РЭАБІЛІТАЦЫЯ КАТАЎ (замест прадмовы)

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

РЭАБІЛІТАЦЫЯ КАТАЎ

(замест прадмовы)

З лютага 1993 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусі аднавіў у правах Камуністычную партыю.

Мы зноў засталіся з нашымі мёртвымі сам-насам.

Як цяпер ісьці ў Курапаты, што казаць нашым дзядам, якія ляжаць пад соснамі? Як растлумачыць, чаму вернутая зь небыцьця партыя-вампір, ненажэрная людаедзкая банда, што дзесяцігодзьдзямі гвалтавала беларускі народ, ірвала на кавалкі ягоныя землі і прадавала іншаземным дзяржавам, таптала мову і паліла кнігі, душыла лепшых сыноў і донак і тысячамі клала ў вялікія і малыя Курапаты, на тры гады кінула ў акупацыю, а потым працягнула гэтую акупацыю сама, пасыпаўшы на разьвітаньне радыеактыўным попелам ды подла схаваўшы сваё чарнобыльскае злачынства ад людзей?..

188 дэпутатаў Вярхоўнага Савету рэанімавалі КПСС-КПБ. Апроч партыйных сакратароў, сярод іх ёсьць навукоўцы і настаўнікі, генэралы і дырэктары… Страхавітаму камуністычнаму Вію паднялі павекі — і быццам нічога, ніхто не зьнерухомеў. Зараз хутка знойдуцца сацыялісты паразважаць, што аднаўленьне дзейнасьці КПСС-КПБ нічога не мяняе ў Беларусі.

Гэта ня так. Роспуск кампартыі ў жніўні 1991 году — адзіны, першы і апошні акт хаця б умоўнай справядлівасьці. Ніхто не панёс пакарання асабіста. Усё, абсалютна ўсё сышло з рук. І таму пастанова, прынятая парлямэнтам З лютага — ня толькі сорам на ўвесь сьвет. Гэта, найперш, трыюмф катаў і абраза мільёнаў ахвяраў — і тых, хто ўжо ляжыць у зямлі, і тых, хто, як дзеці Чарнобыля, туды заўчасна пойдзе.

Нашы мёртвыя цяпер могуць пакінуць нас, бо мы не абаранілі іх ад пасьмяротнае зьнявагі. І тады гэта знак непапраўнае бяды. Бо так, бяз памяці, без аховы продкаў загінем, сыдзем у нябыт з карты Эўропы, і толькі кампартыйныя пацукі будуць лётаць ненажэрнымі зграямі па чарнобыльскіх абшарах таго, што некалі звалася Беларусяй.

Радыё Свабода, 4 лютага 1993 г.