Як Уладзімір Юрэвіч сказіў Уладзіміра Леніна
Як Уладзімір Юрэвіч сказіў Уладзіміра Леніна
9 сакавіка 1937 году начальнік Галоўліту Ахрамовіч адрасаваў у палітасьветаддзел ЦК КП(б)Б і Інстытут масавага завочнага навучаньня партактыву ліст, у якім паведамляў, што дыктар радыёкамітэту Уладзімір Юрэвіч дапусьціў пры перадачы лекцыі на тэму «Сацыялізм і камунізм» шэраг «памылак тэксту», завізаванага Галоўлітам, якія мяжуюць з памылкамі стылістычнага і палітычнага характару. У выпадку паўтарэньня падобных парушэньняў упаўнаважаны Галоўліту будзе выключаць мікрафон і спыняць перадачу, папярэджваў Ахрамовіч.
Якія ж памылкі дапусьціў Уладзімір Юрэвіч? Кантралёр групы наступнага кантролю пры Галоўліце Радыёкамітэта (цэнзары дзяліліся на тых, хто правяраў тэксты да выхаду ў эфір, і на тых, хто слухаў і кантраляваў жывы эфір — магнітафонных запісаў тады не было) М. Ерамееў дакладаў:
«5 сакавіка 1937 году ішла лекцыя завочнай партвучобы на тэму «Сацыялізм і камунізм». Лекцыю ля мікрафону чытаў тав. Юрэвіч, які дадаваў нікому непатрэбныя словы, а менавіта:
Па-першае, дзе трэба і дзе ня трэба ўстаўляў слова «таварыш».
Па-другое, што трэба было чытаць, Юрэвіч не чытаў, як, напрыклад, адзначаную літаратуру.
Па-трэцяе, Юрэвіч скажона вымаўляў імя Леніна, замест Владзімір гаварыў Владымір і рабіў націск на апошнім складзе, г. зн. мір, у той час як у лекцыі пісалася проста Ленін, а імя і імя па бацьку ня значылася.
Па-чацьвертае, трэба было чытаць «Ленін пісаў», «Сталін пісаў», а Юрэвіч дадаваў слова «так» і атрымлівался: «Ленін пісаў так», «Сталін пісаў так».
Па-пятае, да цытатаў Леніна-Сталіна Юрэвіч устаўляў свае словы, напрыклад, там, дзе таварыш Сталін гаворыць аб нашым сялянстве, ён дадаў слова «гэта».
Па-шостае, Юрэвіч дадаваў шэраг непатрэбных уводных словаў, такіх як «ёсьць, так, вось, зразумела, усямерна, зьяўляюцца, умовы» і г. д.
Па-сёмае, Юрэвіч спрабаваў зрабіць свае высновы пасьля прачытанай ленінскай цытаты «Аб дзьвюх важнейшых умовах для ажыцьцяўленьня поўнага камунізму», дзе ён дадаў тлумачэньне: «Вось, тварышы, як Владымір Ільіч сказаў».
Пасярэдзіне лекцыі цэнзар перапыніў дыктара і прыгразіў, што ў выпадку адступленьняў ад тэксту перадача будзе спыненая. «Канец лекцыі быў прачытаны так, як было напісана ў лекцыі,» — з пачуцьцём унутранага задавальненьнья заканчваецца службовая запіска. Наўскось дакумэнту надпіс: «Паведамлена кіраўніцтву інстытуту для прыняцьця мераў». Асаблівую важкасьць рэзалюцыі надае дата: «27 сакавіка 1937 году».
Уладзіміра Юрэвіча ліха абыйшло і яшчэ многія дзесяцігодзьдзі ягоны голас гучаў з радыёдынамікаў. Няйначай, перш арыштавалі тых, каму адрасавалася службовая запіска…