўшчыну і выехала ў бежанства. Жылі спачатку ў Марыупалі. Там Кастусь пайшоў вучыцца ў настаўніцкую семінарыю, дзе і паказаў свае музычныя здольнасці і слых. А калі некаторых настаўнікаў мабілізавалі на фронт, то 20-гадовы юнак у семінарыі пачаў выкладаць спевы, а таксама ўзначаліў хор. Першы свой канцэрт малады дырыжор хору стварыў не толькі з рускіх, украінскіх песень, але ўключыў і дзве беларускія народныя песні. Там, у Марыупалі, ён разам са сваімі бацькамі наведваў Беларускі камітэт, дзе вельмі шмат даведаўся пра Беларусь, пра тыя падзеі, якія там тады адбываліся. І ўсё ж у Марыупалі заставацца доўга сям’я Кіслых не магла, бо ў Расіі пачалася грамадзянская вайна, якая выгнала іх сям’ю ажно ў Турцыю, дзе яны часова нашлі прыстанішча недалёка ад Канстанцінопаля.

У 1921 годзе Кіслыя вярнуліся дадому на Беларусь. Разам з сям’ёй Кастусь Кіслы прыехаў на радзіму бацькі ў Слонім, які ўжо быў пад Польшчаю ажно да верасня 1939 года. Тут у Слоніме наш зямляк улаткаваўся на працу ў Спаса-Прэабражэнскі сабор, дзе арганізаваў царкоўны хор, а ў Слоніме пры Народным доме – свецкі агульны хор. Дарэчы, у Спаса-Прэабражэнскі сабор у гады Другой сусветнай вайны трапіла бомба і трохі пашкодзіла. А пасля вайны ў 1960-х гадах масцовыя камуністы яго поўнасцю знішчылі. І толькі ў 1994 годзе, дзякуючы руплівасці айца Віктара, сабор зноў у цэнтры Слоніма ўзнёсся да нябёс.

У 1932 годзе Кастусь Кіслы прыязджае ў Беласток. Пры саборы Святога Мікалая ён арганізоўвае школьны царкоўны хор, а таксама хор стварае пры Таварыстве Беларускай Школы (ТБШ). Разам з тым ён прапагандуе беларускае слова, культуру, музыку. Яго калектывы выступаюць з беларускімі канцэртамі на Беласточчыне, а гэта не падабаецца савецкай уладзе, якая прыходзіць сюды ў верасні 1939 года. За Кастусём Кіслым пачынаюць сачыць органы дзяржаўнай бяспекі. У 1941 годзе яго арыштоўваюць і сажаюць часова за краты. Але тут пачынаецца вайна -- Кастусь выходзіць на волю і зноў вяртаецца ў Беласток.

У гэты час у Беластоку кіпела беларускае жыццё. Хведар Ільяшэвіч, Масей Сяднёў і Уладзімір Тамашчык стварылі тут Беларускі камітэт (Масей Сяднёў у сваёй “Масеевай кнізе”(Мінск, 1994) назвае гэты камітэт Беларускім аб’яднаннем у Беластоку). Хлопцы наладзілі выпуск газеты “Новая дарога”. Да іх далучаецца сваёй культурна-асветнаю справай і Кастусь Кіслы. Ён аднавіў свой хор, актыўна выступае з канцэртамі. Разам з хорам паказвае сваё майстэрства і танцавальны калектыў, таму хутка Кіслы арганізоўвае цэлы ансамбль беларускай песні і танца, які выступае не толькі ў Беластоку, але і па ўсёй Беласточчыне.

У чэрвені 1944 года Кастусь Кісель пакінуў Беласточчыну і выехаў у Германію, а праз некалькі гадоў пераехаў жыць у Бельгію. Жылося там нялёгка, ды і працавалася ў шахце яшчэ цяжэй. У 1953 годзе ў Лювэне памірае беларускі кампазітар і хормайстар Мікола Равенскі, які кіраваў тут студэнцкім ансамблем беларускай песні і танца. Для беларускай моладзі ў Бельгіі гэта была вялікая страта. А таксама праблема: хто зможа замяніць таленавітага Міколу Равенскага? І на дапамогу прыйшоў Кастусь Кіслы. “Пачынаць трэба было ад найгалаўнейшага для хору – ад дырыгента, -- піша ў сваёй кнізе “Дванаццатка” (Нью Ёрк, 2002) Янка Запруднік. – З гэтым, на шчасьце, справа выглядала не безнадзейна: із сп. Кіслым (Кастусь) мы ўжо працавалі кавалак часу; дырыгент ён дасьведчаны (кіраўнік беларускага хору ў Беластоку падчас нямецкай акупацыі), і галоўна, што зь Льежу ў Лювэн і візы ня трэба, і цягнікі спраўна ходзяць. Спадар Кіслы ахвотна згадзіўся прыяжджаць на суботы й нядзелі ў Лювэн, цяжка адпрацаваўшы тыдзень у вуглякапальні, каб адразу ж пачаць рэпэтыцыі. Зь ім прыяжджала й прыгожая спадарыня Крутуль (Ірэна) для дапамогі ў танцах і ў песьні “Калыханка”.

Кастусь Кіслы вельмі шчыра і шмат працаваў з ансамблем, папулярызаваў беларускую песню ў Еўропе. Выступаў з канцэртамі ў Лондане, Кёльне, Бруселі, Боне, Парыжы. Янка Запруднік 21 красавіка 1954 года пісаў з Лювэну да Алеся Карповіча: “Мы падскочылі былі адзінаццатага гэтага месяца ў Парыж (у складзе: Кіслы і 9 харыстых – “Лятучая каманда”) на міжнародны канцэрт, ладжаны Інтэрнацыянальнай Камбатанцкай Арганізацыяй народаў Сярэдняе Эўропы. Дзеля нястачы часу мусілі абмежавацца чатырмя песьнямі: “Партызанскі марш”, “Полька Янка”, “Паласа” й “Пагоня”. Пайшло добра: у праграме былі адзіныя мы , што давалі вакальныя нумары” (Янка Запруднік. Дванаццатка. Нью-Ёрк, 2002. С.433).

З траўня 1956 года Кастусь Кіслы жыў у Кліўлендзе (ЗША). Тут таксама не стаяў убаку ад беларускіх справаў. Ён кіраваў хорам моладзі у Кліўлендзе, іншымі свецкімі і царкоўнымі калектывамі . Пад яго кіраўніцтвам беларускі хор моладзі быў ператвораны ў жаночы ансамбль “Васількі”. Кастусь Кіслы напісаў дзесяткі твораў царкоўнага ўжытку, выкарыстоўваючы ў сваёй творчасці багатыя традыцыі беларускай царкоўнай музыкі. Ён умела кампанаваў царкоўную музыку, выдаў нават музычны зборнік “Вялікдзень”.

На працягу некалькі апошніх гадоў свайго жыцця наш зямляк моцна хварэў. У канцы 1979 года з ЗША яго забрала дачка і прывязла ў Беласток, дзе 8 студзеня 1980 года Кастуся Кіслага не стала. Яго пахавалі на праваслаўных могілках у Беластоку-Выгодзе. Знайсці дачку Кастуся Кіслага ў Беластоку аўтару гэтых радкоў не ўдалося. Можа выпадкова трапіць мой артыкул спадарыні Кіслай і яна адгукнецца, і раскажа нам больш пра свайго таленавітага бацьку.

Па інфармацыі Барыса Данілюка, пляменнікі Кастуся Кіслага (дзеці Аляксандра Кіслага) жылі ў Аўстраліі. А ўнукі працавалі ў Новай Зеландыі. Такі лёс беларуса Кастуся Кіслага, яго братоў, дзяцей, пляменнікаў і ўнукаў.

2008