Быў беларускім дзеячам

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

13 траўня 1956 года адбыўся арганізацыйны з’езд Варшаўскага аддзела БГКТ, які выбраў праўленне аддзела і прыняў пастановы, якія вызначалі напрамак сваёй дзейнасці. На пасяджэнні аддзела старшынёю быў абраны Юры Туронак, а сябрам прэзідыума ГП БГКТ – Пятро Ластаўка, які да самай смерці актыўна працаваў на карысць беларускай справы ў Польшчы.

Але беларускімі справамі Пятро Ластаўка захапіўся яшчэ тады, калі яму было толькі 14 гадоў, распаўсюджваючы нелегальныя адозвы, кніжкі, газеты. Ён нарадзіўся 16 лютага 1907 года на Дзісеншчыне ў беднай беларускай сялянскай сям’і. Вельмі рана застаўся без бацькоў, таму яшчэ хлопчыкам зведаў нялёгкую фізічную працу парабка і пастуха.

Калі яму споўнілася 19 гадоў, уступіў у рады Беларускай сялянска-работніцкай Грамады і стаў самым актыўным яе сябрам на Дзісеншчыне. За гэтую дзейнасць маладога Ластаўку польскія ўлады арыштоўваюць і сажаюць за краты ў Глыбокім, а пасля перавозяць у Вільню. Праз год Пятра адпускаюць, але яго жыццё і дзейнасць кантралюе паліцыя.

У канцы 1920-х гадоў Пятра Ластаўку забіраюць у польскае войска. Адбыўшы вайсковую павіннасць, ён зноў вяртаецца ў родную вёску і працягвае беларускія справы. Паліцыя строга кантралюе дзейнасць беларускага хлопца. Тады ён вырашае пакінуць родныя мясціны і едзе ў Варшаву, дзе яго чакалі новыя праблемы і выпрабаванні.

Найважнейшым выпрабаваннем у вялікім горадзе быў пошук працы. Але з цягам часу праца знайшлася і дабавіліся грамадская дзейнасць. Пятро Ластаўка знаёміцца з многімі беларусамі Варшавы, а пасля арганізуе асветнае таварыства беларусаў у Варшаве. Вакол гэтага тавырыства ён аб’ядноўвае беларусаў, якія жылі у польскай сталіцы. Гэтае таварыства дзейнічала да пачатку вайны, а Пятро Ластаўка быў яго самаахвярным кіраўніком, які аддаваў усе свае сілы і веды таварыству і сябрам.

Калі пачалася вайна, Пятро Ластаўка пакінуў Варшаву і пераехаў жыць у Забалацце Белападляскай гміны, але сувязі з сябрамі-беларусамі не губляў. Ды і там ён праводзіў розныя цікавыя імпрэзы, сустрэчы.

Калі скончылася вайна, Пятро Ластаўка вяртаецца ў Варшаву і жыве ў Мілянуўцы. Ён па-ранейшаму не пакідае беларускіх спраў, а наадварот, яшчэ актыўней уключаецца ў працу Варшаўскага аддзела БГКТ. Доўгі час з’яўляецца сябрам яго праўлення, а пазней і сябрам Прэзідыума ГП БГКТ. А калі БГКТ мела права займацца гаспадарчай дзейнасцю, то спадар Ластаўка становіцца дырэктарам прамысловага прадпрыемства “Бэтэска” і кіруе гэтым прадпрыемствам ажно пяць гадоў.

Пятро Ластаўка быў яшчэ заядлым калекцыянерам, кнігалюбам, займаўся публіцыстыкай і літаратурай. Юры Туронак згадвае, што пасля яго смерці, “у 1968 годзе мне пашанцавала купіць усю яго калекцыю – блізу 20 беларускіх кніг, выдадзеных у ваенны час у Берліне, Варшаве і Менску”. (Юры Туронак. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня. 2006. С. 324).

Пры жыцці Пятро Ластаўка вельмі цікавіўся лёсам варшаўскіх беларусаў. Мне прыемна згадваць сёння гэтага чалавека і таму, што ён добра ведаў і шчыра сябраваў у Варшаве з маім земляком Гальяшом Леўчыкам. Асабліва спадара Ластаўку цікавіў лёс паэта пасля 1944 года. Ён праводзіў розныя пошукі сярод жыхароў Варшавы і пытаўся: ці хто ведаў і бачыў Гальяша Леўчыка? І, дарэчы, шмат цікавых фактаў знайшоў. 10 лютага 1967 года Пятро Ластаўка звярнуўся нават у ЗША да Яна Пятроўскага з просьбаю напісаць успаміны пра духоўнае жыццё Леўчыка. Ластаўка пісаў Пятроўскаму: “Пішу ўспаміны пра Гальяша Ляўковіча. І дзеля гэтага хацеў бы прыгадаць варшаўскі час такім, якім ён быў у сапраўднасці. Хіба вы не ведаеце, што Леўчык ужо не жыве. Ён памёр у верасні 1944 года на атаку печані ў цяжкіх абставінах, бо не было ніадкуль ніякае помачы... У наступным лісце перашлю Вам болей звестак пра апошні час жыцця і смерць Ляўковіча” (Ян Пятроўскі. Мэмуары. Слуцак--Гэйнсвільл. 1988. С.161). Далей у пісьме Яну Пятроўскаму Ластаўка пісаў, што ён ужо два гады як цяжка хварэе. “У маім далейшым лісце да Ластаўкі, -- згадваў далей у сваіх “Мэмуарах” Ян Пятроўскі, -- ад 24 чэрвеня 1968 года я пытаўся, як ён маецца і яшчэ раз прасіў падаць мне звесткі, якія адносяцца да апошніх дзён Ляўковіча. Але на гэты мой ліст я ніколі ўжо не атрымаў адказу”.

Ян Пятроўскі звяртаўся з просьбаю і да сына Пятра Ластаўкі, але адказу больш ад сям’і Ластаўкаў ніколі не атрымаў. Відаць, яго дзяцей беларускія справы і лёсы беларусаў ужо не цікавілі. Тым больш, што 19 верасня 1968 года беларускага дзеяча ў Варшаве не стала. А сёлета 16 лютага яму спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння.

2007