2009

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

2009

ТРАВЕНЬ

Мама і шчасце

27.05.2009. Мама першы раз за месяц, які жыве ў мяне, выйшла са мной на вуліцу. Вяду за руку, як малое дзіця. Каля кожнага дрэва, каля кожнай кветачкі мама спыняецца і разглядае, што расце. Нешта сама сабе шэпча, радуецца. Радуюся і я. Як мала трэба чалавеку для шчасця!

Заробак і каровы

27.05.2009. Узгадалася далёкае. Зіма. Ужо недзе месяцы тры як бацька, які працуе пастухом, не ходзіць на кароўнік — там яму няма чаго рабіць. І ён, агледзеўшыся па гаспадарцы, валяецца на ложку. І тут вяртаецца з кароўніка мама: «Чаго ляжыш? Уставай! Ідзі на работу! Там карова здохла. Трэба скуру здзерці. Заплацяць тры рублі!» Бацька няспешна ўстае, апранаецца і шкандыбае на кароўнік. І да траўня, калі пагоняць кароў на пашу, бацькаў заробак будзе залежаць ад колькасці здохлых кароў і цялят…

Тры тысячы

28.05.2009. Ідучы ў краму праз двары, знайшоў тры тысячы. Радасць не вялікая, але прыемна, што і мне часам шанцуе. Не паспеў далёка адысціся ад свайго шчаслівага месца, як сустрэўся знаёмы дворнік: «Ці не маглі б вы пазычыць мне тры тысячы?» Гэтыя пазычальшчыкі грошай мне даўно і добра абрыдлі, таму я адразу адказаў: «Няма ў мяне грошай!» — і пайшоў далей. Крыху адышоўшы, спыніўся: «А можа дворнік знойдзеныя мной грошы згубіў і цяпер у яго няма чым апахмяліцца?» Хацеў вярнуцца, але перадумаў і, прыйшоўшы ў краму, укінуў чужыя тры тысячы ў скрынку, у якой збіраюцца грошы на пабудову Храма…

Пчолы Квяткоўскага

29.05.2009. Патэлефанаваў мастак Алесь Квяткоўскі і запрасіў прыйсці паглядзець на новыя працы. Яго майстэрня ў ста кроках ад маёй кватэры. Першае, што мне давялося ўбачыць,— гэта карціна, прысвечаная Анатолю Сысу. На ёй пчаліны рой падняў паэта высока над зямлёй і людзі пад гэтым роем стаяць, як пад дрэвам, і глядзяць уверх, як на Бога. «Як назваць працу?» — пытаецца Алесь. Я, доўга не думаючы, адказаў: «Пчаліны бацька». Потым ён паказаў мне карціну, над якой яшчэ працуе. На ёй я стаю на памосце, што на дрэвах, сярод вулляў, а ўнізе — як у пекле. «Ты будзеш з сабакам, і ў кожнага з вас па кулямёту!» — заявіў Алесь і дадаў, што карціну можна будзе назваць «Абаронцы пчол». Пасмяяўшыся, мы развіталіся. І толькі я адчыніў дзверы на вуліцу, як пачуліся гучныя воплескі і ў неба ўзляцела куча рознакаляровых балонікаў, нібыта ветрам быў падхоплены пчаліны рой з карціны Алеся Квяткоўскага… Побач з майстэрняй мастака ў двары выпускнікі развітваліся са школай…

Наглая і красівая

29.05.2009. Адзінокага старога, які любіць выпіць, нашы суседзі за сценкай затапілі. Не разабраўшыся, ён прыйшоў сварыцца з намі. На званок у дзверы выйшаў я і пачаў спакойна тлумачыць, што мы не вінаватыя. Хвілін дзесяць тлумачыў і, магчыма, яшчэ б больш, калі б мая Людміла не разагнала нас. Праз хвілін пятнаццаць стары з’явіўся зноў і, сутыкнуўшыся нос у нос са мной, запытаўся: «Гэта тут жыве наглая і красівая?!»

Аляксандр Межыраў

30.05.2009. Сёння даведаўся, што нядаўна на 86­м годзе жыцця памёр рускі паэт Аляксандр Межыраў, які з 1994 года жыў у Амерыцы. Мне здавалася, што ён даўным­даўно сышоў у лепшы свет… Я меў шчасце, калі вучыўся ў Літінстытуце, быць слухачом яго семінара паэзіі. Ён заікаўся, таму чытаў паэзію спяваючы. І ў гэтым быў нейкі шарм, бо ўсё, што гаварыў паэт, здавалася суцэльным белым вершам…

Мае героі

31.05.2009. На лесвічнай пляцоўцы сустрэў маладую суседку. Павіталіся. І тут жа ўспомнілася:

Табе шчэ дваццаць, мне ўжо сорак пяць,

Табе шчэ жыць, а мне ўжо ўспамінаць,

Нібы шукаць у прыску вугалі

Чырвоныя, як кроў маёй зямлі,

Дзе ўжо я жыў, дзе сёння ты жывеш,

Нібы агню аддадзены мой верш,

Які згарыць і застанецца тло,

Як ад цябе ў маёй душы святло,

Калі цяпер ты выйдзеш з цягніка.

Цягнік ідзе, нібы цячэ рака,

Куды нікому двойчы не зайсці.

І ты пайшла, але ў маім жыцці

Усё­ткі ты была, як гэты дзень,

Як гэта сонца ў восеньскай вадзе.

І жыць табе, а мне ўжо ўспамінаць…

Табе шчэ дваццаць, мне ўжо сорак пяць…

Аднак гэтыя радкі не пра яе. Яны з маёй аповесці «Лісты і залатое лісце», у якой мая суседка існуе так, як і ў рэальным жыцці, са сваім мужыком, што ў мяне за сценкай начамі яе і любіць, і б’е, і потым яна ходзіць з падбітымі вачыма. Цяпер яны жывуць больш­менш мірна. Гадуюць сына. Я не ведаю, хто яна, як і яна не ведае, хто я, і што бурны перыяд яе кахання апісаны ў маім творы. Мужык суседкі са мной не вітаецца, нібыта прачытаў маё тварэнне і цяпер не ведае, што са мной утварыць…

* * *

31.05.2009. Гляджу фільм пра рамантычнае каханне. І раптам верш:

Я не забыў вас, не забыў

І вас ніколі не забуду.

Я вас любіў, я вас любіў

І больш любіць не буду,

Бо вы — чужая, я — чужы,

І ўжо не зменіцца нічога,

Як не мяняюцца крыжы

На Храме ў Бога…

ЧЭРВЕНЬ

Навальніца

1.06.2009. Баюся навальніцы яшчэ з дзяцінства. Асабліва, калі пад навальніцу трапляю ў вёсцы. Тады ўжо ў думках малюся, у хаце чапляю галёшы на разеткі, каб з іх не выскачыла маланка. І наогул для мяне грымоты, як бамбёжка… Сённяшняя навальніца не напалохала, а, наадварот, акрыліла душу сваёй грымотнай нечаканасцю і прыгажосцю маланак. Я стаяў каля акна ў сваім кабінеце, у якім на стале кучы чужых вершаў і прозы, і глядзеў у неба. І мне хацелася разуцца і пабегаць па калюгах. Але…

«Тытанік» і аэробус

1.06.2009. Сёння памерла апошняя пасажырка «Тытаніка». Ёй было 93 гады. І сёння над Атлантыкай прапаў аэробус, які ляцеў рэйсам Рыа­дэ­Жанейра — Парыж, на борце якога было 216 пасажыраў і 12 членаў экіпажа... Існуе стагоддзямі праверанае, што нічога выпадковага не бывае. Няўжо і гэтыя смерці нечым звязаныя паміж сабой у космасе нашага існавання, ці гэта толькі я іх паставіў побач і задумаўся?

Прыгажосць — страшэнная сіла

2.06.2009. Вечарам з працы вяртаюся дахаты. На маёй лесвічнай пляцоўцы маладая прыгожая незнаёмая жанчына з дзяўчынкай школьніцай звяртаецца да мяне: «Мы ключы забыліся! Не можам у кватэру зайсці. Муж у камандзіроўцы. Дапамажыце ўзламаць дзверы». Доўга не думаючы, бяру з дому манціроўку і выходжу на лесвічную пляцоўку. Спрабую ўзламаць дзверы. На грукат­стукат з’яўляецца сусед Дзіма, які, убачыўшы мяне за працай, забірае манціроўку і пачынае з такім азвярэннем ламаць дзверы, што аж трэскі лятуць ува ўсе бакі. Крыху аддыхаўшыся, лаўлю сябе на пытанні: «Адкуль гэта раптам узялася ў нас новая суседка? Яе пару дзён назад не было! А што, калі гэта нейкая аферыстка? Мы ўзламаем дзверы, а яна вынясе з чужой кватэры ўсё, што зможа...» Уважліва агледзеўшы незнаёмку з галавы да ног, звяртаюся да Дзімы: «Канчай ламаць!» А Дзіма, нібыта мяне не чуе, працягвае штурм кватэры, бо незнаёмка, пачуўшы мяне, сказала: «Чым хутчэй узламаеце, тым больш заплачу!» Кончылася ўсё тым, што я адабраў у Дзімы манціроўку і прапанаваў незнаёмцы выклікаць майстра па ўскрыцці дзвярэй. Майстра прыехаў праз паўгадзіны, а я за гэты час даведаўся, што сапраўды ў нас два дні таму з’явіліся новыя суседзі...

Калі паэт, то сядзі...

4.06.2009. У гэтым годзе Васілю Быкаву было б 85... Успомнілася мая першая сустрэча з вялікім пісьменнікам. Гэта было на святкаванні трыццацігоддзя часопіса «Маладосць» у 1983 годзе. Я тады быў зусім маладым, і мяне рэдакцыя запрасіла выступіць ад імя ўсёй літаратурнай моладзі. Святкаванне праходзіла ў Доме літаратара. Я прыйшоў загадзя і мяне, каб не блытаўся сярод гасцей і наогул каб не ўцёк, Леанід Дайнека адвёў у кабінет літкансультантаў, дзе ўжо сядзеў Васіль Быкаў, якога я адразу пазнаў. Сказаўшы «Добры дзень», я сеў на вольнае крэсла. Васіль Уладзіміравіч, агледзеўшы мяне, грозна запытаўся: «Хто ты такі?!» — «Паэт. Віктар Шніп...» — нясмела адказаў я. «Ну, калі паэт, то сядзі!» — весялей сказаў Васіль Быкаў і пачаў распытвацца, адкуль я, хто мае бацькі, чым займаюся...

* * *

4.06.2009. У мяне ў кабінеце на сцяне партрэты Льва Сапегі і Васіля Цяпінскага. Гляджу на іх, як у вокны, за якімі спыніўся мінулы час, каб напамінаць нам, з чаго пачыналася нашае Сёння...

Жамойцін і Бембель

5.06.2009. Рыхтуем да друку кнігу «Смаргоншчына літаратурная». Сярод аўтараў — Алесь Жамойцін. На сённяшні дзень мала хто яго ведае, і ён зусім не ўспамінаецца ў абоймах творцаў, на якіх «трымаецца зруб сучаснай беларускай літаратуры». А гадоў дваццаць пяць таму пра першую кніжку Алеся пісаў і прарочыў яму вялікую літаратурную будучыню Ніл Гілевіч. Даўным­даўно паэт жыве ў Кушлянах і працуе ў Музеі Францішка Багушэвіча. Для мяне сваім служэннем Беларусі Алесь Жамойцін падобны да Алега Бембеля, які пайшоў у Жыровіцкі манастыр, каб служыць Богу...

Сядзіба Каганца і Апалінэра

6.06.2009. Дзяржынскі раён. Вёска Вялікія Навасёлкі. Сюды мяне з жонкай прывёз сябра Барыс, каб паглядзець на рэшткі палаца, пра які ён вычытаў у кнізе, прысвечанай Мінскай вобласці. Вёска сапраўды вялікая. У ёй шмат дрэў, зелянее старадаўні парк, на ўскрайку якога мы і знайшлі двухпавярховы з чырвонай цэглы палац, у якім замест падлогі крапіва. Па ўсім бачна, што яшчэ гадоў дваццаць таму на ім была страха. І, калі б у Навасёлках было талковае начальства, то не былі б побач збудаваны два шэрыя будынкі, у якіх размясціліся пошта і крама, а ўсё гэта магло быць у палацы. У глыбіні парку захаваўся стары панскі маёнтак, у якім пасля вайны быў дзіцячы дом, а цяпер — бальніца. Выязджаючы з вёскі, каля дарогі сярод дрэў і кустоў заўважылі чорны крыж. На жаль, не спыніліся і не паглядзелі, хто там пахаваны. Ужо ў Мінску нам патэлефанаваў сябра і сказаў, што ў Вялікіх Навасёлках мы бачылі спадчынную сядзібу старадаўняга шляхецкага роду Кастравіцкіх, які даў Беларусі пісьменніка Каруся Каганца, а Францыі — Гіёма Апалінэра…

Ад нас застануцца не нашы пасады

8.06.2009. «Ты харошы паэт. Але ў цябе няма патрэбнай для вялікага паэта біяграфіі...» — кажа мне знаёмы літаратар, які, мяркуючы па тоне размовы, лічыць, што ў яго патрэбная біяграфія ёсць. «І якой жа біяграфіі ў мяне няма?» — цікаўлюся, хоць і ведаю, што суразмоўца мае на ўвазе. «У цябе ўсё добра ў сям’і. Ты не п’янствуеш. Ты спакойны. Ты займаеш пасады. Ты часта друкуешся. Табе ўзнагароды даюць...» — пералічвае літаратар. Я пагаджаюся з ім і маўчу пра тое, што пасля заканчэння архітэктурна­будаўнічага тэхнікума не забраў дакументы, каб не пайсці працаваць. І не пайшоў, а сем гадоў жыў у Мінску без прапіскі, час ад часу па ўжо несапраўдным студэнцкім білеце ўладкоўваючыся грузчыкам на лікёра­гарэлачны завод «Крышталь». Ніколі не быў у камсамоле. Не служыў у войску, бо тры гады не маглі мяне адшукаць, а калі знайшлі, то знайшоўся ў абласным ваенкамаце чалавек, які, запытаўшыся, ці хачу я служыць, і пачуўшы маё «не», сказаў: «Добра. Ідзі пішы вершы...» І я пайшоў далей біць лынды па Мінску і пісаць вершы... І сёння, азіраючыся ў сваё мінулае, я нікому не зычу таго, што мне давялося перажыць з 1978 па 1985 год... І не трэба мне «патрэбнай для вялікага паэта біяграфіі», а тым больш што «ад нас застануцца не нашы пасады...»

Крызіс і перабудова

8.06.2009. Сустрэў пісьменніцу Ніну Загорскую. На яе пытанне пра жыццё адказаў: «Усё было б добра, калі б не сусветны фінансавы крызіс». Ніна Сямёнаўна тут жа сказала: «Гэты крызіс прыдумалі тыя ж людзі, якія ў свой час прыдумалі перабудову...»

У дзяцінстве і цяпер

8.06.2009. З паэтам Глебам Артханавым успамінаем пра дзяцінства. «Яшчэ зусім нядаўна ў Свіслачы можна было купацца...» — кажа мой суразмоўца. А я дадаю: «А цяпер там толькі тонуць...»

Агуркі і яблыкі па пяць капеек

9.06.2009. У выдавецтва тэлефануюць не толькі пішучыя людзі, каб запытацца, калі можна прынесці рукапіс ці «чаму мяне не выдаеце, а друкуеце ўсякіх графаманаў», а часам і чытачы, каб проста пагаварыць. Вось і сёння патэлефанаваў чытач: «Можна з вамі пагаварыць?» — «Можна»,— адказваю я. І чалавек пачынае свой маналог: «Я палкоўнік у адстаўцы. У Мінску жыву дваццаць два гады. Выбар быў, дзе пасля службы застацца: Адэса ці Мінск. Жонка настаяла, каб паехаць жыць у Беларусь, бо ў вас жывуць спакойныя людзі. І я цяпер не шкадую. Пенсія ў мяне 900 тысяч. Суседзі пытаюцца: «За што табе такая пенсія?» За тое, што на месцы не сядзеў, а да пенсіі жыў, куды пашлюць. У маім пяціпавярховым доме ў пад’ездзе працуе толькі адзін мужчына, а ўсе астатнія п’юць. Бяда! Калі я служыў у Адэсе, у мяне быў «Жыгуль». Я на ім па пляжы ездзіў. Следам дзеўкі бегалі. Красата! Жыць тады можна было. Яблыкі і агуркі былі па пяць капеек! Вы памятаеце?» — «Не памятаю...» — адказваю я і кладу трубку…

Фотаздымак Яўгена Крупенькі

9.06.2009. Мне з «ЛіМа» вярнулі пазычаны фотаздымак Яўгена Крупенькі. Імя для творчай моладзі зусім не вядомае. А прайшло ж пасля смерці паэта толькі гадоў пятнаццаць! І дзе сёння тыя ўдзячныя вучні, якія хадзілі да Яўгена Мікалаевіча як да літкансультанта «Чырвонай змены», пры якой працавала літаб’яднанне «Крыніцы»? Няўжо таксама памерлі? Не! Жывуць! Працуюць! Друкуюцца! Кожны думае пра сябе! А быў жа пры жыцці Крупенька не самым апошнім у літаратуры! Ды не адзін Яўген Крупенька амаль забыты! Анатоль Вялюгін, Аляксей Русецкі, Пятрусь Макаль... І ці не такі чакае лёс многіх сённяшніх творцаў, што адзін аднаго запісалі ў класікі?.. «Такі…» — кожны, хто паўторыць гэтае слова, падумае пра іншых і ні ў якім разе пра сябе…

Літво і пітво

10.06.2009. Коэльё, Муракамі, Кундэра... Літаратура для масавага чытача. Віно, шампанскае, гарэлка... Пітво для шумнага застолля. І першае, і другое прыносіць задавальненне. Але хто адважыцца паставіць знак роўнасці паміж літаратурнай творчасцю і пітвом? Відаць, толькі масавы чытач і п’яніцы, якія даўно нічога не чыталі...

Чэрвеньская завея

10.06.2009. Нарэшце цёпла. Навокал — тапалёвы пух, нібыта пачалася чэрвеньская завея. І ў нас на працы на дзявятым паверсе калідор, як дарога, замеценая снегам...

* * *

10.6.2009. Жанчына, якая спазнілася на аэробус, што пацярпеў катастрофу над Атлантыкай у дзень, калі памерла апошняя пасажырка «Тытаніка», сёння загінула ў аўтакатастрофе. Выпадкова, ці гэта затанулы «Тытанік» збірае пасажыраў?

Не шукай...

11.06.2009. У мяне на камп’ютары запісана песня «Не шукай...» у выкананні Данчыка. Калі бывае дрэнны настрой або проста сумна, я слухаю гэтую цудоўную песню: «Не шукай ты мяне каля жытніх палёў, не шукай, не шукай... Калі к сэрцу майму ты дарог не знайшоў, не шукай, не шукай... Не кажы ты мне слоў, што не грэюць цяплом, не кажы, не кажы... Калі сэрца тваё не палае вагнём, не кажы, не кажы...» І я адразу весялею, і мне хочацца жыць, любіць, кахаць, піць віно, спяваць і плакаць...

Не вінаваты я!

12.06.2009. Каля піўбара маладая жанчына гучна адчытвае падпітага мужа: «Апошні раз кажу! Каб болей не піў! І нават каб паху не было!» Мужчына не агрызаецца, а, як малое дзіця, якое толькі што было злоўлена за шкодніцтвам, глядзіць, нервова міргаючы, на жонку. І калі я праходзіў міма, мужчына павярнуў галаву да мяне, і ў яго вачах я прачытаў: «Не вінаваты я!»

* * *

12.06.2009. Не было дажджу. І было дрэнна, што няма дажджу. Цяпер ідзе дождж. І ўжо дрэнна, што ён ідзе. Нам, людзям, не дагодзіш...

Не хвалюйцеся!

15.06.2009. На фестываль песні і паэзіі ў Маладзечна былі запрошаны паэты. Перад тым як накіраваць выступоўцаў у навучальныя ўстановы горада, Міхась Казлоўскі, які курыраваў нас, патэлефанаваў дырэктару адной з навучальных устаноў, каб даведацца, як там падрыхтаваліся да сустрэчы свайго земляка Кастуся Цыбульскага. Дырэктар бадзёра адказаў: «Вы не хвалюйцеся! Мы ведаем, што ў нас будзе выступаць паэт Цыбулькін!»

Паэт і бомба

15.06.2009. Фотакарэспандэнт газеты «Культура» Юрый Іваноў спазніўся на выступленні паэтаў і, каб усё­ткі вярнуцца з фестываля песні і паэзіі дамоў з поўным фотарэпартажам, звярнуўся да мяне з просьбай пайсці з ім на цэнтральную плошчу Маладзечна і папазіраваць. Я не адмовіўся, хоць і быў гатовы ў любы момант згубіцца сярод людзей, якія прыйшлі на свята. Плошча была ачэплена міліцыяй, і прайсці на яе можна было толькі праз спецыяльныя праходы. Фотакарэспандэнт прайшоў без чаргі, а я хвілін дзесяць стаяў. І, калі мяне пачалі абшукваць, перад міліцыянерам з’явіўся Юрый Іваноў і незадаволена сказаў: «Гэта паэт! Навошта вы яго правяраеце?!» Міліцыянер, працягваючы абшукваць мяне, адказаў: «А што, калі гэты паэт з сабой бомбу нясе?..»

Алесь Жук і «Усё забудзецца...»

15.06.2009. Падпісаўшы дамову на выданне кнігі ў серыі «Школьная бібліятэка», да мяне зайшоў павітацца празаік Алесь Жук. Напачатку мы адзін аднаму паскардзіліся на дажджы, а потым я пацікавіўся: «Над чым новым цяпер працуеце?» — «Пішу вольную прозу. Кароткую, бессюжэтную. З сюжэтамі мне стала пісаць нецікава. Пішу пра тое, што мне помніцца. А кніжка будзе называцца: “Усё забудзецца...” — адказаў Алесь Аляксандравіч і, сумна ўсміхнуўшыся, дадаў: — Пішу, і мне цікава, але ці будзе каму цікава напісанае мной, не ведаю...»

Махалёты ў Амерыцы не лётаюць...

15.06.2009. Адчыняюцца дзверы, і ў мой кабінет заходзіць чалавек гадоў шасцідзесяці. Невысокі і вусаты, як я. Нясмела прывітаўшыся, кажа: «Вы, відаць, мяне пазналі?» — «Ага...» — адказваю я і спрабую ўспомніць, калі і з якім творам гэты чалавек прыходзіў да мяне. «Я вам прынёс махалёт»,— узрадавана тлумачыць мужчына прычыну свайго прыходу. «Прыпамінаю...» — кажу я і працягваю слухаць. «Пасля наведвання вас я стаў папулярным. Мне пачалі званіць бізнесмены. Пазваніла двое. Потым усё заглухла, і мной перасталі цікавіцца. У Амерыцы спрабавалі рабіць махалёты па маіх чарцяжах, але яны там чамусьці не лётаюць...» — «У нас грошай няма на ваш махалёт»,— перапыняю аповед канструктара, і ён, падзякаваўшы мне за ўвагу, самотна зачыняе дзверы за сабой...

Рыхтуем да друку

16.06.2009. Рыхтуем да друку «Чужую бацькаўшчыну» Вячаслава Адамчыка. Сёння да мяне прыходзіў Адам Глобус — прынёс ранейшае выданне гэтага рамана, якое вычытваў сам Вячаслаў Уладзіміравіч, для зверкі з новым наборам. Кніжка выйдзе ў наступным месяцы ў серыі «Школьная бібліятэка». Спадзяюся, душа Вячаслава Уладзіміравіча, убачыўшы з неба сваю «Чужую бацькаўшчыну» на паліцах кнігарань, усцешыцца, што я і пра яго не забыўся… Аднак не ўсё ад мяне залежыць...

Вышыванка і Барадулін

17.06.2009. Да мяне ў рэдакцыю зайшоў Алесь Камоцкі. Пагаварыўшы пра сваіх бацькоў, прыгадалі Рыгора Барадуліна. Ён цяпер ва Ушачах. Яму там добра. Гады два таму Рыгор Іванавіч часта гаварыў пра сваю смерць, думаў пра тое, як ён і ў чым будзе ляжаць у труне. Хацелася яму быць у вышыванцы, і Алесь расстараўся, каб Рыгору Іванавічу яе пашылі. Пасля таго, як з’явілася ў Паэта вышыванка, ён перастаў гаварыць пра сваю смерць. «А дзе Рыгор Іванавіч хоча, каб яго пахавалі?» — пытаюся ў Алеся. «Ніякіх варыянтаў. Толькі побач з маці»,— адказвае суразмоўца, і я пагаджаюся з выбарам Паэта і ўспамінаю яго радкі: «Трэба дома бываць часцей! Трэба дома бываць не госцем!..»

Пацюпа і Тарас на Парнасе

17.06.2009. Юрась Пацюпа цяпер у сваіх Азёрах. Піша каментары да «Тараса на Парнасе». Тэлефаную, каб прыспешыць справу, бо час ужо кніжку здаваць у друкарню. Падымае трубку Юрасёва маці, і пакуль яна яго кліча, я ўяўляю Пацюпу, які ў шортах колеру хакі сядзіць у скураным фатэлі за дыхтоўным пісьмовым сталом і п’е каву з каньяком... Крыху ахрыплы голас самога Пацюпы вяртае мяне ў рэальны свет...

* * *

17.06.2009. Язэп Янушкевіч зноў з’ехаў у Польшчу. І цяпер мы не можам з ім скантактавацца, каб зняць пытанні ў яго прадмове да факсімільнага выдання «Дудкі беларускай» Францішка Багушэвіча. Аднак справа на месцы не стаіць, як і не стаяла, калі рыхтавалі двухтомны Збор твораў Дуніна­Марцінкевіча, да якога пісаў каментары Язэп Язэпавіч. Пісаў так доўга, што часам здавалася, нібы піша сам пра свае творы стары Дунін­Марцінкевіч, а Янушкевіч стаіць над яго душой і чакае гатовага матэрыялу...

Рexeso

18.06.2009. Нядаўна выдалі кнігу «Мінск: падарожжа па горадзе», вокладка якой зроблена ў форме гульні, вядомай у Еўропе пад назвай pexeso. Квадраты з карцінкамі­выявамі знакамітых мясцін і асоб, кожная з якіх паўтараецца двойчы, выразаюцца і перамешваюцца. Удзельнікі гульні па чарзе разбіраюць карцінкі і параўноўваюць выявы. Выйграе той, у каго па сканчэнні гульні карцінак з аднолькавымі выявамі назбіраецца больш. Я амаль два тыдні пераадольваў спакусу паспрабаваць самому згуляць ў pexeso і сёння, убачыўшы на стале ў нашага мастака парэзаную вокладку кнігі «Мінск: падарожжа па горадзе» прапанаваў яму згуляць. Згуляў і прайграў. Зайшоўшы да сябе ў кабінет, адчуў жаданне вярнуцца да мастака, каб зноў згуляць і на гэты раз выйграць. Праз паўгадзіны палова выдавецтва гуляла ў pexeso...

Гітара і оперны голас

18.06.2009. Па далькажыку пазваніў мой даўні сябра паэт Павел Дзмітрук. Ужо некалькі гадоў я не чуў яго. Пахваліўшыся жонкамі, пачалі расказваць адзін аднаму пра дзяцей. Паўлава дачка займаецца стварэннем лялек і вельмі паспяхова. А сын наогул вучыцца ў Санкт­Пецярбургу ў кансерваторыі на опернага спевака. Недзе ў дзявятым класе хлопцу захацелася іграць на гітары, і ён папрасіў бацьку купіць яму інструмент за баксаў трыццаць. Павел запытаўся ў сына: «Навошта табе гітара за трыццаць баксаў? Калі купляць, дык хаця б за баксаў трыста. Да ўсяго, калі ў цябе няма слыху, дык наогул ці трэба нешта купляць? Схадзі спачатку на праслухоўванне ў гурток мастацкай самадзейнасці». Хлопец пайшоў і, вярнуўшыся, сказаў, што яго праслухаў выкладчык з нашай кансерваторыі, які кіруе гуртком, і параіў кідаць сваю школу і ехаць у Маладзечна, дзе вучацца таленавітыя дзеці. Аказалася, што ў сына Паўла Дзмітрука голас опернага спевака. І калі б не захацеў хлопец навучыцца іграць на гітары, то ў лепшым выпадку сёння б вучыўся на якім­-небудзь філфаку ці журфаку, а то і наогул служыў бы ў войску і, маршыруючы па пляцы, оперным голасам спяваў: «Не плач дзяўчонка, прайдуць дажджы...»

Вальтэр і Казлоўскі

19.06.2009. У «Кнігазборы» Міхась Казлоўскі выдае Выбраныя творы Віктара Вальтэра, які, нарадзіўшыся ў 1902 годзе, пражыў усяго дваццаць дзевяць гадоў. У кнігу ўвайшлі раман «Роджаныя пад Сатурнам» і аповесць «Аднабочнікі». І гэта не першы літаратар, творы якога Міхась вяртае нам з нябыту. Ён вяртае, а некаторыя таварышы, трымаючы ў руках яго працу, пачынаюць выказваць свае думкі, як гэта можна было б зрабіць лепей, крытыкуюць, і амаль ніхто добрага слова не кажа маладзечанскаму краязнаўцу. Ды яму, па вялікім рахунку, нашых удзячных слоў і не трэба, для яго галоўнае — калі не можаце і не хочаце дапамагчы, дык хоць не перашкаджайце рабіць справу...

Хата без маці

20.06.2009. З братам прыехалі ў свае Пугачы. Дома бацька ўжо амаль чатыры месяцы адзін, пасля таго як захварэла маці, якая цяпер жыве ў нашай сястры. Ідзём праз нудотны дождж з аўтобуснага прыпынку. Нікога знаёмага. І не дзіўна — старыя жыхары выміраюць, а засяляецца нейкая набрыдзь, якая, пажыўшы ў вёсцы пару гадоў, едзе далей шукаць жыццё на дурніцу. Чым бліжэй падыходжу да роднай хаты, тым нясцерпней хочацца плакаць. Але трымаюся. Са мной малодшы брат…

* * *

20.06.2009. З братам капаемся ў градах. Бацька сядзіць на лаўцы каля хаты і назірае за намі. Час ад часу паглядаю на дзверы, бо мне здаецца, што яны вось­вось адчыняцца і выйдзе мама, і скажа: «Пара абедаць…» Але дзверы не адчыняюцца…

Пугачоўскі цырульнік

20.06.2009. Прыехаўшы ў вёску, заўсёды стрыгу і галю бацьку. Бывае такое, што яму і вуха нажніцамі, і шыю брытвай парэжу, а ён сядзіць і трывае. Ды і сёння неяк вытрываў мяне як цырульніка. Праўда, калі мой брат зайшоў у пакой, не змаўчаў: «Вова, садзіся, няхай Віця і цябе паголіць…» Брат, убачыўшы акрываўлены твар бацькі, замахаў рукамі і запытаўся ў мяне: «Няўжо такая брытва вострая?»

Нядзеля

21.06.2009. Раніца. Сонечна. На электрычцы едзем у Фаніпаль да Севы Гарачкі ў госці. Сядзім. У вагоне не шмат людзей… Вечарэе. Дождж. Вяртаемся дамоў. Ледзьве заціснуліся ў электрычку. Стаім. У вагоне палова студэнтаў і п’яных…

Дом і вершы Севы

21.06.2009. Сева Гарачка ўжо некалькі гадоў будуе свой дом. Не хату, а дом. Хата не можа быць двухпавярховай. І мы, прыехаўшы ў госці да Севы, сядзім у доме за сталом, п’ем віно і чытаем вершы. Дакладней, адзін Сева чытае, а мы ўсе слухаем і не слухаем. Жонка Севы паэтка, але ў доме гаспадар Сева, і таму толькі ён чытае нам вершы са школьных сшыткаў у лінейку. На вуліцы ідзе дождж, а нам добра, бо Сева чытае вершы ў сваім доме…

Чакаем восені…

21.06.2009. Сева Гарачка паказвае гасцям сваё багацце і расказвае пра сабаку, ката, папугая, хамяка, чарапаху, індыкачак. У агародзе расце чатыры градкі бульбы, градка агуркоў, буракоў і яшчэ шмат чаго, і вельмі шмат кветак і нятоптанай травы. Гэтай восенню Сева збіраецца стварыць на сваіх сотках невялічкі парк, дзе кожнае дрэва будзе пасаджана пісьменнікамі, якіх ён запросіць у госці. Абяцае да кожнага дрэва пачапіць шыльдачку з нержавейкі з прозвішчам таго, хто садзіў. Словам, чакаем восені…

Загадка Васіля Сахарчука

22.06.2009. Сярод патрэбных папер на маім стале ляжыць кніга Васіля Сахарчука «Мой вечны бор», якая ў 2004 годзе стала маёй першай рэдактарскай працай у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Я час ад часу бяру яе ў рукі і перачытваю творы, спрабуючы разгадаць прычыны самагубства цудоўнага паэта. З Васілём я пазнаёміўся ў 1981 годзе ў Доме творчасці «Каралішчавічы» на семінары маладых літаратараў Беларусі. Напачатку некалькі гадоў перапісваліся, а потым, калі Васіль прыязджаў у Мінск, сустракаліся ў «ЛіМе», дзе я працаваў. Ужо сёмы год, як паэт па сваёй волі сышоў у іншы свет, напісаўшы незадоўга перад гэтым ад імя паэта Васіля Гадулькі «Споведзь самотніка», у якой ёсць радкі: «І я лячу над роднаю зямлёю, над роднай хатай зоркаю свячу, і разумею ўсіх, хто быў са мною, але да іх вяртацца не хачу». Па сутнасці, гэта ён напісаў, думаючы пра самога сябе. І чым больш учытваюся ў вершы Сахарчука, тым больш адчуваю холад адзіноты, у якім ён апошнія гады жыў, саграючыся чаканнем выхаду кнігі «Мой вечны бор». Але, на жаль, так і не дачакаўся. І, відаць, Васіль Сахарчук, даючы назву кнізе «Мой вечны бор», думаў не пра звычайны лес, а пра тыя крыжы на могілках, дзе яму вечна ляжаць. А значыць, ён рыхтаваўся да свайго сыходу. І хто мог яго стрымаць? Жонка? Сябры? Выхад кнігі? Не ведаю... Але дакладна ведаю, што паэтам у гэтым свеце сапраўды бывае настолькі цяжка жыць, што яны аднойчы канчаткова вырашаюць сысці ў свой вечны бор, у якім няма ні зайздрасці, ні спрэчак, ні звадак, бо ўсе мы ляцім да зор...

Загадка Алеся Асташонка

23.06.2009. 1 чэрвеня было б 55 гадоў празаіку Алесю Асташонку, калі б ён 6 верасня 2004 года па ўласнай (а можа і не) ахвоце не пайшоў з жыцця. Апошніх гадоў восем ён жыў ва Украіне, хаваючыся (а хавацца было трэба) ад людзей, якія абяцалі яго знайсці і адправіць на той свет. Час ад часу ад Асташонка ў Мінск сябрам прыходзілі лісты з урыўкамі ягоных перакладаў. Пісаў зрэдку Алесь і мне. У лістах ён не даваў амаль ніякіх звестак пра сваё жыццё­быццё, але затое заўсёды на некалькіх старонках былі спісы твораў, якія ён напісаў і пераклаў, і якія мяркуе перакласці або напісаць. І сёння, узгадваючы Алеся Асташонка, я не магу не задацца пытаннем: «А дзе тое ўсё, што Алесь стварыў у замежжы?», бо, думаю, хоць Алесь і вярнуўся ў Беларусь жменяй попелу, але гэта быў толькі яго попел, а не ягоных рукапісаў...

Чалавек з бомбай

23.06.2009. Рэзка адчыняюцца дзверы, і ў мой кабінет заходзіць мужчына, які адразу ад парога заяўляе: «Я вам прынёс бомбу!» Я спалохана гляджу на наведвальніка і прапаную сесці. Ён садзіцца насупраць і падае мне загорнутую ў белую паперу тоўстую ў сіняй вокладцы самвыдатаўскую кнігу. «А дзе бомба?» — пытаюся. «А вось гэта і ёсць бомба!» — адказвае мужчына і пачынае расказваць пра сябе: «Я працаваў у прамысловым аддзеле ЦК партыі. Цяпер на пенсіі, а рабіць жа нешта трэба, і я вось напісаў паэму. Выдайце!» Пагартаўшы кнігу, я заўважыў, што наведвальнік зарыфмаваў­раскрытыкаваў гісторыю Расіі за апошнія дваццаць гадоў. «І што гэтым вы хочаце сказаць?» — пытаюся ў мужчыны. «Я сам з Валгаграда. У нас не хочуць мяне друкаваць. Надрукуйце вы! І вам будзе слава, а мне грошы!» — кажа наведвальнік, а я, яшчэ крыху пагартаўшы, аддаю кнігу назад са словамі: «Хавайце сваю бомбу, а то яна яшчэ чаго добрага наша выдавецтва падарве...»

Жыў на Вілейшчыне...

24.06.2009. На Вілейшчыне жыў і працаваў настаўнікам паэт Уладзімір Дубовік. На пачатку 80­х гадоў у яго выйшла першая кніга. Потым другая. Мяне разам з ім разглядалі на секцыі паэзіі наконт прыёму ў СПБ. Я прайшоў, а Уладзіміра завалілі. Пасля гэтага ён стаў рэдка друкавацца і яшчэ радзей з’яўляцца ў сталіцы, а потым і зусім знік. Неяк, выступаючы ў адной з бібліятэк Вілейшчыны, я пацікавіўся іх земляком Уладзімірам Дубовікам. Мне расказалі, што Уладзімір, аднойчы ідучы з электрычкі, трапіў пад вялікі дождж, прамок і, прастыўшы, праз некаторы час памёр... І няма Уладзіміра Дубовіка ні ў энцыклапедыях, ні ў літаратуразнаўчых пераліках тых, хто жыў і працаваў у 80­я гады мінулага стагоддзя. Колькі паэтаў з падобным лёсам на нашай зямлі! А колькі іх яшчэ будзе! І не заўсёды знойдзецца хто­-небудзь, каб сабраць і выдаць усё тое, што напісаў забыты паэт...

Цялега

24.06.2009. Успомнілася. Працую ў «ЛіМе». Тэлефонны званок: «Прывітанне. Гэта я, Цялега. Віцёк, можна я табе вершаў сваіх прышлю?» — «Прысылай...» — паспяваю сказаць, бо сувязь перарываецца, пасля чаго я доўга ўспамінаю, хто такі Цялега, і не магу ўспомніць. Недзе праз год у рэдакцыю прыходзіць Анатоль Шушко і прыводзіць свайго аднакурсніка па філфаку Цялегу. Мы знаёмімся, і Цялега абяцае праз тыдзень выслаць вершы. Праходзіць тыдзень, месяц, год, пяць, а вершаў усё няма, і тут я выпадкова на вакзале сустракаюся з Шушко, які праз слёзы паведамляе, што едзе на пахаванне Цялегі, які, пасварыўшыся з жонкай, павесіўся...

Сыс і танцы

24.06.2009. Неяк у канцы 80­х з Іванам Рубіным і Анатолем Шушко трапіў у госці да Анатоля Сыса, які жыў у інтэрнаце Белтэлерадыёкампаніі. Спачатку пілі віно і чыталі вершы, потым спрачаліся, спявалі, пілі віно і чыталі вершы, а потым пілі віно і паціху па адным на сваіх месцах каля стала засыналі. Толькі я паспеў заснуць, як пачуўся крык Сыса: «Пад’ём! Пачалася дыскатэка! Усе ідзём на танцы!» Сыс быў у адных трусах і, убачыўшы, што я прачынаюся, яшчэ гучней закрычаў: «Паэты! Шашкі на гала! За мной!» — і, скідаючы на хаду трусы, выбег з пакоя. Я, праўда, не распранаючыся, але босы, папёр за Сысом, а Рубін і Шушко, нешта прабубнеўшы нам услед, працягнулі спаць. З танцаў я ўцёк праз хвілін пяць. Хутка вярнуўся і голы Сыс, які ці то нам, ці тым, хто застаўся на танцах, пракрычаў: «Вы ўсе пралятаеце!» — і паваліўся на свой ложак...

Крылатыя грошы

25.06.2009. Напачатку года Людміла Васільеўна Несцяровіч арганізавала мне і Людміле Рублеўскай сустрэчу з чытачамі ў Сувораўскім вучылішчы. Як звычайна, мы ўзялі кніжак для продажу, і Несцяровіч удалося прадаць іх на 78 тысяч. Пасля імпрэзы на аўтобусным прыпынку, два разы пералічыўшы, Людміла Васільеўна пачала аддаваць мне грошы. Спачатку дала тры тысячы па тысячы, потым дваццаць пяць па пяць і нарэшце пяцьдзясят. Я не паспеў узяць апошнюю купюру, як наляцеў вецер і вырваў яе з рук у Несцяровіч. Пяцьдзясятка ўзляцела над аўтобусным прыпынкам, потым паляцела над вуліцай, уздымаючыся вышэй і вышэй, і праз пару хвілін знікла ў вячэрнім небе над Траецкім прадмесцем. А тут якраз прыйшоў патрэбны аўтобус, і я з Рублеўскай, хуценька зайшлі ў яго. Праз некалькі прыпынкаў мы гучна засмяяліся — у маіх руках была сумка Людмілы Васільеўны з яе рэчамі...

Зьніч і рабы божыя

25.06.2009. Гартаючы кніжыцу Зьніча «За мурам», успомніў, як у канцы дзевяностых гадоў я з Алесем Разанавым і Леанідам Галубовічам у рэдакцыі «ЛіМа» чакалі паэта з Жыровіцкага манастыра. Чакалі доўга. Зьніч з’явіўся ў канцы працоўнага дня, як святло ў канцы тунэля. Не ведаю, што адчувалі Алесь з Леанідам, а мне было неяк нязвыкла глядзець на даўно знаёмага паэта ў манастырскай апратцы, з якім яшчэ некалькі гадоў таму ў майстэрні яго бацькі, скульптара Андрэя Бембеля, пілі віно і чыталі багахульскія вершы. Пры развітанні мы кланяліся Зьнічу, а ён, гледзячы на нас, як на сапраўдных рабоў Божых, бласлаўляў...

Край свету

27.06.2009. Калі б я цяпер быў у вёсцы, то сядзеў бы на беразе сажалкі і лавіў рыбу. Над вадой ляталі б ластаўкі, у траве поўзалі б мурашкі, і кусалі б мяне камары, і не лавілася б рыба. Але я цяпер сяджу ў гарадской кватэры і зрэдку выходжу на балкон, нібыта на край свайго свету…

Кропля і слова

30.06.2009. Зайшоў да мяне ў кабінет Віктар Гардзей і аддаў першы том Выбраных твораў Вячаслава Адамчыка, па якім падрыхтавана кніга «Чужая бацькаўшчына», што хутка выйдзе ў серыі «Школьная бібліятэка». Разгортваю кнігу і бачу напісанае: «Сыну Уладзіміру — бацька. Як кропля вады жывіць зялёны ліст, так слова жывіць чалавечую душу. Але ж якою шкоднаю бывае паводка. Не менш шкодны і слоўны вадаспад. Як знайсці тую меру слоў, што не тапілі б, а жывілі б чалавечую душу? Серада, 5 ліпеня 1995 года. Вяч. Адамчык». Дык вось чаму Адам Глобус піша хоку і іншыя творы, кароткія па форме!..

Куры без маці

30.06.2009. Яшчэ тыдзень таму ў вёсцы ў бацькі было дванаццаць курэй. На мінулыя выхадныя налічылі ўсяго толькі чатыры. Дзе астатнія падзеліся? Коршак палавіў? Суседзі пакралі? Бацька не ведае. Калі мама жыла ў вёсцы, то такога ніколі не здаралася...

Усе чакаюць

30.06.2009. Увесь час усе нечага чакаюць... І мала хто сёння ў гэты момант чакае сваёй смерці. Нічога ў гэтым дзіўнага няма. Але ўсе, хто прачытае гэтыя радкі, успомняць тое, чаго чакаюць, бо чакаюць нечага ўсе...

ЛІПЕНЬ

* * *

2.07.2009. У час абеду выйшаў у краму. Набраўшы ежы на тысяч дзесяць, стаю ў чарзе. Перада мной хлопец купляе бутэльку піва і пачку гандонаў. Нядрэнны ў чалавека будзе абед!

Ліпскі і Купала

7.07.2009. Сёння Купалле. Цвіце ліпа. Тэлефануе Ліпскі і пытаецца пра кнігу, прысвечаную Купалу, якую ён падрыхтаваў для нашага выдавецтва. Кажу як ёсць: «Кніга на афармленні ў мастакоў. Цяпер яе выхад залежыць толькі ад іх». Ліпскі дзякуе за інфармацыю і дадае: «Я жыву блізка каля музея Купалы. Часта прыходжу ў сквер да помніка і, стоячы перад Купалам, думаю: «Якія мы маленькія перад ім!»

Рунь і каласочкі

8.07.2009. Вярнуўся з прэзентацыі кнігі маіх землякоў «Нашчадкі» (Сучасная паэзія Валожыншчыны), што выйшла ў выдавецтве «Чатыры чвэрці». Імпрэза праходзіла ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры. Людзей сабралася нямала. Усе хто хацеў, хораша выступілі. Найбольш запомніліся словы Аляксандра Кулака, які, гаворачы пра кіраўніка літаб’яднання «Рунь» Валянціну Гіруць­Русакевіч, сказаў: «Яна збірае нас, як каласочкі пасля камбайна…»

Мы ж не дзеўкі, але…

12.07.2009. З сынам сябра ідзём з лецішча ў Дзяржынск на маршрутку. Прайшлі недзе кіламетр, а наперадзе яшчэ кіламетры тры. Дождж збіраецца, і хоць бы якая машына дагнала. І раптам бачым — едзе! Сышлі з асфальту на ўзбочыну ў мокрую траву. Алесь глядзіць на мяне так, нібыта просіць: «Дзядзька! Галасуй, каб падвезлі!» — «Мы ж не дзеўкі! Нас ніхто не падвязе!» — кажу і позіркам праводжу машыну, якая, праехаўшы паперадзе нас метраў пятнаццаць, спынілася. Мы, не верачы сваім вачам, няспешна ідзём да машыны. За рулём маладая, прыгожая жанчына. Праз дзесяць хвілін мы былі ў Дзяржынску. Вось табе і «мы ж не дзеўкі»…

Ёсць фільмы…

14.07.2009. Ёсць фільмы, і даволі для мяне класныя, якія адзін раз паглядзеўшы, баюся другі раз глядзець. Сёння пачаўся серыял «Майстар і Маргарыта». Гартаючы каналы, натрапіў на яго кадры і хуценька пераключыўся. Не магу глядзець! А чаму — і сам не ведаю. Праўда, думаючы пра нежаданне бачыць раней гледжаны фільм, чамусьці ўспомнілася выказванне: «У адну і тую ж раку нельга ўвайсці двойчы»…

Кніга з «Куфэрка Віленшчыны»

16.07.2009. Пра тое, што ў «Кнігазборы» павінен выйсці томік Віктара Вальтэра (1902 — 1931) «Выбраныя творы», я ўжо раней пісаў. А сёння Міхась Казлоўскі, дзякуючы якому стала магчымым выданне гэтай патрэбнай кнігі, падарыў мне яе. Радасна, бо з небыцця вяртаецца яшчэ адно імя багдановічаўскага лёсу. Разгортваю кнігу і чытаю: «Бібліятэчка альманаха «Куфэрак Вілейшчыны». №13». Вось табе і на! Адразу напароўся на памылку, бо правільна: «Куфэрак Віленшчыны»! Пішу пра гэтую недарэчнасць не таму, што вось я такі ўважлівы, а таму, каб ведалі, што кніга Віктара Вальтэра папоўніла «Куфэрак Віленшчыны», багацце для якога, хутка ўжо дзесяць гадоў, збірае мой сябра і зямляк Міхась Казлоўскі. Нізкі яму паклон.

Мы ўсе разумныя…

16.07.2009. Мы ўсе разумныя, калі думаем пра чужыя ўчынкі, якія ў нас саміх не выклікаюць захаплення, і таму мы часцей гаворым: «Я б так не рабіў!», чым: «Малайчына! І я б так зрабіў!» А найбольш мы ўсе разумныя нічога не рабіць, а толькі назіраць… Мы ўсе разумныя… А хто ж тады дурань? Той, хто працуе?

Сярэдзіна лета

17.07.2009. Учора жонка коратка падстрыгла мяне. Сёння апрануў ільняную кашулю без каўняра. Паглядзеў у люстэрка. «Вязень падрыхтаваны да гільяціны»,— самі па сабе вырваліся з маіх вуснаў словы.

Айсберг

17.07.2009. Чалавечае жыццё — гэта айсберг у акіяне вечнасці, дзе сам чалавек — гэта тыя дзесяць працэнтаў айсберга, якія заўсёды пад сонцам часу...

Мама і тата

19.07.2009. На лавачках каля пад’ездаў цэлымі днямі сядзяць бабулі, як кантралёры на прахадной у інтэрнаце. Выйшаўшы на балкон, можна пачуць, пра што яны гавораць. І вось сёння я стаў слухачом адной гісторыі, якую расказала сваім сяброўкам бабуля з суседняга пад’езда: «Гэта было даўно. Я тады з сям’ёй жыла ў рабочым інтэрнаце. Зіма. На вуліцы лютаўскі мароз. Муж суседкі панёс смецце выкідаць. Выкінуў і, каб высыпалася апошняя паперчына, якая прыклеілася да дна, ён пастукаў вядром аб кантэйнер, у якім пасля яго стуку зашавялілася смецце. Мужчына яшчэ раз пастукаў, і ў смецці пачуўся слабы піск. «Відаць, нехта кацянё выкінуў»,— падумаў сусед і пачаў разграбаць паперы. Аж раптам бачыць: у брудных анучах загорнута дзіця. Прынёсшы малое дамоў, сусед зайшоў да нас: «Хадзіце паглядзіце! Жонка мая сына нарадзіла, а я дзяўчынку для яго прынёс!» Калі мы цалкам разгарнулі анучы, то ўбачылі хлопчыка. У суседзяў быў такі ж малы. І яны нікуды знайдыша не здалі, а гадавалі хлопчыкаў разам, гаворачы, што яны блізняты. Сапраўдная ж маці знайдыша жыла ў суседнім пад’ездзе і ніколі, пакуль малы рос, не падышла да яго на вуліцы. Знайдыш закончыў на выдатна школу, потым інстытут і стаў хутка зарабляць добрыя грошы і дапамагаць прыёмным бацькам. І тут ягоная маці, калі яе можна так назваць, падала ў суд на людзей, якія выгадавалі яе сына, патрабуючы, каб ёй вярнулі дзіця, якое яны ў яе скралі. Адбыўся суд. Але жанчына, якая выкінула ў сметніцу свайго малога, нічога не дамаглася. І сёння той хлопец жыве. У яго ёсць свая сям’я, і людзей, якія яго выгадавалі, ён называе мамай і татам…»

Святар і паэт

22.07.2009. Патэлефанаваў Міхась Казлоўскі. Ён, вычытаўшы ў «Маладзечанскай газеце» невялічкую інфармацыю, у якой гаварылася, што ў Дубраўскай царкве бацюшка Іван Крупко правёў службу «За Беларусь і беларускі народ», адшукаў тэлефон майго земляка­патрыёта. Бацюшка аказаўся не толькі свядомым беларусам, але і паэтам. Цяпер Міхась рупіцца, як дапамагчы Івану Крупко выдаць кніжку. А вершы святара сапраўды вартыя чытацкай увагі…

Благаславіце душу паэта…

23.07.2009. У ноч з 13 на 14 лістапада 2008 года Віктару Праўдзіну прысніўся сон, у якім ён ішоў у холдынг «ЛіМ» і сустрэў Алеся Пісьмянкова, які яшчэ на пачатку 2004 года памёр. «Алесь, куды ідзеш?» — запытаўся ў яго Віктар. «Іду на працу».— «А дзе ты працуеш?» Алесь не адказаў, а папрасіў дапісаць верш, які ён не можа ніяк закончыць. «Я не магу дапісаць, бо я ж празаік!» — сказаў Праўдзін. «Добра. Тады перадай Шніпу, няхай ён дапіша!» — папрасіў Пісьмянкоў і, зачытаўшы свой твор, знік у дзвярах холдынга. Прачнуўшыся, Праўдзін успомніў толькі два радкі: «Благаславіце душу паэта. Благаслаўляйце нас кожны дзень!» У гэты дзень памерлі Генадзь Кісялёў і Аляксандр Дракахруст. А я пакуль што не выканаў просьбу Алеся Пісьмянкова…

Яшчэ адзін дзень…

25.07.2009. Яшчэ адзін дзень прайшоў праз мяне. І ў маёй душы засталося неба ў аблоках, кроплі дажджу, першае пажаўцелае лісце, галасы людзей, гул машын і сто гадоў самоты…

Вялікія Крывічы

30.07.2009. Дзякуючы сябрам, еду на родную Валожыншчыну. Мінаем Русакі. Пасля ўказальніка «Вялікія Крывічы» праз кіламетры два канчаецца асфальт і пачынаецца брукаванка. Па гэтай вясковай дарозе сярод ярка пафарбаваных хат пад’язджаем да царквы, насупраць якой праз дарогу могілкі. Мая душа цягнецца да крыжоў, пад якімі ляжаць мае бабуля Ганна (08.1892—01.1989), дзед Міхась (Жыў 53 г. Забіты 14 верасня 1943 г.) і дзядзька Ваня (19.01.1926—29.01.1996). І ўсё ж іду напачатку разам з усімі да царквы. На жаль, на замку. Агледзеўшы Храм, доўга блукаем сярод магіл. Знаходжу магілу свайго школьнага прыяцеля Мікалая Мікалаевіча Салаўя (Жыў 19 г. Памёр 5.05.1979 у час тэрміновай службы). Ён і я былі закаханыя ў адну дзяўчыну… Побач з магілай Мікалая свежы грудок яго маці (Салавей Надзея Аляксандраўна. 10.05.1922—8.01.2008)…

Лягезы

30.07.2009. Наведаўшы могілкі ў Вялікіх Крывічах, заехаліся ў Лягезы. Тут я з васьмі месяцаў да сямі гадоў гадаваўся ў бабулі Ганны і маіх дзядзькоў і цётак. Раней у вёсцы было людна. Цяпер засталося пяць чалавек, адна карова і адзін конь. Якраз дома былі дзядзька Віця і цётка Стася з пяцігадовай праўнучкай. Сабака, зазвінеўшы ланцугом, выбег нам насустрач, але не забрахаў, нібыта пазнаў гасцей. Каля хаты чыста і ўтульна, а за плотам — трава ў чалавечы рост. Пастаяў каля ліпы, якой гадоў дзвесце. Паглядзеў у калодзеж, нібыта хацеў убачыць сябе малога і, не ўбачыўшы, пасядзеў, як дзед, на ганку. Нас клікалі за стол, але мы адмовіліся, бо, выязджаючы з Мінску, не планавалі заязджацца ў Лягезы. Сфатаграфаваўшыся на памяць, паехалі ў Пугачы да бацькі…

Сяргей Новік­Пяюн і нож у сэрцы

31.07.2009. Сяргей Новік­Пяюн (27.08.1906 — 26.08.1994). Апошніх пяць гадоў яго жыцця мы былі суседзямі. Ён жыў на вуліцы Купрыянава ў доме № 9 на другім паверсе ў аднапакаёвай кватэры, палову якой займалі скрынкі, напоўненыя рукапісамі, выразкамі, малюнкамі дзяцей, што прыходзілі да яго. А да яго хадзілі многія. Ён любіў гасцей. І ягоная кватэра была своеасаблівым культурным цэнтрам, дзе часта сустракалася беларуская інтэлігенцыя і радавалася, што Беларусь стала незалежнай краінай. А як сам радаваўся Сяргей Міхайлавіч! І колькі разоў мне давялося слухаць знакамітыя «Зорачкі» ў аўтарскім выкананні! І цяпер часам, гуляючы па вуліцы Купрыянава, спыняюся каля дома Новіка­Пяюна і ўспамінаю тыя часы, калі мы сябравалі. А помніцца вельмі шмат, бо не было тыдня, каб я з жонкай не завітваў да яго. Сёння чамусьці ўспомніўся званок Сяргея Міхайлавіча: «Тэрмінова хадзіце да мяне! Ратуйце! Мне загналі нож прама ў сэрца!» Пачуўшы такое, я кінуў тэлефонную трубку і, на хаду апранаючыся, пабег да паэта. Дзверы былі не замкнутыя. Забягаю ў кватэру. У вітальні крыві няма. Заглядаю ў пакой. Чыста, а гаспадар ляжыць у ложку і праз слёзы ў вачах глядзіць на мяне. Я пытаюся: «Міліцыю выклікалі?», а Сяргей Міхайлавіч, сумна ўздыхаючы, адказвае: «Ніякая міліцыя, ніякія дактары мне ўжо не дапамогуць!» — «А дзе нож?» — пытаюся я, азіраючыся. Праз некаторы час, супакоіўшыся, Сяргей Міхайлавіч расказаў мне, што дзяўчына, якая ўжо гадоў пятнаццаць прыходзіць да яго, для якой ён піша вершы і наогул жыве, колькі месяцаў таму выйшла замуж, і пра гэта ён сёння даведаўся. І я ўсё зразумеў…

ЖНІВЕНЬ

Апошнія дні адпачынку

8.08.2009. Раніца. Выходжу на балкон і гляджу ў неба. А там ніводнай хмурынкі і ластаўкі лётаюць. Чамусьці здалося, што я ў Адэсе, у якой ніколі не быў…

Бульба і Барадулін

8.08.2009. Скрабу маладую бульбу. І раптам узгадалася вельмі даўняе. Мне было дваццаць і я амаль кожны тыдзень хадзіў у госці да Рыгора Барадуліна. У школьным сшытку за дзве капейкі прыносіў яму свае новыя вершы. Мяне заўсёды кармілі. Рыгор Іванавіч прапаноўваў выпіць, але я адмаўляўся, і мы сядзелі на кухні і гаварылі. Часта Барадулін хацеў паглядзець, як я абіраю бульбу, і нават хацеў паспаборнічаць, у каго лупіна будзе танчэйшай і даўжэйшай. На спаборніцтва з Рыгорам Іванавічам я так і не адважыўся. І цяпер вось, скрабучы бульбу, узгадваю тыя памятныя і дарагія майму сэрцу сустрэчы з Паэтам і ў думках дзякую яму…

Канчаецца…

8.08.2009. З неба асыпаюцца зоркі… З дрэў асыпаецца лісце… З людзей выпадаюць зубы і вылазяць валасы… Неба і дрэвы — гэта паэтычна. Людзі — гэта практычна. Ад людзей стамляешся. Неба і дрэвы супакойваюць. Канчаецца дзень. Канчаецца ноч. Канчаецца адпачынак. Ізноў ты п’еш гарбату і збіраешся на працу, каб не бачыць ні зорак, ні прыгажосці ў ападаючым лісці, а каб стамляцца ад людзей, у якіх выпадаюць зубы і валасы…

Каб не вяртацца

8.08.2009. Сяджу дома. Ды і не хочацца нікуды ісці! І гэта не проста лянуюся, а не хачу ісці, бо трэба будзе вяртацца…

Што сёння патрэбна?

8.08.2009. Сёння патрэбны кароткія творы, як кароткія спаднічкі ў жанчын, бо лета ж!

* * *

10.08.2009. Першы дзень на працы пасля адпачынку. Адпачынак праляцеў так хутка, што павукі не паспелі развесіць на маім стале паміж рукапісамі павуцінне, каб злавіць муху, якая засталася жыць без мяне ў маім кабінеце...

* * *

19.08.2009. Раптам захацелася ў Варшаву, у якой я ніколі яшчэ не быў. У Варшаву не сённяшнюю, а сярэдзіны дзевятнаццатага стагоддзя. Разумею, што такое падарожжа немагчымае, але… Расплюшчваю вочы і бачу за вакном чатырохпавярховую хрушчоўку і каля пад’езда адзінокую бабульку, у якой, відаць, таксама ёсць свае мроі. І, магчыма, яна ўжо была ў той Варшаве, у якой мне ніколі не быць…

Казашка Баха і піва