3. Працы з гісторыі беларускае літаратуры

3. Працы з гісторыі беларускае літаратуры

У галіне гісторыі беларускае літаратуры Карскім было апублікавана пара дзесяткоў асобных працаў і артыкулаў. Бальшыня іх друкавалася ў беларускім перакладзе ў беларускіх пэрыядычных выданьнях 1919–1920 гадоў у Менску, галоўна ў часапісах «Беларусь» дый «Звон». Гэта найчасьцей нарысы з паасобных разьдзелаў другой і трэцяй кнігаў III тому «Беларусаў», што Карскім былі ўжо напісаныя, але яшчэ чакалі на магчымасьці друку.

Іншых паважнейшых працаў, друкаваных раней з гісторыі беларускае літаратуры, у Карскага было няшмат. Адцеміць тутка трэба працы аб паэмах «Энэіда навыварат» дый «Тарас на Парнасе», нарыс аб сказаньні аб Сывільлі-прарочыцы дый яшчэ колькі. У галіне старое беларускае літаратуры свае апісаньні памятак пісьменнасьці гэтае пары Карскі звычайна даваў пры разглядзе іхнае мовы, паколькі з моўнага гледзішча ён найперш імі і цікавіўся. Такія апісаньні літаратурна-гістарычнага характеру знойдзем у працах Карскага аб літоўскіх летапісах, перакладных аповесьцях, псалтырох, царкоўна-рэлігійнай літаратуры і г.д.

Свае закончаныя поўныя нарысы гісторыі старое і новае беларускае літаратуры Карскі даў у 2-ой і 3-яй кнігах III тому «Беларусаў». Пры разглядзе гэтага тому пра іх будзе тутка і гутарка.