Адпачыў душою i сэрцам

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Даўно я не сустракаўся з беластоцкім беларускім паэтам Віктарам Шведам. I вось гэтая сустрэча адбылася ў Мінску на III З'ездзе беларусаў свету. Улюбёны ў свой край i апантаны паэзіяй Віктар Швед не пастарэў ні знешне, нi душой. А яшчэ ён прывёз у Беларусь свой новы паэтычны зборнік „Выбраныя вершы", які выйшаў з друку ў Беластоку ў 2000 годзе.

Скажу шчыра, для паэтычнай беларускай Беласточчыны Віктар Швед з'яўляецца аксакалам. Усё сваё свядомае жыццё ён думае i пішa па-беларуску. Шчырасцю, прастатою i задуменнасцю авеяна яго паэтычная ніва. Няма ў яго паэзіі нейкай фанабэрыстасці, выбрыкаў, пагоні за модаю. Паэт верны словам Вергілія, які сказаў, што ён не імкнецца ахапіць сваімі вершамі ўсё, прытым рашуча ўсё.

Віктар Швед піша пра тое, што перажыў, што хвалявала яго i хвалюе, піша пра людзей i найперш пра Беларусь:

Тут першы крок i першая сцяжына,

I першая за плугам баразна.

Тому i дарагая мне айчына —

Мая рака без берагоў i дна.

Айчына для паэта пачынаецца з маленькай радзімы — з Мора, з Зубровіі, з Дуброўшчыны i Сакольшчыны, з дарагога сэрцу Падляшша. Адсюль пачынаецца i яго дарога ў краіну Паэзію. Менавіта зялёная Зубровія, святыня пушчы Белавежскай натхнялі i натхняюць Віктара Шведа на паэтычную творчасць. Трэба моцна любіць Бацькаўшчыну, каб напісаць такія радкі:

Я клянуся: не зракуся

Сваё роднае любіць.

Быў i буду беларусам,

Пакулъ толъкі буду жыць!

Чытаючы „Выбраныя вершы" паэта з Беластока, звярнуў я ўвагу на адзін з раздзелаў кнігі „Абраднасць наша святая". Мне цяжка прыгадаць іншага беларускага паэта, які б вершамі даволі цікава расказаў пра народныя беларускія святы так, як гэта зрабіў Віктар Швед. Пачынаючы ад Каляд i калядоўшчыкаў, працягваючы Вадохрышчам, Грамніцамі, Вербніцай, Вялікаднем, Ушэсцем, Спасам, Успеннем i канчаючы Іллёй, паэт стварыў своеасаблівы паэтычны беларускі каляндар. Прыгожа, ці не праўда, гучаць радкі пра Вербніцу:

Калі ж у Вербніцу

Нас б'юцъ вярбою —

Няхай нам верыцца,

Каб збъщца мроям.

Ці, напрыклад, пра Грамніцы:

Адводзяць Грамніцы

Грамы, бліскавіцы,

Пажар, градабоі

I ўсё, што ліхое...

Прадмову да кніжкі Віктара Шведа напісаў Яўген Міклашэўскі. Яна называецца „Душа паэта". Добры загаловак. Бо душа ў Віктара Шведа — шчымлівая, добрая i светлая, як i самі вершы, якія чытаюцца i запамінаюцца. Таму я не планаваў напісаць нейкую рэцэнзію ці грунтоўны агляд новай кнігі паэта, я проста, ад прачытаных яго вершаў адпачыў душою i сэрцам.

2001

Более 800 000 книг и аудиокниг! 📚

Получи 2 месяца Литрес Подписки в подарок и наслаждайся неограниченным чтением

ПОЛУЧИТЬ ПОДАРОК