VI
VI
З камянямі - тое была яе ідэя. Як бы са стыхійнага парыву, што я найбольш цаню і што мяне ў ёй найбольш вабіць.
Акруглыя, пляскатыя, зручныя, каляровыя марскія камяні з лета ляжалі на паліцы з кнігамі. Яна прывезла іх з Ніды, дзе правяла цудоўны тыдзень на летувіскім узбярэжжы з групай сяброў з некалькіх менскіх газет. Камяні гэтыя, кажа, збірала з мэтай, што паслужацца ёй для масажу цела. Я недзе чула пра такую методу. Нагрэтыя ў гарачай вадзе пасля масажу кладуцца на спіну. Цяпло камянёў суймае боль, супакойвае, мацуе і дае адчуванне гарту.
Але яна ўзбагаціла гэтую ідэю пасля таго, як тады на пляжы ў Нідзе Насця паклала тры разагрэтыя на сонцы камяні ёй на жывот. І яна адчула нязвыклую цеплыню, і якраз тады падумалася, што ў камянях заключана вялікая эратычная моц. Асабліва ў гэтых марскіх, тысячагоддзямі лашчаных вадой, шліфаваных водарасцямі і марскімі істотамі.
Калі я першы раз прыйшла да яе на кватэру, камяні падаліся мне звычайнымі мяшчанскімі кічовымі цацанкамі. Як фарфоравыя фігуркі лялек і зверанят. А тым часам яна выбрала адзін з іх - крапчаты, ржава-чырвоны. Глыбока затуліла яго ў далоні і трымала так некалькі хвілін, гледзячы мне ў самыя вочы, нібы хацела ажывіць успаміны гэтага кавалка матэрыі, апелюючы да маёй памяці.
Я ўзгадала верш Ганны Каменскай і ўголас прачытала яго па-польску, робячы акцэнт на кожным слове. Яна ўсё разумела. Так, як бы гэтая паэзія была таксама часткай яе памяці, і каменя, і майго позірку, і нашых целаў.
У канцы мы самі маем права адчуваць сябе такімі ж цвёрдымі камянямі, якія, абцёртыя ў людскім тлуме, сярод здарэнняў і лёсаў гартуюць сваю сутнасць і глыбока ўсярэдзіну хаваюць цяпло і складаную структуру перажывання свайго ўласнага кавалачка вечнасці.
Цёплы ад яе разгарачанай далоні камень яна прытуліла мне да шчакі, вуснаў, носа. Правяла ім па шыі і ніжэй. Пацалавала мяне і сказала, што гэта і ёсць размова з каменем. Пасля ўсунула яго мне ў далонь і сказала прынесці праз некалькі тыдняў, калі, добра разагрэты маім целам, ён будзе трымаць для яе запіс стуку майго сэрца, паху цела, гуку словаў і сілы пагляду.
Некалькі ночаў я трымала камень у сваім ложку. Калі кахаліся з Маркам, камень быў сведкам нашых спазмаў і енкаў. Марк таксама браў яго ў далоні і гладзіў ім мае сцёгны, плечы, ступакі.
Праз некалькі тыдняў, калі я аддавала ёй камень, мы ўжо выдатна разумелі адна адну. Яна ўзяла ў мяне гэты ржава-чырвоны і паклала на далонь іншы, халодны, з шэра-срабрыстай павалокай. Сказала толькі, што хоча дакрананнем, поўнай далоняй абняць цвёрдае змесціва і выдабыць з яго тое, што я ўклала поўнай сілай маіх найлепшых пачуццяў. Халодны камень назваць прыладай кахання...