2011

2011

СТУДЗЕНЬ

Бадлер і Цяслёнак

12.01.2011. Працягваю купляць альбомную серыю «Великие художники». Учора займеў Анры Маціса. У тэксце пра мастака напаткаў чутае ад старога, у якога я кватараваў у 80­я гады:

Голубка моя,

Умчимся в края,

Где все, как и ты, совершенство,

И будем мы там

Делить пополам

И жизнь, и любовь, и блаженство…

Толькі цяпер даведаўся, што гэты верш напісаны Шарлем Бадлерам і перакладзены Дзмітрыем Меражкоўскім. А колькі яшчэ цудоўных вершаў, якіх не было ў тагачасных кніжках, я пачуў ад старога! Словам, не проста дзіваком, як здавалася мне тады, жыў Мацвей Сцяпанавіч Цяслёнак, які пасля вайны быў арыштаваны і сасланы ў Сібір на залатыя прыіскі…

Гняздо

16.01.2011. Мне пяць гадоў. Раніца. Басанож іду па пыльнай дарозе з Лягез. Пыл цёплы, як падлога ў хаце каля адчыненай печкі, у якой на вуглях варыцца ў гаршку груца з мясам. Раптам з высокай прыдарожнай травы ўзлятае птушка. І там, адкуль птушка ўзляцела, я ўпершыню ў сваім жыцці знаходжу гняздо з жоўтадзюбымі птушанятамі. Спрабую пагладзіць іх, але яны нечакана і балюча дзяўбуць мае пальцы, і я, спалохаўшыся, уцякаю дахаты. Заўтра зноў іду да гнязда, каб птушанятам даць хлеба. Хаджу доўга каля дарогі, але гнязда так і не знаходжу…

Стрыжка

16.01.2011. У дзяцінстве, калі мяне стрыглі, заўсёды плакаў. Плакаў без істэрыкі. Проста слёзы каціліся з вачэй. Паехаўшы на вучобу ў Мінск, хадзіў з доўгімі валасамі і, калі што, сам іх абразаў. І вось ужо больш дваццаці гадоў мяне стрыжэ мая Людміла. Цяпер у час стрыжкі я смяюся…

Людзі размнажаюцца…

17.01.2011. Па радыё перадалі, што ў 2080 годзе на нашай планеце будзе жыць 15 мільярдаў чалавек. Адным словам, Зямля ператворыцца ў суцэльны Кітай…

Аня

18.01.2011. Сёння маёй стрыечнай сястры Ані 50 гадоў. Яна нарадзілася ў вёсцы Крапіўнікі, якая ў метрах пяцістах праз рэчку Яршоўка ад Лягез, у якіх я да школы гадаваўся ў бабулі Ганны. Амаль кожны дзень хадзіў да сястры гуляць у лялькі. Шмат што помніцца з таго часу, але больш забылася. Памятаю, як мяне пакінулі дома дзядзька Ваня з цёткай Аляй глядзець за куранятамі. Глядзеў доўга, а потым пайшоў у Крапіўнікі гуляць. Вярнуўся позна. А дома мяне ўжо даўно чакала дзяга. Не ведаю, як гэта атрымалася, але, калі мяне не было, паваліліся вароты на куранят, і ўсе яны разам з квактухай загінулі. Пасля гэтага я не пайшоў да сястры ў госці, хоць мяне адпускалі з дому. Недзе праз тыдзень Аня прыйшла да мяне сама…

Цётка Манька

18.01.2011. Анінай маме, маёй цётцы Маньцы ўжо 93 гады. Цяпер яна ў Крапіўніках у старэйшай дачкі Валькі. Са здароўем кепска, але цётка трымаецца. Пахаваўшы ў маладосці аднаго мужа і застаўшыся з малымі дзецьмі, выйшла другі раз замуж. Шчасце зноў было нядоўгім. І потым цётка Манька сама касіла і жала, дровы секла і дзяцей гадавала. І дзеці выраслі добрыя, бо, каб не добрыя дзеці, ці было б сёння цётцы Маньцы 93 гады…

У гасцях…

19.01.2011. Быў у дзіцячым доме № 5. Трапіў туды з Інай Фраловай, у якой там працуе былая аднакурсніца па ўніверсітэце. Дзецям мы прывезлі ў падарунак кучу кніжак і два тарты. Я думаў, што збярэцца амаль увесь дом, але мы прыехалі да канкрэтных хлопцаў, якія жывуць у адным блоку, як браты. Усіх, здаецца, чатырнаццаць чалавек. На сустрэчы было сем, астатнія на вучобе ў другую змену. Хораша пагаварылі. Потым хлопцы мне паказалі свае пакоі, дзе яны спяць і робяць урокі. Скардзіліся, што холадна. У пакоях па тры­чатыры ложкі, а пісьмовы стол адзін. П’ючы з хлопцамі гарбату, звярнуў увагу на васьмёрку, намаляваную на кубку. Пазней даведаўся, што гэтая пазнака гаворыць пра тое, што кубкі належаць групе № 8. На развітанне мы сфатаграфаваліся. І самы цікаўны хлопец, які і кніжкі адразу гартаў, атрымаўшы іх, і пытанні задаваў, правёў нас да выхаду з дзіцячага дома…

Карта 1866 года

20.01.2011. На працы мастак Валера Сенчанка даў мне старыя карты беларускіх зямель. Разглядаючы частку Мінскай губерні па дадзеных 1866 года, знайшоў свае родныя Пугачы. Непадалёк фальварак Новы Двор. Цяпер вёска, у якой размешчаны Залескі сельсавет, а на месцы фальварка Хмарышкі хмызнякі і балаціна. Там, дзе быў фальварак Пятраўшчызна, цяпер вёска Пятроўшчына. Каля вёскі Сцяцкі на карце паказаны ручай Сцяцкі. Цяпер яго няма, як і няма каля маіх Пугачоў ручая Малышоўка. На карце ёсць суседнія вёскі Татары і Татарскія, але Татарскія названы вёскай Татарская. Словам, ёсць на што паглядзець і над чым падумаць…

Уладзімір Марук

21.01.2011. У сённяшнім «ЛіМе» змешчаны вершы Уладзіміра Марука, які пайшоў у лепшы свет 23 студзеня мінулага года. Не буду хваліцца, што быў вельмі блізкім сябрам Валодзі, але мы адзін да аднаго адносіліся з павагай і разуменнем. Быў час, калі мы працавалі ў «ЛіМе» і сядзелі ў адным кабінеце. І мне было прыемна назіраць, калі да майго сябра (ён ужо не жыў з сям’ёй) прыязджала яго дачка Вераніка і як ён рыхтаваўся да сустрэчы з ёй. Па ўсім было бачна і адчувалася, што Валодзя вельмі любіць сваю крывінку. Сённяшнія вершы ў «ЛіМе» з прадмовай Веранікі Марук гавораць, што любоў была ўзаемнай…

Нікога не вінаваціў…

22.01.2011. Мужчына павесіўся, пакінуўшы запіску, каб у ягонай смерці нікога не вінавацілі. І яго, як вісельніка, пахавалі на могілках каля плота. Мінула трыццаць гадоў, і магіла вісельніка цяпер амаль у самым цэнтры могілак…

* * *

22.01.2011. На фоне белага неба і снегу адзінокае чорнае дрэва на небакраі, як трэшчына, з якой прарвецца вясна…

У чаканні вясны…

22.01.2011. На вуліцы беласнежна і сумна. У такі дзень, як сёння, калі б жыў у вёсцы, я б на лыжах паехаў у лес. На любімай палянцы расклаў бы вогнішча і на дубчыках смажыў бы сала… А так сяджу ў кватэры і сачу праз акно за варонамі, што сядзяць на дрэвах, чакаючы вясны, як і я…

* * *

23.01.2011. У заснежаным скверы вароны на дрэвах, як счарнелыя ад маразоў рабінавыя гронкі…

Канкрэтная справа

23.01.2011. Іна Фралова, якая мяне вадзіла ў дзіцячы дом № 5 прыслала па электроннай пошце: «Хлопцы пад уражаннем да сягоння ад сустрэчы з Вамі. Астатнія шкадуюць, што не давялося пабачыцца. Першы раз чытаюць кнігі на беларускай мове без прымусу. Навыка няма, чытаюць па складах, пытаюцца словы. Адным словам, хата­чытальня…» Пайду яшчэ…

Да 90­-годдзя Івана Шамякіна

25.01.2011. У Нацыянальнай бібліятэцы прэзетаваў кнігу «Іван Шамякін. Летапісец эпохі». Імпрэзу хораша правёў Мікола Мятліцкі. Выступалі Таццяна і Алеся Шамякіны, Алесь Савіцкі, Раіса Баравікова і Адам Мальдзіс. Найбольш з усяго запомнілася тое, што Адам Іосіфавіч выглядаў, як ксёндз, а Раіса Андрэеўна падчас свайго выступлення трымала мікрафон, як свечку ў Храме…

Часам здаецца…

26.01.2011. Часам здаецца, што ўсё тое, што ўжо надрукавана, нікому не патрэбна, як смецце, якое засталося пасля здабычы золата. А золата прапілі…

Думалі пра ВКЛ

26.01.2011. Часта ўспамінаецца Масква і інтэрнат Літінстытута, калі мы (літовец, украінец, паляк і я) начамі за пляшкай польскага спірту, прынесенага з пасольства Польшчы, гаварылі пра землі «ад мора да мора» і адзін аднаму даказвалі, што гэта яго зямля. Яшчэ было амаль шэсць гадоў да гібелі савецкай імперыі, але ўжо адчувалася, што мы не проста так узгадваем сваю агульную гісторыю. Наша «дзяльба зямлі» заўсёды заканчвалася мірна, але не ведаю, як мае суразмоўцы, а я заставаўся пры сваім меркаванні, што ВКЛ — гэта цалкам беларуская дзяржава. Цяпер думаю, чаго больш было ў нашых начных гамонках пра землі «ад мора да мора»: разбуджанай тугі па Вялікім Княстве ці нованароджанай імперскай пыхі, якая ўзнікла ў выніку навучання ў Маскве?

* * *

30.01.2011. Калі ездзіў у вёску ў аўтобусе, нярэдка ўсю дарогу ўспамінаў дзяцінства. На душы рабілася сумна, што хоць ты плач, а людзі ў аўтобусе гаманілі, смяяліся. Адно суцяшала, што не з мяне…

Справа не ў паштоўках…

30.01.2011. У старым сшытку знайшоў сваю занатоўку: «Каляды. Разаслалі каля дзясятка віншавальных паштовак. І ні слова ў адказ. Крыўдна… Знаходзім старыя віншаванні, перачытваем. Вяртаемся ў мінулае, у якім усе мы былі крыху бяднейшымі, але грошай заўсёды хапала на паштоўкі. Ды справа не ў паштоўках…»

Мужыкі

30.01.2011. Перада мной, кульгаючы, два пажылыя мужыкі нясуць па пляшцы таннага «чарніла». Каля першага пад’езда чатырохпавярховіка, што па­суседску з маім домам, прыпыняюцца. Маладзейшы кажа: «Мяне папярэдзілі, што я яшчэ гадоў пяць пахаджу, а там ногі адмовяць. Хопіць мне і пяці гадоў…» — «Ну і я пад нож не лягу!» — заяўляе ягоны сябрук. Відаць, пачуўшы размову, да кульгаючых з пад’езда выйшаў на мыліцах мужчына гадоў пяцідзесяці і сказаў: «Лепш маленькі Ташкент, чым бальшы Сібір!»

ЛЮТЫ

Сыс вольны…

1.02.2011. Патэлефанавала Ларыса Раманава, якая паведаміла, што маё хваляванне пра Анатоля Сыса (ці не пахавалі паэта са звязанымі нагамі?), якое ўзнікла пасля прачытання кніжкі Ганны Кандрацюк з Беластоку «Дзядоўскае турнэ з Анатолем С.», дарэмнае. Ну і дзякуй Богу!

Пытанне

2.02.2011. Пасля працы зайшоў у краму. Выбіраючы, што купіць, заўважыў разгубленую бабульку вельмі падобную на маю маці. Праз хвіліну бабулька падышла да мяне і запыталася: «А дзе тут за кварціру плаціць?»

* * *

3.02.2011. Дзень пашыраецца, як трэшчына ў чорным лёдзе…

У Петрапаўлаўскім саборы…

5.02.2011. У Петрапаўлаўскім саборы на Нямізе прайшла служба ў памяць Таццяны Сапач. Калі святар назваў у пераліку памерлых імя паэткі, каля мяне з Людай уключылася святло ў вялікай люстры, і адразу ж перагарэла, нібы стрэліла, адна лямпачка. А калі скончылася малітва, у жанчыны, якая стаяла перад намі, ад свечкі загарэўся пясцовы каўнер на куртцы і праз міг патух…

Міхась і верш

5.02.2011. З нататніка выпала візітоўка Міхася Сабалеўскага. Некалькі тыдняў назад з ім пазнаёміўся ў майстэрні Алеся Квяткоўскага. Адразу ўзгадалася, як 1 лютага вечарам мы сустрэліся на прыпынку каля цырка, чакаючы аўтобус. Высветлілася, што жывём зусім побач. Пакуль дабіраліся дахаты, Міхась расказаў, як ён у пачатку 90­х гадоў у дзясятым класе напісаў верш пра Беларусь і беларускую мову. Паслаў у «Народную газету», з якой атрымаў ліст ад Людмілы Рублеўскай, дзе яна працавала літкансультантам у аддзеле культуры. Людміла тады ў лісце пахваліла хлопца за патрыятызм. Пасля школы Міхась паступіў у лінгвістычны інстытут. На трэцім курсе трэба было здаваць беларускую літаратуру, але так атрымалася, што Міхась не падрыхтаваўся да іспыту. І тут ён успомніў пра адказ з «Народнай газеты». Экзамен прымаў Леанід Казыра, якому Міхась і паказаў ліст Рублеўскай, і атрымаў добрую адзнаку…

* * *

5.02.2011. Зіма. А на вуліцы дождж, нібы ў небе сапсавалася лядоўня і пацякла…

Паўло і Грузія

6.02.2011. Дзякуючы «ЖЧ» Сяргея Балахонава даведаўся, што мой даўні знаёмы ўкраінскі паэт Паўло Гірнык, атрымаўшы нацыянальную прэмію імя Шаўчэнкі, пераехаў на вёску. Узгадалася Грузія, дзе з 16 па 22 ліпеня 1987 года на свяце паэзіі Уладзіміра Маякоўскага я з Паўлам жыў у адным гасцінічным нумары на турбазе імя Барыса Дэніладзэ, што каля Тбілісі. Было хораша. Хапала ўсяго: і вершаў, і віна, хоць і быў гарбачоўскі сухі закон. Неяк вечарам Павел прыйшоў у нумар з сябрам і пачаў клікаць мяне пайсці да дзяўчат, якія жылі ўтраіх у суседнім пакоі. Я тады тут жа прытварыўся вельмі п’яным і з Паўлам не пайшоў — у мяне 24 ліпеня ў Мінску чакалася вяселле з Людмілай Рублеўскай…

* * *

6.02.2011. Раніцай, ідучы ў краму, зайшоў у «Белінвестбанк» і ў банкамаце з карткі зняў грошы. Выйшаў на вуліцу і ўбачыў машыну, якая спынілася каля банка, з такім жа нумарам, як у мяне код для зняцця грошай…

Ажыўшыя карціны

7.02.2011. У выдавецтва прыходзіў Андрэй Смаляк з праектам «Ажыўшыя карціны». З мастаком я знаёмы яшчэ з 1987 года. Тады я працаваў у часопісе «Беларусь» у аддзеле культуры і быў адказным за каляровую ўклейку, дзе змяшчаліся рэпрадукцыі карцін. Даводзілася прапагандаваць і Смаляка. Сёння з Андрэем прагаварыў дзве гадзіны. За гэты час ён сказаў недзе тысяч дзесяць слоў, а я слоў трыста. «Ажыўшыя карціны» — цікавы праект…

Нам засталася спадчына…

8.02.2011. У інтэрнэце знайшоў матэрыялы інтэграванага курса «Валожыназнаўства» аспіранткі кафедры этналогіі і фальк­ларыстыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ірыны Жалондзік, з якіх даведаўся: «У Валожынскім раёне захавалася 88 помнікаў гісторыі, 23 археалогіі, 28 архітэктуры, 5 палацава­паркавых ансамбляў, 2 сядзібныя паркі. У Беларусі нялёгка знайсці другі такі горад як Валожын, дзе б на невялікім кавалачку зямлі было сканцэнтравана пяць аб’ектаў — помнікаў архітэктуры класіцызму першай паловы XIX ст. Важнейшыя з іх — палацава­паркавы ансамбль, пабудаваны ў гістарычным цэнтры горада ў 1782—1806 гадах, і мураваны касцёл Святога Юзафа, які ўзнік у 1816 годзе…

Нашу мясцовасць услаўляюць не толькі выдатныя асобы, але і памятныя мясціны. Колькі іх пралягае абапал берагоў рэк Іслач і Бярэзіна! Правы прыток Іслачы працякае па тэрыторыі Налібоцкай пушчы. Тут у 1717—1867 гадах па ініціятыве Ганны Радзівіл існавала шкларобчае прадпрыемства, а зараз знаходзіцца санаторый­прафiлакторый…» Адразу ж узгадаўся Дом творчасці пісьменнікаў «Іслач», што каля Ракава. Хутка будзе дзесяць гадоў, як у Доме творчасці жывуць толькі вятры і лясныя звяры і птушкі…

Творы

10.02.2011. На кніжным кірмашы нашы выдавецкія дзяўчаты прапанавалі Андрэю Смаляку купіць «Родных дзяцей» Ніла Гілевіча з аўтографам. Мастак кніжку не купіў, сказаўшы: «Я сам мастацкі твор з аўтографам…»

Па вуліцы Камуністычнай…

10.02.2011. Ідучы на бацькоўскі сход у мастацкі ліцэй, які заканчвае сын, адчуў, што і я гэтай дарогай хаджу апошнія разы. А прахадзіў я тут па вуліцы Камуністычнай каля амбасады Расіі (у будынку цяпер нешта іншае), каля амбасады Украіны (бачыў як будавалася), каля сінагогі (памятаю стары будынак, а цяпер новы, сучасны) пятнаццаць гадоў. Гэта з гадамі вучобы старэйшай дачкі. Пятнаццаць гадоў, як пятнаццаць дзён праляцелі…

* * *

11.02.2011. На кніжным кірмашы прадаваў сваю кнігу, нібыта парася, каб у добрыя рукі трапіла…

Немагчыма глядзець…

11.02.2011. На кніжным кірмашы побач з нашым стэндам стэнд «Беларускай энцыклапедыі». На энцыклапедычныя кніжкі немагчыма глядзець, бо ля іх такія дзяўчаты ў кароткіх спаднічках, што вачам не да кніжак…

* * *

12.02.2011. З кніжнага кірмашу вяртаўся позна і праз прыватны сектар. Было цёмна, рыпеў снег пад нагамі і пахла дымам з комінаў, як у роднай вёсцы…

Чытачка

13.02.2011. Учора на кніжным кірмашы жанчына, купляючы маю «Прозу і паэзію агню», цытавала мне незнаёмыя паэтычныя радкі, гаворачы, што яны мае і яна іх вельмі любіць. Сёння з самага ранку мая ўчарашняя пакупніца падышла да нашага стэнда і папрасіла мяне адысціся з ёй. Я адразу ж падумаў, што жанчына прывезла назад маю кніжку і цяпер хоча, каб ёй вярнулі грошы. «Прабачце! Я ўчора так хвалявалася, сустрэўшыся з вамі, што пераблытала вашы творы з чужымі»,— сказала мая чытачка і пачала цытаваць мае вершы…

Нашы дзеці…

15.02.2011. Быў у дзіцячай бібліятэцы № 6, якая знаходзіцца непадалёк ад дому, дзе я жыву. Выступаў перад дзесяцікласнікамі. За першым сталом каля вакна сядзела сімпатычная парачка, якая шэптам, але так, каб было чуваць, каментавала амаль усё, што гаварыла хвілін дваццаць пра мяне загадчыца бібліятэкі. Сваё выступленне я пачаў з паведамлення, што жыву ў гэтым раёне, дзе яны вучацца, і я ведаю ўсіх мясцовых бандытаў і жулікаў. Пасля гэтага дзеці прыціхлі. Прыемна было пачуць, што гаваркі хлопец ведае, што ў нашым раёне раней было нямецкае пасяленне, а там, дзе цяпер сквер, былі могілкі. Напрыканцы, даведаўшыся, што ў мяне ёсць сын і ён вучыцца ў мастацкім ліцэі ў 11 класе, дзяўчаты тут жа адшукалі ў «Кантакце» майго Максіма...

* * *

15.02.2011. Усё больш чарнейшым робіцца снег. Гэта з ночы, як змяя са шкуры, вылазіць дзень…

Тэлефонны званок…

16.02.2011. Прачнуўся ад тэлефоннага званка. Падняў слухаўку і пачуў доўгі гудок. Паглядзеў на гадзіннік. Палова чацвёртай ночы. Доўга не мог заснуць. Думаў пра старых бацьку і маці…

Пекла і рай…

16.02.2011. Сёння вычытаў, што золата — гэта паліва для іншапланетных караблёў і нашы продкі трапілі на зямлю з іншай планеты. Адны былі ў пекле — здабывалі ў шахтах золата, а другія былі ў раі — жылі на паверхні зямлі сярод кветак і дрэў, сярод звяроў і птушак…

Страсці па культуры…

17.02.2011. З Людмілай быў на тэлебачанні. Запісаліся для «Страсцей па культуры». Перадачу вяла дачка Алега Бембеля (Зьніч) Таццяна. З намі ў гутарцы пра жанчын у культуры ўдзельнічала сямейная пара — Аляксей і Валянціна Еранковы. Ён — кампазітар, а яна — тэатральны рэжысёр. Нагаварылі шмат чаго. Думаю, павінна быць цікава. Праўда, здымалі больш за гадзіну, а перадача 40 хвілін. Дарэчы, гутарка з намі для Таццяны Бембель — дэбют у ролі вядучай тэлеперадачы на канале «Лад»…

Гарэцкія чытанні

18.02.2011. Зранку быў у Музеі гісторыі беларускай літаратуры на XIX Гарэцкіх чытаннях, якія пачаліся з «Гульні з класікай». Прысутным былі агучаны ўрыўкі з апавядання Максіма Гарэцкага «Панская сучка» ў творчых работах студэнтаў Беларускай акадэміі мастацтваў. Пасля гэтага было шмат цікавых дакладаў. З прывітальным словам ад «Мастацкай літаратуры» і ад сябе выступіў і я. У чытаннях удзельнічала каля пяцідзесяці літаратуразнаўцаў. Кінулася ў вочы, што сярод прысутных было толькі некалькі маладых мужчын, а ўсе астатнія — паважнага ўзросту і шмат­шмат жанчын...

На вуліцы Панчанкі

18.02.2011. Быў у СШ № 199, што на вуліцы Пімена Панчанкі. Выступаў перад старшакласнікамі. Слухалі, задавалі пытанні, чыталі мае вершы з першай кніжкі «Гронка святла». У школе ёсць музей, прысвечаны жыццю і творчасці Пімена Панчанкі, у якім каля тысячы экспанатаў. Музей хоць і школьны, але зроблены на ўзроўні дзяржаўных Купалы, Коласа, Багдановіча. Словам, жыве Беларусь…

Прычоска ад Аўрамчыка і Панчанкі…

18.02.2011. Будучы ў Музеі Пімена Панчанкі, што ў СШ № 199, узгадаў вясну 1979 года. Мне тады было 19 гадоў. У часопісе «Маладосць» Мікола Аўрамчык выбраў для друку чатыры мае вершы. І вось я прыйшоў у рэдакцыю, каб сфатаграфавацца. У кабінеце Міколы Якаўлевіча быў Пімен Панчанка. І пакуль фатограф Мікола Ждановіч рыхтаваў да працы свой фотаапарат, Мікола Аўрамчык і Пімен Панчанка рыхтавалі маю прычоску да фотасесіі. Валасы ў мяне былі доўгія і непаслухмяныя. Мікола Якаўлевіч, прычэсваючы мяне, узгадаў, што, калі ён быў малады, то са сваімі сябрамі, калі ішлі фатаграфавацца, намазвалі валасы алеем, каб яны добра ляжалі. Алею ў кабінеце Аўрамчыка не было, дык мне галаву намачыў Панчанка вадой з графіна. Потым мяне з прычоскай, зробленай Аўрамчыкам і Панчанкам, сфатаграфаваў Ждановіч, і ў 9 нумары «Маладосці» з’явіліся мае вершы з фотаздымкам…

А фота дзе?

18.02.2011. Пасля таго, як Уладзімір Сцяпан, прачытаўшы маю зацемку «Прычоска ад Аўрамчыка і Панчанкі…», задаў пытанне: «А фота дзе?», я амаль тры гадзіны пароўся ў папках, шукаючы патрэбнае фота. Памятаю, што тое фота я спецыяльна схаваў, каб не прапала. Схаваў так, што цяпер не магу знайсці. Праўда, у папках пазнаходзіў шмат чаго цікавага: і арыгіналы вершаў некаторых паэтаў, і рэдкія здымкі, і малюнкі, і апавяданне Алеся Асташонка, якое ён даваў у «ЛіМ» у сярэдзіне 90­х гадоў і яго там не надрукавалі, і рукапіс выступлення Ніла Гілевіча на пахаванні Максіма Танка, і…

Фотаздымак на сцяне

19.02.2011. Едучы ў Маскву ў Літінстытут вучыцца, захапіў з сабой свой фотаздымак, на якім я з прычоскай ад Аўрамчыка і Панчанкі. Упрыгожваючы абшарпаныя сцены свайго інтэрнацкага пакоя, я пачапіў і свой фотаздымак, на які асабліва ніхто ніякай увагі доўгі час не звяртаў. І тут неяк, вяртаючыся з тэатра, Людміла Рублеўская, з якой мы ўжо думалі пажаніцца, запыталася: «Што гэта там за партрэт дзяўчыны вісіць у цябе на сцяне?» — «Дзе?» — папрасіў удакладніць я. «Над ложкам!» — сказала Людміла. «Дык гэта ж мой партрэт!» — засмяяўся я і тут жа даведаўся, што Людзіна сяброўка, якая дрэнна бачыла і з якой Люда зрэдку прыходзіла да мяне, аднойчы сказала: «Чаго ты да яго ходзіш! У яго ёсць дзяўчына! Вельмі прыгожая! Яе партрэт вісіць у Віктара над ложкам!»

Па дарозе да Кальварыі…

19.02.2011. Заходжу ў тралейбус № 7, каб праехаць пару прыпынкаў да Кальварыі, і бачу перад сабой на крэсле дзяўчыну, у якой твар так моцна намазаны грымам, што мне падалося — я трапіў у катафалк, які едзе на Кальварыйскія могілкі…

* * *

19.02.2011. Сярод завадскіх будынкаў велізарная труба, з якой ідзе густы дым. Уражанне, нібыта прачнуўся вулкан…

* * *

20.02.2011. Заснежанае поле. Снег, як пена, і ўзыходзячае сонца, як Афрадыта, якая нараджаецца…

* * *

20.02.2011. Стаміўся ад усяго. І ўва мне крычыць вясковы хлапчук: «Не хачу болей быць дарослым!!!»

У «Сталіцы» быў «Злодзей»…

20.02.2011. Апошнім часам з Людай кожную нядзелю ходзім у «Сталіцу», дзе глядзім у відэацэнтры рэтраспектыўныя фільмы, што сталі сусветнай класікай, але ў нас ніколі не паказваліся. Сёння глядзелі чорна­белага амерыканскага «Злодзея», які быў зняты ў 50­я гады. За паўтары гадзіны ў фільме не прагучала ніводнага слова. А фільм класны. У зале было сем чалавек. Побач з намі сядзелі дзве жанчыны, якія паміж сабой шапталіся па­беларуску…

На філфаку БДУ

21.02.2011. Хадзіў на філфак БДУ, куды быў запрошаны паўдзельнічаць у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы. Сабралася паўнюткая зала студэнтаў і выкладчыкаў. Было тэлебачанне. Усё прайшло хораша. Я выступаў апошнім. І цяпер не магу ўтрымацца, каб не пахваліцца, што, пачытаўшы «Баладу Дуніна­Марцінкевіча», у якой ёсць радкі: «Не трэба чужога, не трэба чужога! Ні грошай, ні мовы, ні Бога, // Нічога не трэба чужога!», як гаворыцца, я «сарваў авацыю і васпарыў». Але потым хутка апусціўся на грэшную зямлю, бо даведаўся, што цяпер на філфаку амаль ніхто не піша вершаў ні па­беларуску, ні нават па­расейску…

Абавязкова прыйдзем!

22.02.2011. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны з Інай Фраловай наведаў у дзіцячым доме №5 знаёмых хлопцаў з групы №8. Дзеці нас чакалі. Я прынёс ім у падарунак новых беларускамоўных кніжак, а Іна велізарны набор пірожных. З прыемнасцю даведаўся, што адзін з хлопцаў пасля першай сустрэчы са мной пачаў пісаць вершы. На жаль, пакуль што пасаромеўся паказаць. За гарбатай я хлопцам расказваў цікавыя гісторыі са свайго жыцця, чытаў вершы. Калі развітваліся, дзеці запыталіся: «А ці прыйдзеце яшчэ да нас?» — «Абавязкова прыйдзем!» — адказаў я.

Каровы пякуць бліны

23.02.2011. Пішу твор пра бліны. Пачытаў тое­сёе з яго сваёй Людміле, якая тут жа параіла вось гэтыя радкі не агучваць на вечарыне ў бібліятэцы імя Цёткі:

каровы, вяртаючыся з радоўкі,

на цёплым пыле дарогі

пякуць свае бліны,

якія ў маёй вёсцы называюцца

японскімі сонцамі

Жартаўнікі

24.02.2011. Вярнуўся з працы раней, чым звычайна. Не паспеў распрануцца, як зазвінеў тэлефон. Падымаю слухаўку з думкаю, што турбуюць з працы, і чую голас дзяўчыны: «Вам халадзільнік патрэбен?» — «Не!» — адказваю я. «Дык мы зараз да вас прыйдзем і забяром халадзільнік!» — пачулася праз дружны дзіцячы смех, і я паклаў слухаўку…

Не спіць у шапку…

25.02.2011. З «ЛіМа» патэлефанаваў Віктар Гардзей і паведаміў, што ўсё яшчэ працягваюць кожны тыдзень прыходзіць ананімныя лісты з адваротным адрасам, які з’яўляецца адрасам майго працоўнага кабінета: «Праспект Пераможцаў, д. 11, пакой 903». Ізноў той жа почырк, па якім быў апазнаны адзін з паэтаў, які нядаўна ў кнігарні «ЛогвінаЎ» скраў (ходзяць чуткі) шапку Пашы Касцюкевіча, і цяпер у адкрытую гуляе ў ёй па горадзе, і нават нахабна заходзіць у шапцы туды, дзе яе скраў. На гэты раз ён прыслаў пакрэмзаную газетную выразку з маімі вершамі, што нядаўна былі змешчаны ў «ЛіМе»…

У Цёткі…

25.02.2011. Вярнуўся з бібліятэкі імя Цёткі, дзе Алена Масла са сваёй сястрой Наталляй Бучынскай правяла вечарыну, прысвечаную Масленіцы. Выступоўцам давялося не толькі вершы чытаць, спяваць, але і бліны пячы. Я быў у ліку першых. Калі пачалася святочная вячэра, да нас далучыўся Уладзімір Ліпскі з літоўскім паэтам Вітасам Бараўскасам і ягонай жонкай. Паспяваўшы беларускія песні, Вітас развучыў з намі літоўскую. Пасля гэтага Ліпскі і ягоныя сябры сталі развітвацца з намі. Юрась Нераток, які сядзеў каля мяне, гледзячы на літоўцаў, прашаптаў: «Быў бы цяпер тут Толік Сыс, літоўцы б, не падпісаўшы паперу, што аддаюць нам Вільню, не выйшлі б з бібліятэкі…»

У «Краязнаўчым даведніку»

26.02.2011. Атрымаў часопіс «Маладосць» № 2. З рубрыкі «Краязнаўчы даведнік», якая прысвечана літаратурным мясцінам Беларусі, даведаўся, што ў вёсцы Дубровы (яна ў шасці кіламетрах ад маіх Пугачоў) жыў, вярнуўшыся з эміграцыі, польскі паэт і публіцыст Ляскарыс Ежы (1828—1888). І яшчэ: «У міжваенны перыяд, калі вёска ўваходзіла ў склад Польшчы, у Дубровах быў створаны гурток ТБШ па ініцыятыве камсамольца­падпольшчыка, гімназіста Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны, а пасля Віленскай беларускай гімназіі Таўпекі Уладзіміра. Гурткоўцы займаліся культурна­асветнай і літаратурнай дзейнасцю, ставілі «Паўлінку» Янкі Купалы». І ўсё. На жаль, у гэты «Краязнаўчы даведнік» не трапіў паэт Вячаслаў Міхасёнак, які доўгі час жыў у Дубровах і працаваў у мясцовай школе. У Вячаслава Міхасёнка ў гасцях бываў Уладзімір Караткевіч, які напрыканцы свайго кароткага жыцця каля Дуброў прыгледзеў на хутары хату пад лецішча і збіраўся яе купіць. Няма інфармацыі і пра мастачку Яўгенію Васілеўскую, якая нарадзілася 3 ліпеня 1928 года ў маіх Пугачах і, скончыўшы Маскоўскі мастацкі ўніверсітэт, яшчэ і сёння жыве ў Дубровах…

А мы ўсё пішам…

27.02.2011. Вяртаючыся з крамы, сустрэў былую суседку, якая гадоў пяць назад у нашым раёне купіла лепшую кватэру, чым мела. «Ну як жыццё?» — пацікавілася жанчына. «Нармальна»,— сказаў я. «А як там у вёсцы?» — працягнула дапытвацца былая суседка. «Нармальна. Бацька там жыве…» — адказаў я і пачуў: «Іншыя б у вёсцы трохпавярховы дом з ліфтам пабудавалі! А вы ўсё вершы пішаце, пішаце, пішаце...»

САКАВІК

* * *

1.03.2011. У апавяданне, у аповесць, у раман можна ўставіць верш гэтак жа, як у ружжо — патрон. Як нельга ўставіць ружжо ў патрон, так і ў верш нельга ўставіць ні раман, ні аповесць, ні апавяданне. І проза з вершам — гэта як кроў з малаком…

* * *

4.03.2011. Сонечная раніца. Месцамі з’явіліся першыя праталіны. Каля кантэйнераў са смеццем некалькі бамжоў дзеляць знойдзенае. І ў мяне ў галаве з’явіўся радок пад Саўрасава: «Бамжы прыляцелі…»

Пан міністр

5.03.2011. Сёння з Людмілай быў у Доме літаратара на прагоне спектакля ТЮГа «Пан міністр» па Францішку Аляхновічу. Напачатку было нудотна і хвілін дваццаць дзеі здавалася, што будзе і далей нейкая свіная нудота з чарцямі. Ды не! І калі ў канцы ў зале ўсе ўсталі і доўга апладзіравалі, то перада мной адзін драматург і адзін рэжысёр (яны сядзелі ў розных радах) проста стаялі, і я не змог зразумець па іх тварах: ці ім спектакль наогул не спадабаўся, ці аднаму такога ніколі не напісаць, а другому такога не паставіць…

Голая агітацыя

9.03.2011. Праходзячы каля нядаўна падрамантаванага цырка, узгадаў, як гадоў пяць таму хадзіў сюды на працягу трох месяцаў раз на тыдзень на запіс тэлепраграмы, якую вёў Ягор Хрусталёў, дзе спаборнічалі ў цыркавым майстэрстве вядомыя тэлежурналісты, эстрадныя спевакі і артысты. Напачатку на запіс тэлепраграмы два разы я схадзіў з жонкай, а потым яна не пайшла, бо ёй не спадабалася гэтае шоу, якое было скапіравана з расійскага і якое, у сваю чаргу, было здзёрта з амерыканскага. Каб не прападалі запрашэнні, я ўгаварыў Максіма (сыну тады было гадоў трынаццаць) хадзіць са мной у цырк. Пайшлі. У той вечар артысты тэатра, журналісты з АНТ, стаўшы часова цыркачамі, спаборнічалі паміж сабой у яздзе на конях. Ужо недзе праз паўгадзіны Максім заныў, просячыся дамоў. І тут раптам у падвешанай спявачкі, якую садзілі па­цыркавому на каня, сарваўся станік і агаліліся грудзі. Увесь цырк ажыў і заапладзіраваў, а спявачка з голымі грудзямі хвілін дзесяць скакала па крузе арэны на кані. Пасля гэтага мне ўжо не трэба было агітаваць сына пайсці са мной у цырк на запіс шоу…

Лягчылаў і чытачка

10.03.2011. Ранкам мне на працу патэлефанавала жанчына: «Вы мяне не ведаеце, а я вас ведаю, як паэта, таму хачу з вамі пагаварыць».— «А ў чым справа?» — пацікавіўся я. «А справа ў тым, што мне ўжо пад восемдзесят і я люблю беларускую паэзію. Нядаўна купіла кніжку песень Аляксандра Лягчылава, якая выйшла ў вашым выдавецтве. І там я знайшла абдрукоўкі»,— сказала жанчына, і мы з ёй пагаварылі наконт памылак у кнігах. Потым жанчына расказала, што будучы на прэзентацыі кнігі Лягчылава ў гандлёвым каледжы, дзе ён працаваў, яе абурыла, што ніхто з запрошаных кампазітараў і выканаўцаў не прыйшоў. «Нядаўна я была ў «Кнігарні пісьменніка», дзе хацела купіць кніжку Лягчылава, каб падарыць знаёмай,— працягнула размову жанчына.— І мне сказалі, што такога паэта яны не ведаюць і кніжкі ў іх ягонай няма. Але пасля таго, як я пашумела, мне са склада прынеслі дзве кніжкі Лягчылава. На пытанне, чаму кніжку не выставілі ў зале, мне сказалі, што ёй ніхто не цікавіцца і яна на беларускай мове. Ну тут я і завялася, і сказала прадаўшчыцы, што калі б я не была старой, то дала б ёй за такія словы ў морду, але яна некалі нарвецца і ёй морду наб’юць за знявагу беларускай мовы…» Пасля размовы я даведаўся, што мне тэлефанавала жонка кампазітара Кіма Цесакова…

Янка Сіпакоў

10.03.2011. А палове другой патэлефанавала паэтка Марыя Панкова і, плачучы, паведаміла, што памёр Янка Сіпакоў. Адразу ўзгадалася, як зусім нядаўна Іван Данілавіч клапаціўся пра хутчэйшае выданне ў нашым выдавецтве ягонай кнігі «Двое на вуліцы» ў серыі «Проза ХХ стагоддзя». Выхад яе запланаваны на ліпень. Ён, нібыта адчуваў, што яму засталося жыць нямнога,— недзе з месяц назад прынёс спіс твораў, які абавязкова трэба ўключыць ў кнігу выбранага. І прынёс ён не толькі спіс, але і ранейшыя кнігі і часопісы, з якіх трэба рабіць набор для новага выдання. І яшчэ ўзгадалася, як Іван Данілавіч радаваўся, калі ў ліпені мінулага года мы выдалі ягоныя «Вершы, балады, прытчы» ў серыі «Школьная бібліятэка» накладам 17 119 асобнікаў. І мне было прыемна чуць, што я, як складальнік кнігі, выбраў тыя творы, якія б сам Іван Данілавіч уключыў у выдадзеную кнігу…

Вясновае…

12.03.2011. Тэлефонныя коды… Тэлефонныя воды… Тэлефонная вада… Нешта ў гэтым ёсць вясновае…

Жыццё і смерць

12.03.2011. «Перажыў два інфаркты, а памёр ад прападной язвы па дарозе ў лечкамісію. Пахавалі ў Калодзішчах…» — з размовы з сябрам пра Янку Сіпакова…

На галоўнай вуліцы Мінска…

14.03.2011. На галоўнай вуліцы Мінска, дзе цяпер ГУМ, у 1938 годзе стаяла цырульня. Хуткімі крокамі ў яе зайшоў малады чалавек. Падышоўшы да століка з прыборамі для стрыжкі, ён схапіў брытву і паласнуў сабе па шыі. Рана была не смяротная, і хлопец пасля лякарні трапіў у дурдом. Так беларуская літаратура страціла яшчэ аднаго паэта, талент якога быў на ўзроўні Максіма Багдановіча. Як звалі гэтага паэта і што яго падштурхнула да самагубства можна будзе даведацца з новай дакументальна­энцыклапедычнай кнігі Леаніда Маракова «Галоўная вуліца Мінска. 1880—1940 гг.», працу над якой ён заканчвае...

Броўка і 25 працэнтаў

15.03.2011. Пад канец працоўнага дня зайшоў у кабінет да Юрася Пацюпы і Эдварда Карбановіча, дзе ўжо гасцяваў Міхась Шавыркін. Гаворачы пра літаратуру, Міхась Мікалаевіч узгадаў сваю працу ў энцыклапедыі пры Петрусю Броўку: «На той час з Масквы была ўстаноўка, каб у энцыклапедыю мы давалі не меней сарака працэнтаў пра сваё, пра нацыянальнае. Можна было і пяцьдзясят, але Броўка патрабаваў ад нас дваццаць пяць працэнтаў і не болей…»

Атамныя лічбы…

15.03.2011. Прагучала па тэлебачанні, што цяпер у свеце існуюць 443 атамныя электрастанцыі. З іх 18 — у Японіі, з якіх 11 у час землятрусу атрымалі пашкоджанні...

* * *

16.03.2011. Амаль дзве гадзіны быў на сустрэчы з адзінаццацікласнікамі ліцэя БДУ, якія, паступаючы вучыцца, хацелі стаць гісторыкамі. На сённяшні ж дзень некаторыя з іх плануюць пасля ліцэя пайсці на іншыя спецыяльнасці. Прыемна было даведацца, што ліцэісты нядаўна прачыталі новы раман Людмілы Рублеўскай «Сутарэнні Ромула», які ім вельмі спадабаўся. І наогул для іх мая Людміла з’яўляецца любімай пісьменніцай. На пытанне, што мне даюць сустрэчы з маладымі чытачамі, я адказаў: «Упэўненасць, што жыве Беларусь!»

Да і пасля

16.03.2011. Яшчэ зусім нядаўна да землятрусу і цунамі па тэлебачанні паказвалі Японію, дзе робаты могуць старому чалавеку паднесці стакан вады, прыбраць у кватэры, прайсці там, дзе чалавек не пройдзе. Цяпер мы бачым Японію бездапаможную перад атамнай катастрофай і тыя клапатлівыя робаты, пра якіх мы толькі можам марыць, нібы скрозь зямлю праваліліся…

Ранішняе тэлефанаванне

17.03.2011. Сем гадзін раніцы. Тэлефонны званок. Маці? Бацька? Падымаю нясмела слухаўку і чую знаёмы голас кампазітара Эміля Наско: «Прабач, але не вытрываў, каб не пазваніць! Гадзіну назад закончыў новы музычны твор на тваю баладу. Ты геній!» — «Ну і ты геній!» — адказаў я.

* * *

17.03.2011. Гаворым пра Японію. І раптам рыфма: «Японцы — стронцый…»

Забойчыя адзінкі…

18.03.2011. Амерыка. 11 верасня 2001 года. Тэракт… Японія. 11 сакавіка 2011 года. Землятрус. Цунамі. 11 атамных электрастанцый пашкоджаны…

Камень

18.03.2011. (Прыснілася.) Пустэльня. Па пяску, як па вадзе, няспешна паўзе, як плыве, велізарная, як шчыт воя Рымскай імперыі, чарапаха. На чарапасе стаіць келіх з чырвоным віном, як з крывёй. Трымаючы ў руцэ свечку, іду следам за чарапахай. Пясок мне апякае босыя ногі, а свечкі агеньчык трапечацца, як залаты матыль, які хоча з маёй рукі ўзяць свечку і панесці яе, як саломінку, да егіпецкай піраміды, якая, нібыта складзена з цюкоў саломы, бачыцца на даляглядзе. І раптам пясок робіцца чорным, як вуголле, і чарапаха вялікай рудой птушкай узлятае ў белае, як марля, неба. Свечка ў маіх руках тухне і ламаецца, як саломінка, а келіх з віном падае мне пад ногі і разбіваецца аб камень, на якім напісана: «ЯПОНІЯ».

З пад’езда № 6

19.03.2011. Кожны дзень у 9 гадзін раніцы, бывала крыху пазней, з пад’езда № 6 выходзіў высокі стары і выносіў смецце ў невялікім сінім вядры. Учора старога са смеццем не было бачна ўвесь дзень. Сёння з пад’езда вынеслі старога ў вялікай сіняй труне…

Ніна Маеўская

20.03.2011. Учора ад інсульту памерла пісьменніца Ніна Маеўская. Нарадзілася Ніна Васільеўна 4 снежня 1938 года ў горадзе Любань. Пасля факультэта журналістыкі працавала ў рэспубліканскіх выданнях, сярод якіх былі газета «Літаратура і мастацтва» і часопіс «Беларусь». Друкавацца Ніна Маеўская пачала ў 1955 годзе. Выдала зборнікі аповесцей і апавяданняў «Ляці, верабейка» (1969), «Агата» (1970), «Надзеевіч» (1983), «Такая позняя вясна» (1984), «Холад доннай вады» (1989) і іншыя. Апошнім часам пісала вершы, якія выйшлі ў свет некалькімі кнігамі. З Нінай Васільеўнай я працаваў у часопісе «Беларусь» напрыканцы 80­х гадоў. Яна была ў аддзеле публіцыстыкі. З ёй было добра і ў час працы, і ў час адпачынку. На мінулым тыдні Ніна Васільеўна тэлефанавала мне ў выдавецтва. Дакладней, патэлефанаваў яе муж і потым перадаў ёй слухаўку. Калі б муж Ніны Васільеўны не сказаў, з кім буду гаварыць, я б не пазнаў па голасе пісьменніцу. Голас быў ахрыплы і слабы. Ніна Васільеўна прасіла абавязкова ўключыць яе апавяданні ў кніжку пра каханне, якая плануецца выдавецтвам на наступны год у серыі «Вера. Надзея. Любоў»…

Пытанне

20.03.2011. Гляджу па тэлевізары навіны з Японіі. Маладая такійка, маці, у якой двое дзяцей (аднаму два гады, другому яшчэ толькі месяц), скардзіцца ўсяму свету: «У Токіа няма ні вады, ні малака, ні падгузнікаў!..» Глядзець і слухаць жудасна. Але няўжо толькі жыхары тых тэрыторый, якія пацярпелі ад землятрусу і цунамі пастаўлялі ў сталіцу ваду, малако і падгузнікі?

Просьба…

21.03.2011. Не ведаю, як даўней, а цяпер у выдавецтва лісты ад чытачоў прыходзяць вельмі рэдка. Людзі часцей тэлефануюць. Нехта скардзіцца, што не можа набыць кнігу аўтара, якога ён любіць, а нехта дзякуе за добрае выданне, што выйшла ў «Мастацкай літаратуры». Сёння прыйшоў ліст з просьбай. Не магу ўтрымацца, каб не працытаваць: «Я хочу перевести на русский язык книгу Рыгора Ивановича Бородулина «Вечалье», год издания 1980 г. Без Вас он не обойдется. Вы знаете его координаты, телефон. Пожалуйста, вызовьте его к себе и покажите ему письма, что я написала ему на Ваш адрес. Я читала энциклопедию в нашей сельской библиотеке, она слишком старая. Там только написано о нем, что он работал в журнале «Нёман» с 1972 г. Я шлёпаться не могу далеко, ноги мои отмерзают. (…) Жду ответа от него, то есть справку­разрешение на перевод книги до 15 марта. А там я собираюсь ехать на родину. (…) Там остался текучий дом по козырьку, его сбили, сбили железный парадный карниз, сняли (украли) железные ворота, нет сарая, где можно растить свиней. Я держу курей. Здесь у меня командиры (…) перебили людьми нашими мне до 30 кур уже скоро нестись им было бы или несушек. В маленьком возрасте я любила кушать яйко, шпеко, млеко. (…) Надеюсь вы поможите мне горе отгоревать. Я не пью и не курю. У меня идет время медленно. Быстрее ответьте на маё письмо. Письмо мое Бородулину Р. И. разрешаю вам прочесть.

Здравствуйте, Грыгор Иванович!

(…) Мне от Вас надо письменное разрешение на перевод Вашей книги «Вечалье». Я переведу её на русский. У нас в Белоруссии любят Любовь Донцову. Я переведу Вашу, её будут читать в России. Может и её будут любить там. За перевод я прошу Вас не деньги, а печатную машинку электрическую «Оптиму» или другую, но электрическую. Разрешение надо заверить в Натариусе, так как я не имею права дотрагиваться без Вашего разрешения к Вашим книгам. 17.03.2011 г.».

Дзве смерці…

21.03.2011. «Памёр мядзведзь Кнут — жыхар берлінскага заапарка. 19 сакавіка 2011 года яго знайшлі ў басейне пасярод вальера. Абставіны і прычыны гібелі мядзведзя пакуль невядомыя». Гэтая навіна не сыходзіць са сродкаў масавай інфармацыі. А тое, што 19 сакавіка памёрла беларуская пісьменніца, акрамя яе родных і суседзяў амаль ніхто больш і не заўважыў. Ці то пісьменнікаў вельмі многа, ці то мядзведзяў вельмі мала?..

Было…

21.03.2011. У выдавецтва прыходзіў Уладзімір Сцяпан. Збіраемся выдаваць ягоную кнігу пра мастака Сяргея Каткова, якому 1 кастрычніка з дня народзінаў будзе 100 гадоў. Пагаварылі пра жыццё. Валодзя пайшоў, а мне ўзгадаліся 80­я гады і падвал пад «Кнігарняй пісьменніка», дзе Сцяпан з Глобусам працавалі мастакамі­афарміцелямі. Я да іх часта прыходзіў, і мы пілі каву, чыталі адзін аднаму новыя творы, марылі. Было хораша. Нешта збылося, а нешта і забылася. Як гэта было даўно! Як гэта было нядаўна…

Пісьменніца з Чалябінска

22.03.2011. З самага ранку да мяне на працу зайшла невысокая пажылая жанчына і заявіла: «Я хачу ў вас перавыдаць свае творы!» — «Якія?» — пацікавіўся я. Пісьменніца падала мне кнігу, на вокладцы якой прачытаў: «Челябинское отделение СП России», «Первый рейс», «Нина Шишкина». Я адразу ж запытаўся ў Ніны Аляксандраўны пра Генадзя Суздалева, з якім вучыўся ў Літінстытуце. І мне стала вядома, што мой аднагрупнік ужо даўнавата з Чалябінска перабраўся ў Суздаль. Сама ж Ніна Шышкіна прыехала ў Мінск тры дні таму. Адзін дзень шукала гасцініцу, другі дзень шукала Дом друку, а на трэці дзень прыйшла ў «Мастацкую літаратуру». Горада яшчэ зусім не бачыла. Думае прадаць кватэру і з сям’ёй дачкі пераехаць у Мінск. На маё пытанне: «Няўжо вам так дрэнна ў Чалябінску?», жанчына адказала: «З­за кітайцаў няма жыцця…»

Аляксандр Мядзведзь

23.03.2011. Месяц назад Алімпійскі камітэт Беларусі звярнуўся ў наша выдавецтва з просьбай выпусціць кнігу, прысвечаную трохразоваму алімпійскаму чэмпіёну Аляксандру Мядзведзю. Сёння ж да нас прыходзіў сам легендарны спартсмен. Яму ў наступным годзе 16 верасня будзе 75 гадоў. Дырэктар выдавецтва і я амаль тры гадзіны размаўлялі з Аляксандрам Васільевічам. Пачулі вельмі шмат цікавага. Напрыклад, даведаліся, што ягоная бабуля Акуліна была ростам 195 см. Цяпер чатырнаццацігадовы ўнук Мядзведзя такога ж росту. У 1972 годзе амерыканцы прапанавалі трохразоваму альмпійскаму чэмпіёну за паўтары мільёна даляраў паехаць на паўгода ў ЗША на трэнерскую працу. Пра гэта даведаўся ЦК Кампартыі і не пусціў Мядзведзя ў замежжа. Словам, чакаецца вельмі цікавая кніга…

Мужчына сярод жанчын

24.03.2011. Раніцай, чакаючы аўтобус, на прыпынку, з якога кожны дзень езджу на працу, заўважыў, што я адзін стаю сярод (спецыяльна палічыў) дваццаці трох жанчын. Было б нічога дзіўнага, калі б вечарам, чакаючы аўтобус № 57 на прыпынку каля Купалаўскага музея амаль паўтарылася ранішняя сітуацыя. На гэты раз на прыпынку былі дваццаць тры жанчыны, я і міліцыянер…

Анатоль Комлеў

27.03.2011. З Анатолем Комлевым пазнаёміўся ў канцы 70­х гадоў, калі хадзіў на пасяджэнні літаб’яднання «Крыніцы», што працавала пры «Чырвонай змене». У 1985 годзе я паехаў у Маскву вучыцца і з Анатолем ужо ўбачыўся толькі некалькі гадоў таму ў электрычцы па дарозе на Лысую гару. Абмяняўшыся нумарамі тэлефонаў, мы зноў зніклі адзін для аднаго, каб сустрэцца на мінулым тыдні ў мяне на працы. Анатоль прынёс кіпу сваіх вершаў, з якіх амаль нішто не друкавалася. На кніжку ў «Мастацкай літаратуры» ён не прэтэндуе, а проста хоча, каб я пачытаў, выказаў сваю думку пра напісанае і дапамог знайсці выдавецтва, дзе можна выдацца за свае грошы. Ад Анатоля даведаўся, што, пераязджаючы са старой кватэры ў новую, ягоныя папкі з вершамі, якія былі напісаны на працягу дваццаці гадоў, выпадкова трапілі ў сметніцу. Са сметніцы бамжы здалі вершы ў прыёмны пункт мукулатуры, куды Анатоль спазніўся на некалькі гадзін, каб адшукаць і выкупіць свае паперы. Доўгі час Анатоль шкадаваў пра страчанае, але з часам супакоіўся, бо напісаліся новыя творы. І я, пачытаўшы іх, магу сказаць, што нядрэнныя…

Супакоілі…

28.03.2011. Некалькі дзён назад праз СМІ ўсяму свету стала вядома, што на адным з блокаў атамнай электрастанцыі на Фукусіме радыяцыя перавышае ў 10 мільёнаў разоў дапушчальную норму. Сёння японцы паведамілі, што з­за сапсаванага дазіметра была агучана няправільная лічба і радыяцыя перавышае норму ўсяго ў 100 тысяч разоў…

Дзеці і настаўнікі…

29.03.2011. Калі я вучыўся ў сёмым класе, у час вясновых вакацый настаўнікі Пугачоўскай школы арганізавалі экскурсію на радзіму Якуба Коласа. Мяне мама не пусціла, сказаўшы: «Няма чаго ў час паводкі цягацца за свет!» Сёння даведаўся, што тады грузавая машына крытая брызентам, вяртаючыся дамоў па лясной дарозе каля Нёмана, перакулілася з кучай школьнікаў у неглыбокую азярыну. На шчасце, усё абышлося вялікім пярэпалахам і вымачаным да апошняй ніткі адзеннем. Сохнучы каля вогнішча, настаўнікі загадалі дзецям, каб тыя, вярнуўшыся дамоў, маўчалі пра непрыемнае здарэнне. І ўсе маўчалі…

Было і гэта…

29.03.2011. На пачатку 90­х гадоў мінулага стагоддзя аднаго паэта адправілі ад Саюза пісьменнікаў у Маскву на святкаванне юбілею Яўгена Яўтушэнкі. Дэлегат, вярнуўшыся дамоў у добрым настроі, пахваліўся аднаму супрацоўніку Дома літаратара: «Цяпер наша галоўная задача — усё расшалатаць і разваліць!»

* * *

29.03.2011. Нядаўна святкаваў свой чарговы дзень народзінаў. Было шмат віншаванняў, але найбольш запомнілася мамай прашаптанае па тэлефоне адзінае слова: «Віншую…»

КРАСАВІК

Патрэбная кніга

1.04.2011. Людміла сёння была ў БДУ і вечарам дамоў прынесла падораную выкладчыцай Ірынай Казаковай кнігу «История и теория мировой культуры». Сама кніга мяне не здзівіла. Я, не чытаючы, ведаю, што гэтае выданне спатрэбіцца і Людміле, і мне, і нашым дзецям. Прыемна ўразіла паэтычная назва выдавецтва — «Зорны верасок»…

Асвета і Клышка

1.04.2011. Сёння быў на ўрачыстасцях, прысвечаных 60­годдзю выдавецтва «Народная асвета». Было шмат узнагарод, кветак, віншаванняў. Але найбольш прыемна было паслухаць Анатоля Клышку, «Буквар» якога выходзіць ужо 43 гады…

«Мы з Санькам у тыле ворага»

1.04.2011. У наша міністэрства звярнуўся вялікі начальнік, каб для яго сына­школьніка знайшлі цікавую кніжку пра вайну на беларускай мове. Міністэрства тут жа азадачыла наша выдавецтва, і я адразу ўзгадаў сваю любімую кнігу Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага», якая некалькі гадоў таму ў нас перавыдавалася. Праўда, кніга даўно ўжо раскуплена, і мне давялося аддаць свой асобнік. Спадзяюся, што твор спадабаецца хлопцу…

Трымаецца…

2.04.2011. З чацвярга мама ў Ракаўскай бальніцы на прафілактыцы. Сёння ў яе будзе мой малодшы брат Вова, а я ў аўторак паеду адведаць. 19 красавіка маме споўніцца 81 год. Трымаецца…

Шпакі

2.04.2011. Сёння і ў нашым двары з’явіліся шпакі. Я іх напаткаў, ідучы ў майстэрню да Алеся Квяткоўскага. Гледзячы на птушак, адразу ўзгадаў вёску, дзе заўсёды для мяне быў святам іхні прылёт. Цяпер жа, не спыняючыся, я пайшоў далей, сумна думаючы пра бацьку, які адзін у вёсцы, і пра маці, якая ў бальніцы…

Лаўка

2.04.2011. Каля пад’езда ўжо некалькі гадзін пра нешта сваё цікавае гамоняць старыя жанчыны. Тры сядзяць на лаўцы, а чацвёртая стаіць. Час ад часу адна старая ўстае, каб даць пасядзець той, якая ўжо настаялася. І думаецца мне, што і мая мама магла б вось гэтак сядзець на лаўцы і гаманіць, але ў кожнага сваё жыццё і свая доля. Ды лаўка каля па’езда, калі яе ніхто з мужыкоў не паламае, ніколі не будзе пуставаць…

Песня і абяцанне

2.04.2011. Недзе перад Новым годам напісаў песню. І толькі ўчора за яе атрымаў ганарар. Дваццаць працэнтаў аддаў дачцэ і сыну, бо абяцаў столькі даць ім за дапамогу. Дзеці спакойна ўзялі грошы, і я зразумеў, што яны не забыліся пра маё даўняе абяцанне…

* * *

2.04.2011. Працуеш, каб жыць. Але жывеш з думкай, каб не працаваць…

Фільмы і жыццё

2.04.2011. Паглядзеў з Людмілай запар дзве ўдалыя экранізацыі — «Татарская пустка» па Дзіна Буцаці (1976) і «Нарвежскі лес» па Харука Муракамі (сучасны, рэж. Чан Ан Хунг). Цяпер у галаве шмат думак і сярод іх ёсць самая галоўная — у гэтым свеце варта жыць нават толькі для таго, каб паглядзець гэтыя фільмы, а потым задумацца…

* * *

2.04.2011. Пасля ўчарашняга дажджу паветра загусцела і запахла бярозавым сокам…

У час паводкі