Ніл Гілевіч Год двухтысячны Выбраныя старонкі дзенніка
Ніл Гілевіч
Год двухтысячны
Выбраныя старонкі дзенніка
10-га студзеня. Увесь першы тыдзень новага года парадкаваў публіцыстыку за 1955–1999 гады. І рукапісы, і выразкі з газет. Адбіраў тое, што прыдасца для Збору твораў, які хацеў бы пры жыцці пачаць хоць першым томам. Артыкулаў, выступленняў, інтэрв’ю, вартых увагі як матэрыялы да гісторыі барацьбы за Беларусь набіраецца на два тамы. Адно аб мове ў том не ўбярэцца. Астатняе ўсё, што па-за гэтай магістральнай тэмай, працаджу на самае густое сіта, — большасць пойдзе вон. Божа, колькі напісана і нагаворана, часам зусім неабавязковага. Аж сорамна цяпер. І пашчасціла ж жыць у такі пракляты час! І стаць яго ахвярай.
13-га студзеня. Заходзіў да Сярэдзіча, забраў рукапіс “Сказа пра Лігу” для скарачэння — па яго просьбе. Трэба разануць амаль на трэць — каб памясцілася на адну паласу. Сёе-тое адпілую безбалесна, але на траціну такога не набярэцца, адпадзе нямала і дабрэннага.
16-га студзеня. Былі з Нінай на юбілейнай вячэры ў Ю.Б. Ці час не той, ці жыццё не тое, ці мы не тыя — нічога ад колішніх вясёлых, дасціпных, шумных (з песнямі) пасядзелак не засталося. Мабыць, усё-такі — мы не тыя. Жыццё зрабіла нас зусім іншымі, чым былі, — адкрыўшы на многае вочы. Як сумна!..
17-га студзеня. Вычытаў карэктуру артыкула пра Купалу — прадмову да яго Першага тома ў Кнігазборы. Забраў у ТБМ рукапіс зборніка вершаў Эд. Г рахаўца — па просьбе яго суседа і сябра. Сам ён дажывае апошнія дні ў Ба- раўлянах, у анкалогіі. Ведаю яго з пачатку 60-х, быў шафёрам і друкаваўся ў Лагойскай раёнцы. А пасля знік. Аказваецца, вучыўся, працаваў настаўнікам і… пісаў. І няблага пісаў. Сябра яго просіць, каб я адрэдагаваў кнігу, — ска- заў, што гэта і просьба Грахаўца. Як шкада добрага, сціплага і бясспрэчна здольнага чалавека! Чаму ж ён не звярнуўся да мяне гадоў 15 назад, калі я працаваў у СП?! Няздары і графаманы прыходзілі енчылі “памажыце!”, а ён — не адважыўся.
20-га студзеня. Учора быў у Ваўкавыску; на сустрэчы; начаваў там; сёння, к вечару, ужо дома. Вельмі цікавыя людзі на цэментна-шыферным. Разумныя, дасведчаныя, моцныя кіраўнікі. Калі б ды яшчэ ім не заміналі, не перашка- джалі рознага рангу вертыкальшчыкі! Ездзілі туды брыгадай — Законнікаў, Пісьмянкоў і Самковіч, апошні і дамаўляўся аб сустрэчы (стары знаёмы начальства).
26-га студзеня. Выступіў на ўроку па творчасці А. Моркаўкі ў бібліятэцы ДЛ. Там і пазнаёміўся з яго дачкой Ларысай Аркадзеўнай. Вельмі інтэлігентная і разумная жанчына, як сціпла і важка выступіла!.. Выдатнае слова (фактычна, даклад) сказаў А. Рагуля. Ну, ад яго я іншага і не чакаў; глыбока плужыць.
У 16.00 быў на Радзе ТБМ. Абмяркоўвалі 10-годдзе Закона аб мовах.
27-га студзеня. У 15.00 — Рада СП. Хай бы я не хадзіў на гэтыя пася- джэнні!.. Званіў малады паэт, студэнт Яўг. Сіткевіч (“піша па-руску, здольны хлопец”). Сустрэчу нам арганізавала Р. В. Ганчарык, дырэктар магазіна пад- пісных выданняў. З ёю ў нас дружба.
28-га студзеня. Быў у ТЭМГу на спектаклі па п’есе Дударава “Палачан- ка”. Прыгожы, паэтычна змястоўны спектакль. Сцэнічная легенда. Гісторыкі, напэўна, зробяць папрокі.
1- га лютага. “Народная воля” апублікавала “Сказ пра Лігу чыстакроўных” Мікалая Яцвяга-Тубыльца. У скарочаным на адну трэць варыянце. Хачу ду- маць, што пасля “Лысай гары” і “Незвычайнай эпідэміі” гэта лепшая рэч з усіх маіх містыфікацый.
7- га лютага. Бачыўся з Кагутэнкам — наконт майго зборніка паэзіі, новых вершаў і паэм, які ён хацеў бы выдаць (калі знойдзе фундатара). Цікавы ча- лавек, закаханы ў кнігу, бессярэбранік, мог бы шмат зрабіць для беларускай літаратуры, калі б яму багатыя ішлі насустрач.
16-га лютага. Званіў Р. Гарэцкі — наконт юбілею Гаўрылы Іванавіча (у красавіку). Дамовіліся, што я выступлю на ўрачыстым пасяджэнні ў НАН.
17-га лютага. Заходзіў М. Купава — прыносіў на подпіс Зварот да бела- рускага народа ў сувязі з Днём Волі.
Званіў Я. Брыль — запрасіў на прэзентацыю яго кнігі ў ДЛ.
20-га лютага. Званілі з мінскай гімназіі № 12 — прасілі падарыць для іхняга Музея беларускай літаратуры кнігі, здымкі, рукапісы і г. д. Даў згоду. Заўтра прыйдуць гімназісты і забяруць. Дзякаваць Богу, што яшчэ трохі варушацца, каб падтрымаць беларушчыну.
22-га лютага. На прэзентацыі кнігі Брыля ў класічнай серыі “Кнігазбору” сказаў некалькі слоў і я, але, здаецца, не лепшым чынам. Нешта настрой быў вельмі кепскі.
23-га лютага. Ніну тэрмінова паклалі ў бальніцу: востры калькулёзны хале- цыстыт. Урач (заг. хір. аддз. Сацішур Я. А.) сказаў: будуць рабіць аперацыю, іншага выйсця няма. Якая нечаканая бяда звалілася! Бедная мая галубачка!.. Божа мой! — гэта пры яе букеце хвароб: печань, шчытавідка, падстраўнікавая і г.д. і г.д.!..
25-га лютага. Ніна ў бальніцы: пачалі даследаваць арганізм — рабіць самыя розныя аналізы. Гаротніца мая ў паніцы, кажа, што вельмі баіцца аперацыі.
26-га лютага. Ніна ў бальніцы. На душы трывожна. Настрой — кепскі.
27-га лютага. Ніна ў бальніцы. Новага нічога. Чакаем.
28-га лютага. Ніна ў бальніцы. Плача, як я зайду ў палату.
29-га лютага. Ніна ў бальніцы. Упала духам. Настроена вельмі трывожна. Сугалосна з ёю — і я.
1- га сакавіка. Ніна ў бальніцы. Плача. Гледзячы на яе, падаю духам і я. Супакоіць не ўмею.
2- га сакавіка. Ніна ў бальніцы. Усё тое ж. Вельмі-вельмі трывожна.
3- га сакавіка. Ніна ў бальніцы. Настрой той жа. Рыхтуюць да аперацыі.
4- га сакавіка. Сёння субота. Ніне дазволілі схадзіць дадому. Але і дома яна паніклая.
6- га сакавіка. Панядзелак. Вельмі-вельмі нядобры. У Ніны адкрылі: 1) хворая шчытавідка (у тры разы большая); 2) кістома, яічнікі. Трэба аперацыя ў гінеколагаў. І тэрмінова — калі нават аніёма і акажацца дабраякаснай. Бо яна можа хутка стаць нядобрай.
Загінуў М. І. Ермаловіч. Трапіў пад машыну таксі. Дакажы, што выпадкова.
7- га сакавіка. Ніна ў бальніцы моцна прастудзілася. Страшны кашаль. Прызналі трахеіт і адправілі лячыцца дадому.
Аддаў — нарэшце — Законнікаву “Паланез Агінскага”. Перад гэтым — упо- тай — паэму прачытаў Г. Дзмітрыеў. Сказаў: спадабалася. Але — аб’ём 1500 радкоў. “Не выцягнем”.
8- га сакавіка. Ніна ў паніцы, толькі і думае, як быць — з якой аперацыі пачынаць, і плача яшчэ гарчэй, чым дагэтуль.
10-га сакавіка. Зрабіў ксеракопію “Паланеза” — з экземпляра, які дабаўляю ў Трэці том Збора. Перачытваю амаль кожны дзень. Здаецца, тое, што я хацеў сказаць, сказаў: вайна была і грамадзянская. І па чыёй віне?
11-га сакавіка. Захварэў і я. І, відаць, надоўга. Ужо трэці дзень — балючы дзяркаты кашаль. Востры дзяркаты кашаль — гэта бронхатрахеіт. Ляжу і чытаю трохтомнік народных прыкмет і павер’яў У. Васілевіча. Які ён малайчына, гэты сын Алены Сямёнаўны! Якую выдатную кнігу зрабіў! Не нацешуся!..
13-га сакавіка. Дзіва дзіўнае: чытаю павер’і, захапляюся, радуюся, а мне — званок: “Н. С., думала я думала і прыйшла да высновы: толькі Вы можаце належным чынам ацаніць трохтомнік Ул. Васілевіча і напісаць для нас рэцэн- зію”. Г. Тычка — мая былая студэнтка. Ну што ты на гэта скажаш! Ну як тут адмовішся? А часу няма зусім. Да таго ж — страшна мучае хвароба.
15-га сакавіка. Адбылося магутнае шэсце — тысяч на 20–25 (некаторыя кажу- ць — 50 было). Гэта ўжо нейкі зрух. То дай жа Божа! Авось ды і абудзімся.
16-га сакавіка. А на 25 — на Дзень Волі — урад шэсце забараніў. Як і трэба было чакаць.
19-га сакавіка. Смурод, што цячэ з тэлевізара, немагчыма трываць. Асабліва ад Казіяткі. Закасаваў Зімоўскага ў сваім “сладострастным” слугаванні ворагам беларушчыны, у аплёўванні сумленных сыноў Бацькаўшчыны. Няўжо Бог не пакарае такіх запраданцаў?
25-га сакавіка. Ніна вярнулася ў бальніцу, адкашляўшы дома амаль тры тыдні.
А на вуліцах амапаўцы хапалі, збівалі і цягнулі ў “варанкі” тых, хто выйшаў святкаваць Дзень Волі. Тэрор працягваецца.
28 сакавіка. Хадзіў на адкрыццё семінара маладых пісьменнікаў; выступіў з успамінамі пра сваю першую нараду і першыя крокі ў літаратуры, але — без ніякага настрою. Здзівіўся, што на семінары амаль адны дзяўчаты, рэдка дзе ў зале хлапец. Фемінізацыя беларускай літаратуры?
3- га красавіка. Быў у Ніны ў бальніцы. Рыхтуюць да аперацыі — робяць дадатковыя аналізы.
Занёс Пісьмянкову “Роздумы”.
Зранку быў у прафесара Я.П. Дзямідчыка, прасіў, каб тэрмінова зрабілі Ніне анкалагічны аналіз шчытавідкі. А паўтрэцяй пазваніў яму, і ён мяне заспакоіў: страхі былі дарэмныя. Але ўвогуле лячыць шчытавідку трэба.
Сустракаўся з М.Б. Яфімавай, зрабіў заўвагі па рукапісу артыкула для кнігі пра выкладанне беларускай літаратуры ў школе. Мае “дзіцячыя” творы яна ведае дасканала і гаворыць пра іх вельмі хораша — не забіваючы, а пад- крэсліваючы паэтычнае і чалавечае.
4- га красавіка. “Народная воля” дала мае “Роздумы і згадкі”, у тым ліку — пра вайну з чачэнцамі ў ХІХ ст. Многія паспелі адразу ж мне пазваніць, уражаныя чачэнскай старонкай Роздумаў.
Ездзіў у “маёнтак”, глядзець, ці ёсць шпакі на нашай бярозе.
6- га красавіка. “Чырвоная змена” апублікавала тое, што я нагаварыў карэспандэнту Св. Пазняк у ДЛ у час семінара маладых. З павагай паставілася, нічога не збэрсала.
Вечарам быў на ўгодках Г. Дз. Карпенкі, літаратурную частку якіх сам жа і рыхтаваў (і мастацкую таксама — прасіў Фінберга і інш.). Усё прайшло на ўзроўні, былі паслы замежных краін і нашы аўтарытэтныя палітыкі. Выступалі паслы ЗША, Нямеччыны. А я праваліўся, забыў свой верш і закончыў канфузам. Які ўжо раз пераконваюся: трэба мець пад рукою тэкст! Ну стары чалавек, ну склеротык! Змазаў гэтым усё сваё і без таго не вельмі прадуманае слова.
10-га красавіка. Быў у НАН на ўрачыстасцях, прысвечаных 100-годдзю Г. І. Гарэцкага. Як і было дамоўлена, сказаў сваё невялічкае слова, якое за- вяршыў вершам, што быў напісаны мною да 80-годдзя Гаўрылы Іванавіча. Брыль і Зуёнак атрымалі слова, як ганаровыя акадэмікі, а я — ну, не захацеў жа… А які гонар? Які гонар быць “ганаровымі” ў небеларускай акадэміі? Яна даўно небеларуская, і асабліва — сёння. Змірыцца з гэтым немагчыма. Таму я і адмовіўся ад гэтага гонару, на пару з Быкавым.
13-га красавіка. Быў на выставе мастака Міх. Будавея, аўтара лепшага майго партрэта, — яго яшчэ дыпломнай работы. І сёння ён мне вельмі пада- баецца. Г этае ж сказаў мне Брыль пра свой партрэт — з той жа серыі (Брыль, Быкаў, Панчанка, Караткевіч, Гілевіч). А партрэты апошняга часу (Геніюш, Разанаў, Янішчыц, Адамовіч) менш цікавыя — на нашу агульную з Брылём думку. Дырэктар музея Хадкевіч нечакана даў мне першаму слова — і давя- лося імправізаваць, бо не разлічваў, — прыходзіў, каб паглядзець і спаткацца з М.Будавеем, якога даўно не бачыў.
14-га красавіка. Па запрашэнні М. Купавы быў і выступіў на адкрыцці традыцыйнай — да Дня Волі — выставы суполкі “Пагоня”. Народу было як ніколі — бітком набіта. Слова сваё я падрыхтаваў — таму прагучала, калі меркаваць па воплесках, хораша.
А выстава — не з лепшых. Папярэднія, здаецца, былі цікавейшыя.
16-га красавіка. Ніна зноў дома і зноў па той жа прычыне: прастудзілася ў бальніцы і — трэба лячыць “кашаль”, пры кашлі аперацыі не робяцца.
У пятніцу “ЛіМ” апублікаваў маю падборку роздумаў і згадак — пад назвай “Быў час, быў век, была эпоха” (назву прапанаваў мне Мікола). За гэтыя два дні атрымаў шмат званкоў (Брыль, Ліс, Васілевіч і інш.). Асабліва заінтры- гаваныя сябры першым кавалкам — “Пра паэта Лысагорскага”. Ніхто такога не чуў, і ўсе падумалі пра Ведзьмака.
22-га красавіка. Званіў В. Казько, запрасіў на яго юбілейны вечар і на чарчыну з нагоды. Трэба абавязкова схадзіць і нешта сказаць з гэтае нагоды. Можа, нават вершыка якога прысвячу яму, калі прыдумаю: надта ж слаўны чалавек!.. Ніна казала, што бачыліся — выпадкова — у бальніцы, і таксама пацвердзіла: “Які ён чалавечны, шчыры, добры!..”
23-га красавіка. Званіў Я. Цумараў, крыўдуе, што ТБМ не прадае выдадзе- ную ім кніжыцу пра ТБМ (пра яго першыя 8 гадоў, матэрыялы і дакументы).
Буду гаварыць з Трусавым, — у чым жа справа? А хто тады будзе яе прада- ваць, калі не ТБМ?
29-га красавіка. Ранічкой заходзіў—па настойлівай просьбе — нехта Лісоўскі, інжынер, будаўнік помніка ахвярам на Капыльшчыне, патрыёт беларушчыны, энтузіяст. Пакінуў мне для азнаямлення сваю перапіску з бюракратамі.
1- га траўня. Па “Свабодзе” прагучала доўгая перадача пра “Лысую гару”, — шмат лухты і ніякага набліжэння да ісціны, да высвятлення аўтарства. Наогул, уражанне такое, што задумана гэта размова для таго, каб абясцэніць паэму, прынізіць яе значэнне і ролю. Відаць, упэўніліся нарэшце, хто аўтар. Не той, зусім не той, якога б яны хацелі і маглі пахваліць. У іх вялікае расчараванне! Таму давай будзем патроху бэсціць!
2- га траўня. Ніну паклалі ў бальніцу. На аперацыю. На гэты раз — рэальна. Назначылі на наступны тыдзень. Тут святаў шмат: і Перамога, і Радаўніца.
4- га траўня. Аперацыю назначылі на 11 — га, чацвер. Будзе рабіць стары прафесар Герасімовіч. Вельмі трывожна на душы.
5- га траўня. Быў у “маёнтку”, закончыў падборку роздумаў для “НВ”. А “Звязда” трэцяга кавалка штось не дае. Два апублікавала ў канцы красавіка — пра нямецкія цукеркі і пра верасень 1939-га, а водпаведзь тым, хто агулам бэсціць беларускую паэзію савецкай эпохі, не даюць. Што здарылася? Хто затармазіў?
11-га траўня. Ніне зрабілі аперацыю. З раніцы рабілі. У 17.30 урач сказаў: нармальна, без ускладненняў, павінна быць усё добра. Каб жа ды даў Божа! Бедная, бедная мая Іванаўна!..
12-га траўня. Ніна трохі адышла ад наркозу, але чуецца кепска. Трымаюць на кропельніцах.
13-га траўня. Нібыта трохі павесялела мая пакутніца, але, але!..
“НВ” змясціла чатыры мае кавалкі пад агульнай назвай “Ганебныя ўгодкі”. Апошні — пра крывавыя расправы над беларускімі пісьменнікамі. А дома ў мяне яшчэ чатыры кавалкі — у працяг гэтых. Занясу і іх Сярэдзічу.
14-га траўня. Не падабаецца мне самапачуванне маёй беднай Іванаўны. Ташната і рвоты, якія яна выклікае штучна. Якое ж гэта выздараўленне?!.
16-га траўня. Ніне кепска, а яе перавялі ў агульную палату. Маўляў, пяць дзён прайшло — хопіць, вызвалі ложак іншым. А ёй — вельмі кепска. Быў з 17 да 19 — чатыры разы падводзіў да ракавіны, выклікала — у страшэнных муках — штучныя рвоты. У 19.00 яе паглядзеў урач С.С. Сцебуноў, неадкладна загадаў піць барый, каб у 24.00 зрабіць рэнтген. Западозрыў спайку тонкіх кішок. Гэта часта здараецца пасля аперацыі на брушной поласці.
17-га траўня. Вечарам, з 18 да 20.30, Ніне зрабілі паўторную аперацыю — убіралі спайку кішок. Перад гэтым тройчы на працягу дня вазілі (за 300 метраў, у другі корпус) на рэнтген — і кожны раз нічога новага: барый не праходзіць. Спайка. Марудзіць нельга ні трохі. Узялі з мяне і Ніны згоду на аперыраванне — бо гарантый, што арганізм вытрымае, ніякіх — і ў 6 гадзін вечара павезлі ў стары корпус рэзаць нанава… Прафесар Рычагоў Г. П., урачы Рубашэнка В. П., Сцебуноў С. С. і Калядка А. М., — каманда самая моцная, якую можна ўявіць… Аперацыя, па словах усіх удзельнікаў, прайшла добра, Ніна вытрымала яе гераічна, цяпер — усе надзеі на Бога. Каб толькі ніякіх нечаканасцяў! Божа прамілы, прасветлы! Памажы нам! Яві сваю літасць і ласку! Яна ж — святая жанчына!.. Ну я — грэшнік, можа, і вялікі, ну пакарай мяне! А яе — завошта? Завошта ёй такія мукі трываць?..
18-га траўня. Усе надзеі — на Бога. Кажу так, бо ўрачы — перш за ўсё тыя, што рабілі аперацыю, — робяць усё для маёй Іванаўны, як для сваёй роднай маці. Стан пакуль што — крайне цяжкі, крытычны. Усё акрэсліцца ў бліжэйшыя два-тры дні.
19-га траўня. Пра нейкія, хоць маленькія, зрухі да лепшага гаварыць рана. Малюся і плачу.
20-га траўня. На працягу дня — нібыта нейкае троху паляпшэнне. Але пасля таго, што здарылася, у душы — адзін страх, і верыць у паляпшэнне проста баюся. Ды і ці ёсць яно? Прыйшоў у 17 — нібыта крыху павесялелая, адыходзіў у 20.30 — выгляд зусім-зусім нядобры.
21-га траўня. Раніцою нічога хоць трохі суцешнага, чаго я чакаў, урач не сказаў. Да абеду быў там Сяргей з Таняй, з 17 да 19.30 быў я, затым і сын прыйшоў. І стала мне так трывожна, аж пачало сэрца млець. Нават учора Ніна пачувалася і выглядала лепш. Амаль не гаворыць, нічога не кажа. Адно прашаптала: ці званіў Багдан? У 19 А. М. Фурсевіч выцягнуў зонд — па яе просьбе… Кажа, што чуе перыстальтыку, можа, і чуе, але ж чаму яна ў такім цяжкім стане? У 23.00 пазваніў медсястры. Адказала: змен ніякіх. Пад кропе- льніцай. І — не хвалюйцеся так, у яе ж добрыя сённяшнія аналізы. — Якія? — Біяхімічны. Не ведаю, што там за добрыя аналізы. Ведаю, што сну ў гэту ноч мне не будзе ні трохі — не знаходжу сабе месца.
22-га траўня. Ніна, здаецца, чуць-чуць павесялела. Божа прамілы-прасветлы, злітуйся і дапамажы, вярні нам надзею на радасць чалавечую!..
23-га траўня. Падобна, што міласэрны Бог пачуў мае малітвы: Ніне сёння яшчэ трохі палепшала. Але, але!.. Да спакою яшчэ далёка.
Заходзіла дачка А. Жамойціна Зарына; вярнулася з Югаславіі, прывезла ад М. Джэркавіча два яго зборнікі і бутэльку віньяку. Просіць прыслаць най- ноўшыя вершы. Я сэнсу не бачу ў гэтым: нічога ён не зробіць. Зрэшты, перадаў жа яму праз З. свае апошнія кнігі — “На высокім алтары” і “Ёсць зямля”.
24-га траўня. Да абеду быў на ІІІ Кангрэсе беларусістаў, выступіў з прывітальным словам, а па сутнасці — з вострай палітычнай прамовай. Адам Мальдзіс ажно спужаўся і на правах старшыні зрабіў да майго выступу ўда- кладненне, што мая крытыка не датычыць прысутных расійскіх беларусістаў. Ну чаму ж не датычыць? Таварыша Сураўцава (і калі ён стаў беларусістам?) вельмі нават датычыць.
Пад вечар хадзіў у бальніцу. Гутарыў з урачом. Суцяшае, што ўсё будзе добра, ідзе на папраўку. Пачалі даваць адвар і сок.
25-га траўня. З раніцы быў на сустрэчы з гімназістамі (№ 24), па просьбе К. М. Смірновай, там вучыцца яе ўнучка. Слухалі вельмі ўважліва, задавалі пытанні, і не толькі нейтральныя.
А ў 14.30 сустракаўся з настаўнікамі, якія ў Мінску на курсах пера- падрыхтоўкі. Застаўся задаволены, поўнае ўзаемаразуменне па асноўных набалелых пытаннях жыцця.
Учора з Венетай Г еоргіевай (была на Кангрэсе) адправіў у Софію артыкул пра кнігу Н. Радзева, — для газеты “Български писател”. Сёння перачытаў копію і ўсумніўся: ці патрэбна было мне гэта рабіць? Балгарскі “цягнік” даўно пайшоў. Што — даганяць буду? У маім сённяшнім стане?.. А вось жа нейкі чорт падбіў, і некалькі вечароў ахвяраваў на “старую песню” сваю, якая стала ўжо сумнай-сумнай.
30-га траўня. А 17-й быў у бальніцы. Пагаварыў з урачом С. Сц. Сцебуновым, якому найбольш веру. Запэўнівае, што працэс зажывання і выздараўлення ідзе “па плану”, як трэба. Праз тыдзень, сказаў, адправіць у Гарадзішча.
1- га чэрвеня. У “Народнай волі” апублікаваны мае чарговыя кавалкі “роздумаў аб жыцці-быцці нашым”. Здаецца, трэба ўжо мне спыніцца, досыць. Хоць людзі кажуць, што ім маё слова вельмі патрэбна. Баюся вось чаго: мае кавалкі ствараюць ілюзію, што ідзе змаганне, і людзі чакаюць, спадзяюцца. І самі маўчаць, і сядзяць, як мышы пад венікам.
Апрача таго — выдыхся я дарэшты, стаміўся страшэнна, чуць цягаю ногі. Нядаўна было пытанне: Колькі вас у СП? — 500, кажу. — А дзе астатнія 499, што вы адзін на барыкадах? — Не адзін, кажу, але… ну, так, на барыкадах нашага брата мала.
2- га чэрвеня. Дзень нараджэння Ніны “адзначылі” ў бальніцы — прынеслі з сынам ёй кветкі, выпілі мінералкі. Растуць надзеі, што гора нас абмінула.
6- га чэрвеня. Юбілейны вечар А. Дударава. У спектаклі ролю Дабрыні выконваў ён сам, аўтар. Здаецца, зразумеў, чаму А. А. пакінуў у свой час сцэну. Быў сёння ў ролі статычны і нецікавы, асабліва ў параўнанні з Жуком. Затое — вячэра, банкет!.. Чалавек трыста, пры перагружаных бутэлькамі і смакатой сталах. Мне і фальварка, прадаўшы, не хапіла б, каб расплаціцца. Спытаў: “Адкуль і як, А. А.?”. Адказаў: “Приорбанк”. Рэзюмэ: ніколі чалавек, які можа пры гэтым рэжыме так шыкавацца, не пойдзе на барыкады. Будзе змагаром на адлегласці.
Наконт п’есы: зноў думаю, наколькі апраўданае перакантаванне гістарычнай праўды?..
7- га чэрвеня. Вечар Э. Акуліна ў Чырвоным касцёле. Сенсацыя: тыраж яго зборніка “Радно” пайшоў пад нож — з-за верша “Паэт”, прысвечанага Нілу Гілевічу. Далі і мне слова. Сказаў: “Не засмучайся, Эдуард, гэта факт, які ўпрыгожыць тваю біяграфію. Будзеш пасля ганарыцца. Няшмат такіх эпізо- даў было ў гісторыі нашай літаратуры”. Пасля было невялікае застолле, дзе я сказаў М. Скоблу ўсю праўду, хто і як перасяліў філфак на К. Маркса, у корпус былой партшколы. Заслугі А. А. Лойкі толькі тыя, што перавёз, будучы дэканам, дакументацыю, бібліятэку і сёе-тое з мэблі.
8- га чэрвеня. Ніну завезлі ў Гарадзішча. Суправаджаў. Пасялілі не лепшым чынам, з хворай бабуляй. Ёй бы цяпер пабыць адной, без цікаўных і далёкіх ад…
13-га чэрвеня. Запрашаюць на вечар М. Забэйды (100-годдзе) у Дом дружбы, на заўтра, але — не выпадзе. Ды і абураны “маштабамі” вечара. Гэта ўрачыстасць павінна праводзіцца ў Оперным, ці ў Купалаўскім, з удзелам усёй духоўнай эліты… А яны — вузкім колцам у ДД. Дзеля “птушачкі”.
21-га чэрвеня. Забраў Ніну з Гарадзішча. Трохі падужэла. Але яшчэ і тое і тое непакоіць, і давядзецца хадзіць у бальніцу. Вельмі перажывае: як будзе з ёю на факультэце, хацела б яшчэ трохі папрацаваць.
22-га чэрвеня. Занёс у “ЛіМ” новыя чатыры кавалкі з “Быў час, быў век, была эпоха…” Усё цяжэй даецца мне гэта публіцыстыка. Усё менш адчуваю агню і жару. А на тлеючых вугальчыках астылыя душы не сагрэюцца.
27-га чэрвеня. Учора званіў Г. Дзмітрыеў — наконт “Паланеза”. Могуць даць 400 радкоў. А ў ім — 1500. Сёння хадзіў у рэдакцыю, была доўгая размова, выйсця не знайшлі, з вялікім шкадаваннем забраў. Нават безганарарны не атрымліваецца, — нейкія жалезныя правілы не дазваляюць. Вось і “дажыліся палякі”…
30-га чэрвеня. Апошні “ЛіМ” — пусты, як і папярэдні. Чытаць няма чаго. Ні крытыкі, ні публіцыстыкі… Пасля 1987–1996 гадоў — неверагоднае апушчэнне, і чым далей — тым горш. Гэтак можна даехаць і да ўзроўню “ЛіМа” жычкаўскага… Вось вам і “няма цэнзуры”. Цэнзуры нібыта няма, але і свабоднага дыхання няма. Няма размовы пра тое, што баліць. А без гэтага газета мёртвая.
1- га ліпеня. Заходзіў Андрэй Мазько з Янава-Палескага, аўтар кнігі вершаў “Жывы калодзеж”. Паказаў калектыўныя зборнікі паэтаў Берасцейшчыны, галоўны віноўнік якіх — А. Каско. Малайцы, берасцейцы! Асабліва ўразіў “Дзядзінец”.
Г осць — чалавек прыстойны, сціплы. На жаль, адчуваецца адарванасць ад вялікага літаратурнага табару. У правінцыі свае меркі. Даў яму рэкамендацыю ў СБП; чалавек, несумненна, здольны.
2- га ліпеня. Да абеду быў на IV Кангрэсе дэм. сіл Беларусі, далей быць не хапіла сілы: ні стаяць, ні сядзець, і на абмеркаванне рэзалюцый не застаўся. Даклады і прамовы, за выняткам дзвюх-трох жаночых, былі змястоўнымі, палымянымі і галоўнае — мэтанакіраванымі. Усе білі ў адну кропку: у такіх выбарах, якія плануюцца, удзельнічаць нельга. Толькі — калі будуць прыняты чатыры ўмовы апазіцыі! (А яны прыняты не будуць.) Вельмі задаволіла мяне атмасфера на Кангрэсе. Нашы сілы растуць! Час працуе на Беларусь.
А ў 16.00 глядзеў і слухаў Гэнага. Гаварыў на беларускай мове. Увесь час акцэнт на тым, што галоўная задача — умацоўваць суверэнітэт Беларусі. Каб не бачыў, хто на экране і не знаёмы скрыпучы голас, падумаў бы, што сяджу на Кангрэсе ДСБ, адкуль гадзіну назад вярнуўся.
3- га ліпеня. А на плошчы Перамогі Г эны гаварыў зусім іншае. Зноў — тая ж самая песня аб яднанні і аб’яднанні.
Як усё-такі недарэчна да Дня вызвалення Мінска далучылі Дзень незалеж- насці! I аб’явілі галоўным святам краіны — Днём Рэспублікі. Аднойчы, веру, усё стане на сваё месца, “і першым святам Бацькаўшчыны стане Дзень 25-га сакавіка!” Абавязкова стане!..
На многіх ветэранаў глядзець і балюча, і сумна: так нічога і не зразумелі, якія перамены ў свеце і ў нас адбыліся.
19-га ліпеня. Думаў-думаў і ўсё-такі згадзіўся выступіць на Усебеларускім З’ездзе з дакладам (садакладам!) на тэму: “Суверэнітэт і культура” (дакладна будзе: “Дзяржаўная незалежнасць і нацыянальная культура”). Не ведаю толькі, як пры гэтым стане здароўя змагу падрыхтавацца, — каб не абняславіцца.
28-га ліпеня. “ЛіМ” апублікаваў мае публіцыстычныя нататкі (аж чатыры) пад агульнай назвай “Быў час, быў век, была эпоха…” Ну так: гэта — матэрыял для характарыстыкі часу, у якім давялося жыць.
29-га ліпеня. Выступіў на Усебеларускім З’ездзе. Зала прыняла маё слова (а гэта было менавіта слова, а не даклад) вельмі-вельмі горача, з многімі во- плескамі — усеагульнымі і бурнымі. Хоць сам не лічу яго маёй самай лепшай прамовай. Проста — шмат душы і сэрца ўклаў — і ў тэкст, і ў “выкананне”. Думаю, што на вялікай трыбуне і на вялікім форуме — гэта мая лебядзіная песня. Лепш не здолею — выцягнуў на апошнім дыханні. На гэта і трэба настроіцца. Хіба што — дажыву да перамогі над рэжымам? Але тады будзе радасць, а гэта — не тая тэма, мая — боль, смутак, гнеў.
3- га жніўня. “НВ” апублікавала маё слова на З’ездзе, за што шчыра ўдзяч- ны Сярэдзічу. Хай пачытаюць тыя, каму таксама баліць. Сёння ж “Наша Слова” апублікавала мае “Роздумы” — запіскі розных гадоў. Дакладней, сёння прынеслі газету (за 26 ліпеня). Тры месяцы праляжалі ў рэдакцыі! Пры іх вострай надзённасці (асабліва двух апошніх кавалкаў). Нечага не разумею ў паводзінах рэдактара.
24-га жніўня. Двойчы, калі мяне не было ў Менску, званіў чагосьці І.Каравайчык, які ў сваім “Здравом смысле” напісаў, што Н. Г. у палітыцы — як слон у пасуднай краме. Ну, нахаміў, ну а я плюнуў. I што яму трэба? Папрасіць прабачэння хоча? Дык прыму толькі апублікаванае ў ягонай жа газеце, а не вуснае.
4- га верасня. Я памыліўся: Каравайчык не толькі не просіць прабачэння за хамства, але пайшоў у сваіх цынічных прэтэнзіях далей: паласнуў беларускую творчую інтэлігенцыю ў чарговым нумары сваёй газеты — і прыслаў нумар мне. Ён выбраў шасцярых (Быкаў, Гілевіч, Гарэцкі і інш.) і звярнуўся да нас з адкрытым лістом, каб мы асудзілі Усебеларускі З’езд і яго рашэнне, каб не падтрымлівалі радыкальную апазіцыю ў пытанні аб выбарах і г.д. Дзівак чалавек, ці вар’ят? Ці цынічны нахабнік? Аказваецца, дзеля гэтага і званіў. Чакае адказу. Не дачакаецца. Бо — занадта ўсё зразумела.
12-га верасня. Хадзіў на юбілейны вечар Г. Каржанеўскай. Давялося сказаць невялікае слова. Напрацавала яна за чвэрць веку нямала, я нават здзівіўся: кнігі лірыкі, паэзіі для дзяцей, каля 20 п’ес для дзіцячых тэатраў (10 пастаўлена), мноства артыкулаў публіцыстычных, мноства рэцэнзій… I актыўная грамадская дзяячка. Патрыятычнага накірунку. Вось пра гэта я і сказаў. Нагадаўшы, што фактычна і мая зямлячка: школу канчала ў Янушкавічах. Была вельмі рада і ўдзячна, што я прыйшоў, а яшчэ і выступіў. А я быў балюча ўражаны, што на вечары Г. К. не ўбачыў ніводнай паэтэсы (апрача З. Дудзюк з Брэста) і нао- гул ніводнага пісьменніка (апрача А. Петрашкевіча; “ЛіМаўскіх” калег Г. К. і апаратчыкаў СП — не лічу, — гэта па афіцыйнаму абавязку). Вось так, дарагія мае!.. Слова пра жыццё і творчасць Г. К. паспрабаваў сказаць малады (35 гадоў) доктар філалогіі А. Бельскі.
У “Звяздзе” Т. Бондар выступіла з ваяўнічых пазіцый супроць беларускіх пісьменнікаў, якія не хочуць яднацца з Расіяй, а хочуць незалежнасці. Міжволі ўспомніўся 1988-ы, і яе збор подпісаў, каб скінуць Н. Г-ча з пасады Першага сакратара СП. Цяпер яна — апантаны абаронца славянскага адзінства. I пасаду атрымала (апрача таго, што рэдактар): прэзідэнт ці старшыня Міжнароднага Форума “Паслы славянства”. Між іншым, убрыкнула Дударава за негістарыч- ную, занадта вольную трактоўку вобраза Рагнеды ў “Палачанцы”.
13-га верасня. Меў сустрэчу і гутарку з У. Конанам — наконт стварэння Вольнай Беларускай акадэміі (ВБА). Гэту ідэю ён выказаў гадоў 9 назад у адным з артыкулаў у “Полымі”. Я наткнуўся на яго артыкул тыдні два таму — і вельмі загарэўся гэтай задумай, лічу, што трэба абавязкова яе ажыцця- віць. Рэч у тым, што ў НАН буйнейшыя вучоныя-гуманітарыі і пісьменнікі не ўваходзяць, у ёй беларускага духу скора не застанецца зусім. Патрэбна альтэрнатыва. Патрэбна аб’яднанне выдатных, знакамітых навукоўцаў (для пачатку — гуманітарыяў), уваходзіць у якое, быць яго членам — гонар больш высокі, чым быць у НАН. I весці ў ВБА адпаведную навуковую працу (кан- ферэнцыі, даклады, зборнікі і г.д.). Узгаднілі першыя імёны для Устаноўчай групы. Конан будзе думаць, — ён лепш ведае навукоўцаў, — каго запрасіць яшчэ… Наконт некаторых названых мною імён — у яго ёсць “пытанне” (я нават здзівіўся). Гэта мяне трохі занепакоіла: каб не ўзялі курс на “секту”, замест акадэміі. Вядома, проба на беларускасць павінна быць вельмі высокай, але — і давер павінен быць да паплечнікаў па змаганні.
27-га верасня. Сустракаўся з настаўнікамі ў Ыстытуце ўдасканалення. Звычайна, як і раней. Без энтузіязму — і з іх боку (не адчуў), і з майго. Усе яны — як у ваду апушчаныя. I не да паэзіі ім. Пра кавалак хлеба думаюць. А тут паэта прывялі…
30-га верасня. Споўнілася 69. Чуюся на 79. Задыхаюся, асабліва ноччу. Віншаванняў было больш, чым мог спадзявацца (у асноўным — па тэлефоне). Ад сяброў — адно-два. Ну і яно сабе. Усё ідзецца, як і мае быць. Без ілюзій.
3- га кастрычніка. Званіў Матукоўскі, сказаў, што Быкаў перадаваў мне прывітанне. Паверыць? Не ведаю. Усё схлусілася ў гэтым свеце. Можа, і пе- радаваў. “За кампанію”.
6- га кастрычніка. Быў — па запрашэнні Я.Д. Грыгаровіч — на юбілейнай інаўгурацыі ў БУК. Уражанне — самае добрае. Можа, нават і выкажу свае думкі ў друку.
17-га кастрычніка. Сустрэча са студэнтамі педуніверсітэта. Традыцыйная (ужо гадоў пяць сустракаемся). Моладзь — усё такая ж: настроена вельмі патрыятычна. I разумее паэзію, што таксама радуе.
18-га кастрычніка. Аддаў У. Лапцёнку рукапіс зборнічка “Лірычныя мінія- цюры” (назва будзе іншая, можа, па нейкім вершы). Гэта — для серыйнага выдання “малютак”, галоўным рэдактарам якога ён папрасіў быць мяне. Я ж і склаў яму (яшчэ вясной) праспект усяго выдання — па тэмах і па імёнах, агулам больш 70-ці кніжачак. Не ведаю, як будзе ажыццяўляцца гэта яго задума, ці хопіць пораху. Ужо адчуў, як умешваюцца і дыктуюць яму волю гэтыя — усюдыісныя.
23-га кастрычніка. Сустрэча са студэнтамі тэхналагічнага (па “Знічу”). Ужо другая ў гэтым месяцы. Надзіва хораша ўспрымаюць і паэзію і “пуб- ліцыстыку” (адказы на запіскі) тэхнолагі, будучыя інжынеры, спецыялісты не гуманітарных прафесій.
24-га кастрычніка. Пазваніла Н. Семашкевіч, што ёсць карэктура майго 3-га тома. А я, па шчырасці, ужо і карэктуры не чакаў. Ну, што, памажы Божа! Каб і кніга, хоць да Новага года, паявілася. Каб хоць трохі весялей на душы стала. Але пэўнасці няма ніякай. Ніякай! Пры такіх няпэўных парадках у краіне… чакай, чаго хочаш.
25-га кастрычніка. “Звязда” апублікавала трэці, апошні, кавалачак маіх нататак пра неабыдзённае. На тыя два першыя былі добрыя званкі — нібыта “на тваім узроўні”.
Яшчэ адна сустрэча ў Тэхналагічным. Апошняя. Вычарпаўся да астатку. Усё. Перадыхнём. Схаджу яшчэ на ўжо запланаваныя сустрэчы ў Мінскі ін- стытут кіравання (недзяржаўны) і ў Ыстытут перападрыхтоўкі спецыялістаў с/г тэхнікі — і пасля нікуды ні кроку. Вычарпаўся.
26-га кастрычніка. Зранку гадзіны дзве забраў Я. Я. Крыцкі — рэдактар “Книжного колейдаскопа”. З яго гаварлівасцю мог бы забраць і цэлы дзень. Хоча зрабіць часопіс цікавым, чытэльным і кідкім. Можа, і зробіць, энергіі, бачна, шмат. А вось ці зробіць яго беларускім (хоць бы напалавіну) — сумняваюся: у штаце рэдакцыі людзі, далёкія ад беларускай літаратуры і культуры, і зусім не сябры, мякка кажучы, нашага Адраджэння. Будуць гнуць сваё, эсэсэраўскае. Першыя пяць нумароў, прынамсі, для іншай высновы падстаў не даюць. А выдае “КК” — А. П. Аношка, вельмі мне сімпатычны беларус з Лепельшчыны (летась ён выдаў дзве паэмы — Дамавіка і Раскапэнды).
30 кастрычніка. Сустрэча ў Мінскім інстытуце кіравання. Самая цікавая з усіх за гэты год.!нстытут уразіў незвычайна! Перш за ўсё тым, чаго можна дасягнуць прыватнай ініцыятывай, калі прыкласці розум (вялікі!), сэрца і рукі, адным словам — творчую энергію, натхненне. Што ўжо яны паспелі зрабіць, пабудаваць, а якія планы, перспектывы! А як пастаўлены вучэбны працэс! Першая скрыпка — сам рэктар Мік. Вас. Суша. Ён усё цягне, — з калектывам, вядома. Выдатны арганізатар, думаю, што і навуковец таленавіты. Асоба. Не абы-якая асоба. Гутарылі з ім доўга. I да пачатку, і пасля. Мог бы спакойна кіраваць усім міністэрствам, а то і гаспадаркай усёй краіны. I быў бы лад. Дарэчы, сам быў на сустрэчы да канца — і адкрыў, і закрыў. Ужо гэта пра многае гаворыць (да яго — ніхто нідзе). Ну, і ганарар мне выдалі — амаль як Еўтушэнку ў Амерыцы.
1- га лістапада. Сустрэча ў Ыстытуце перападрыхтоўкі пры БДАТУ. Не ўзрадавала. Дзеля птушачкі. Планавая. Запрашалі філосафаў, гісторыкаў, ну і мяне, — для лекцыі, а не для паэзіі. Такой казёншчынай старых часоў дыхнула! Між іншым, і ганарар — у 20 разоў меншы, чым быў заўчора. Таму што тут дзяржаўная стаўка, а там — ацэнка па якасці, ведаюць, каго запрасілі.
10-га лістапада. “ЛіМ” апублікаваў мае “Усмешкі з чорнай восені”. Ні ад каго ніякага водгуку не чакаю. Асабліва ад калег і некаторых сяброў. Бэнд- зьце здровы, кумпякі! Але помніце, што я вас не прадаваў. Бог сведка!.. Ён жа бачыў, што рабілі вы.
11-га лістапада. У палацы “Сукно” мінскі прафсаюз праводзіў акцыю- канцэрт у абарону культуры і працаўнікоў на ніве культуры. У акцыі пры- няў удзел і я, — па звышнастойлівай просьбе У. Ад. Мамонькі. Прачытаў пяць васьмірадкоўяў і сказаў некалькі слоў. Заклікаў да актыўнай дзейнасці і — крый Бог — не маўчаць. Не думаць, што вашу місію выканае вясковы электарат Гэнага. З пісьменнікаў на акцыі былі: А. Дудараў і А. Вольскі. Апошні прагрымеў пад “фанеру” агульшчыну, Аляксей — па-жывому, разумна і досыць востра.
15-га лістапада. Хадзіў да земляка Міколы Тонкавіча. Не бачыліся, можа, і гадоў сорак, — не прыпомню. Вельмі хораша пагутарылі, паўспаміналі. У яго мілая жоначка, на жаль, як і ён — трохі калека. Вельмі душэўная жанчынка. Угаварыў Міколу, каб склаў свой зборнік. А я напішу прадмоўку.
20-га лістапада. Заходзіў у “Полымя”, па дарозе дадому. Бачыў Законніка- ва. Сказаў, што з пятніцы ў Мінску Быкаў, сёння ці заўтра паедзе назад, у Франкфурт на Майне. Законнікаў будзе друкаваць яго старое (1985) інтэрв’ю, — вялікае, старонак на сто, — узятае Адамовічам. Сказаў С. I., што досыць цікавае, асабліва некаторыя мясціны.
24-га лістапада. Сёння чакалі мяне ў Гайне. На свята. На жаль, паездка сарвалася, — па стану здароўя. Дакладней, няма ніякай сілачкі.
30-га лістапада. Вечар Караткевіча ў ДЛ. Быў. Слухаў. Бедна і сумна. Зусім не на тым узроўні, якога варты У. С. I крыўдна, і горка, і сорамна. Калі ж скончыцца гэтае ганьбаванне нашай культуры? Божа, дзе ты?!.
6- га снежня. Учора пачаўся З’езд беларусістаў. Сёння на некалькі хвілін слова атрымаў я. “Г ваздаў” усё тое ж. Пра іншае не бачу сэнсу. У першым радзе сядзеў і спаў — пасля ночы ў дарозе — С. Я. (Гэта было ўчора.) Сёння была вячэра. Падыходзіў а. Надсан. М. Варчэня (Карпенка) расказала неверагодныя рэчы пра новую рэдактарку “Алесі”. Давідоўская мне і Конану крыкнула ў якасці тоста: “За Вольную Беларускую Акадэмію!..” Значыць, яна ў курсе. Баюся, што гэтым тостам усё і скончыцца.
7- га снежня. Юбілейны вечар В. Жуковіча. Хадзіў і сказаў слова, за якое вельмі дзякаваў юбіляр. На “другім аддзяленні” былі цудоўныя дранікі. Ся- дзелі з М. Захарэвіч, расказвала жахі пра Купалаўскі тэатр, пра яго дырэктара. Зусім не той! — не змагар за Беларусь.
15-га снежня. У 15.00 у НБ, выстава Э. Агуновіча як графіка і жывапісца. Давялося трохі сказаць, — з павагі да гэтага моцнага беларуса. А ў 17.00 — у ДЛ, у бібліятэцы, — юбілейная вечарына Алеся Барскага. Браў слова, — як і было дамоўлена. Стараўся аддаць яму належнае. Згадаў, як гадоў 20 назад на нейкай вячэры ў Мінску (на філфаку?) Барскі сказаў мне: “Ды лопне і разваліцца гэтая імперыя, вось пабачыш!..”
16-га снежня. Увесь дзень правёў на канферэнцыі, арганізаванай М. В. Сушам, дырэктарам МIК. Досыць сумна. Каб табе адно слова на беларускай мове! Парываўся выйсці і сказаць сваё — г. зн. куды ідзем? На якую мараль і культуру працуем? I не выйшаў. Такая апанавала апатыя… страх! Які сэнс выходзіць? Перад кім? А мо і дарэмна?..
20-га снежня. Спектакль “Зніча” ў!нстытуце ўдасканалення. Звыкла — як заўсёды. I жывая рэакцыя, і дзясяткі пытанняў, і поўны кантакт… I аднак жа — без асаблівага натхнення з майго боку. Стома — ва ўсіх фібрах, ва ўсіх клетачках душы.
22-га снежня. Юбілейны канцэрт аркестра М.А. Казінца. Міх. Ант. быў у бліскучай форме. Яшчэ раз пацвердзіў свае магчымасці. А ў мяне ўвесь час на душы нейкія смуты. Куды ты хілішся, сябра? Апомніся! Другі Міхась, Паўлавіч, віншуючы сказаў: “А наша песня, наша музыка будзе жыць, і яе не задушаць!” Сярдзіта сказаў. Значыць — душаць? Душаць!..
28-га снежня. Сустрэча са студэнтам Андр. Жыдовічам, па яго просьбе. Быў і яго сябра. Больш гадзіны прахадзілі паркам, каля ДЛ. Хацелі ведаць маю думку наконт палітычнай сітуацыі і пэўных дзеячаў, наконт мовы. Быў з імі да канца шчыры, бо здаліся мне сумленнымі і сімпатычнымі.
31-га снежня. Год скончыўся. I век. I тысячагоддзе. А трэці том так і не выйшаў. Перанеслі на 2001. Значыць, чацвёрты перанясецца на 2002 (у лепшым выпадку). Рэдактар Н. Семашкевіч супакойвае, што ў пачатку года трэці выйдзе. А я ўжо амаль не перажываю.