5. «Беларусы»
5. «Беларусы»
«Беларусы» — гэта абшырная трытомная манаграфічная праца Карскага пра беларускі народ, у якой ён намежыў падсумаваць і абагульніць усё сабранае і сказанае й ім самым, і іншымі ў галіне беларускае мовы, народнага творства й літаратуры. Манумэнтальная гэтая праца падзеленая на тры тамы, II і III зь якіх мае яшчэ па 3 кнігі. Разам уся манаграфія складаецца з 7-мі вялікіх кнігаў, што разам абыймаюць 3000 бачынаў друку. Першы том задуманы як агульны, уводны. Другі том адведзены апісаньню беларускай мовы. У трэцім нарыс беларускае народнае творчасьці ды гісторыі старое й новае беларускае літаратуры.
«Беларусаў» сваіх Карскі пісаў і выдаваў на працягу 20-ці гадоў. Першы том паявіўся ў 1903 г., апошняя кніга трэцяга тому выйшла ў 1922 годзе. Паколькі гэта найважнейшы і найбольш цэнны твор з усяе навуковае спадчыны Карскага, галоўная мэта й плод прац усяго ягонага жыцьця, дык разгледзім паасобныя яго тамы й кнігі.