451° па Галоўліту

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

451° па Галоўліту

Калі амэрыканскі фантаст выдаў кнігу пра спаленьне кніг у будучыні[1], супрацоўнікі цэлага савецкага ведамства маглі па праву сказаць, што гэты твор прысвечаны іх прафэсійнай дзейнасьці, якая раней заставалася па-за ўвагай і прызнаннем шырокай грамадзкасьці. Уклад супрацоўнікаў гэтага ведамства ў нацыянальную культуру цяжка пераацаніць. Вось толькі адзін маленькі фрагмэнт іх творчасьці, якую захоўваюць архівы:

«Зьнішчэньне кніжак рабіць шляхам пропуску праз рэзальныя машыны друкарняў. Макулятуру ў дробна парэзаным выглядзе здаваць ва ўтыль. У райцэнтрах, дзе ў друкарнях няма рэзальных машынаў, прынятую літаратуру спальваць з адзнакай на акце спалення».

Шыхтавы статут блякне перад чаканным стылем Галоўнай управы літаратуры і выдавецтваў БССР, якая ўваходхіла ў склад наркамату асветы. Афіцыйны скарот — Галоўлітбел, яшчэ карацей — Галоўліт. «Асветніцкая» ўстанова з такой назвай была створана пастановай СНК БССР ад З студзеня 1923 году. Згодна з задачамі папярэдне, перад друкам, Галоўліт пераглядаў усе рукапісы, здымкі, малюнкі і выдаваў ці не выдаваў дазвол на друк, ажыццяўляў кантроль за друкарнямі, бібліятэкамі, кнігарнямі, слухаў радыёперадачы. Без Галоўліту немагчыма ўявіць разьвіцьцё навукі, нацыянальнага тэатру і кіно, жывапісу, скульптуры, эстрады і журналістыкі.

Апроч Галоўнай управы, для дагляду і своечасовай крытычнай дапамогі ва ўсіх абласных, акружных і раённых цэнтрах дзейнічалі мясцовыя «літы» са сваімі штатамі.

Шматгранная дзейнасць Галоўліту ў Беларусі працягвалася да пачатку вайны, а потым была адноўленая ў 1944-м у Навабеліцы, у першыя дні дзейнасьці ўраду БССР.

Пасьля сьмерці Сталіна, 15 сакавіка 1953-га Савет Міністраў вывеў Галоўліт са складу Міністэрства асьветы і перадаў у Міністэрства ўнутраных справаў, якое тады ўключала і былы НКВД — МГБ. Праз паўгода, у кастрычніку 1953-га, Галоўліт пакінуў сьцены МУС і набыў самастойны статус і новую назву — управа аховы вайсковай і дзяржаўнай тайны ў друку. У 1963 годзе Галоўліт далучылі да навастворанага Дзяржкамітэту па друку і паліграфіі, а з 1966-га да скону БССР цэнзурнае ведамства існавала як Галоўная ўправа па ахове дзяржтайны пры Савеце Міністраў.

Галоўліт, натуральна, лічыў сваю дзейнасьць дзяржаўнай тайнай і не афішаваў уласныя подзьвігі. Тым болей, што самая масавая, непасрэдная прадукцыя Галоўліту — прабел, пустата, не-быцьцё. Трэба прызнаць, што Галоўліт досыць пасьпяхова выконваў сваю функцыю. Паправіць ўжо амаль нічога немагчыма. Нават прачытаныя праз паўстагодзьдзя рукапісы і вернутыя навуковыя і мастацкія творы ў абсалютнай большасці ўжо выконваюць іншую ролю, у новым кантэксьце дзейнічаюць інакш, чым калі б яны пабачылі сьвет своечасова. Далёка ня ўсё, што забараняў Галоўліт, адносілася да катэгорыі шэдэўраў, але тыя творы былі хлебам і вадой культуры, безь якіх немагчыма зьяўленьне вяршыняў. Увогуле, катэгорыя адсутнасьці ці ня самая істотная для тлумачэньня нацыянальнай гісторыі апошняга стагодзьдзя. Адсутнасьць адных людзей і ідэяў зрабіла магчымым прысутнасць зусім іншых…

Ланцуговая рэакцыя не-быцьця робіцца заўважнай часам праз дзесяцігодзьдзі і праяўляецца ў агульнай дэградацыі грамадзтва, калі большасць дарослых выракаецца роднай мовы і можа пазбавіць дзяцей Радзімы.

Нягледзячы на грыфы «не падлягае агалошаньню», якімі Галоўліт пазначаў усё, што выходзіла зь ягоных сьценаў, выбраныя архіўныя старонкі даволі выразна агалошваюць ня толькі мэтадалёгію, але і псыхалёгію міністэрства праўды, якая існавала ў 30-я гады, ды і пазьней.