III

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

III

Я і не думала, што праз некалькі дзён мы зноў сустрэнемся на канцэрце. Убачыла яе ў тым самым скураным строі, як яна стаяла сярод гітарыстаў нейкага гурту ў антракце і весела размаўляла.

Пасля канцэрта мы пілі кепскае беларускае піва ў буфеце Дома афіцэраў. Дом афіцэраў. Гучыць у тон усім гэтым назвам вуліц: Рэвалюцыйная, Камуністычная, Пралетарская... альбо - па імёнах нейкіх савецкіх герояў, што ні пра што мне не гавораць: Харужая, Мяснікоў, Прытыцкі... Парадокс, бо людзі, ходзячы па вуліцы Камуністычнай не маюць нічога агульнага з камунізмам. Разам з уласнікам дарагой забягалаўкі, які, пэўна, штораніцы ачухваецца ад кашмарных сноў, у якіх у яго адбіраюць усё набытае ім за апошнія некалькі гадоў.

У Доме афіцэраў хлопцы з NRM ці групы «Новае неба» спяваюць пра нягеглага дырэктара калгаса, у якога на стале ў кабінеце стаіць глобус і які ў хвіліны дэпрэсіі пасля праваленай уборачнай, пішучы чарговую просьбу міністру пра датацыю, суцяшаецца, паглядаючы на вялікі Савецкі Саюз, які дазарэзу трэба неадкладна ўваскрэсіць, і тады адразу папруць угору ўраджаі, надоі і палепшыцца жытка.

Кася Камоцкая спявае пра двух польскіх шпіёнаў Болека і Лёлека, а Віктар Шалкевіч пра хамскую ўладу, якая надзела шляхецкі кунтуш, а ў самое з ботаў салома лезе.

Моладзь перад эстрадай бушуе, махаючы нацыянальнымі сцягамі памерам з насоўку альбо запальнічкамі, як тое ў нас гадоў дзесяць таму назад на канцэртах «Пэрфэкту» ці «Рэпублікі». Пры гэтым падымаюць пальцы ў форме літары V і ягляць «Жыве Беларусь!».

Рэспубліка Мары ў беларускім выданні гэта - Народная Рэспубліка Мроя (NRM) - даслоўна. Але калі я гляджу на хлопцаў, якія па завязкі ўпіваюцца ў буфеце, - не пакідае мяне аптымізм.

Некалькі месяцаў таму назад знаёмыя падарылі мне білеты на канцэрт расейскай групы «Машина времени». Паў-Менска збеглася паслухаць «дыназаўраў». Не натхніла мяне тое ані. Расейскі блюз з тэкстамі, як у песеньках Анджэя і Элізы ці групы «Pod bud?». Вечна нейкі пункцік і паэтычны вобраз краю поўны залішне меланхалічнага спакою. Мае знаёмыя патлумачылі мне, што гэтая музыка на пераломе сямідзесятых-васьмідзесятых была глытком свежага паветра. Ну, так - трохі ў гэтым Боба Дылана, прызнаю. Але каб аж заходзіцца ад захаплення... Не спрамаглася пераканаць сябе. Толькі адно абудзіла ўва мне сімпатыю, - што сціжма моладзі пад сцэнай паводзіцца чыста, як у нас.

Іншая рэч, што ніякай у тым палітыкі. Хоць... усё-такі нейкая там дэманстрацыя антысавецкай поп-культуры.

Тут, калі граюць беларускія капэлы, няшмат моладзі, але затое больш дынамікі і маніфестацыйнасці.

Пасля канцэрта я стала непадалёк ад яе ў бары і, калі б не музыка групы, якая ахвяравала нам дзве касэты, можа, ніколі не дайшло б да гутаркі. Завялася яна сама. Нібыта мы ўжо знаёмыя каторы там месяц. Яна адразу адгадала, што я з Польшчы. Расказала мне пра NRM як пра бунт маладзейшага пакалення Беларусі супроць расейскай поп-культуры, супроць бальшавіцкіх схемаў у будным жыцці, супроць недалужнасці. У іхніх песеньках на канцэрце я не магла ўлавіць і зразумець паасобных слоў, бо гвалт стаяў неверагодны. І ад музыкаў, і ад публікі. Таму я рашыла купіць касэту і спакойна праслухаць усё дома. Мы развіталіся, і я пабегла да знаёмых. На хвіліну яна знікла ў тлумішчы каля выхаду. Але тут жа вынырнула зноў і падскочыла, трымаючы адной рукой на калене вялікую скураную сумку, другою нешта спехам напісала. Мы падалі адна адной руку, прадставіліся па імёнах. Яна сунула мне на маленькай жоўтай картачцы свой нумар тэлефона. Трэба будзе неяк сустрэцца ды пагаманіць.