Глава 5. Рома ў Нікарагуа, Коста-Рыцы і Панаме

Глава 5. Рома ў Нікарагуа, Коста-Рыцы і Панаме

Дэпартацыя

Праз месяц рэлаксу ў Гандурасе мы нарэшце дабіраемся да мяжы з Нікарагуа. Памежны пост размешчаны ў смярдзючай п’янай вёсцы на беразе бруднай ракі. Без праблем праходзім гандураскую мяжу, але на нікарагуанскай нас чакае ліхі замес.

За шклом сядзіць мардаты няголены мужык у некалі белай кашулі і, нават не зірнуўшы ў нашы пашпарты, патрабуе з кожнага дванаццаць даляраў. Вопыт перасячэння межаў падказвае, што гэта развод. Да таго ж мы як след прачасалі інтэрнэт на тэму памежных збораў у Цэнтральнай Амерыцы і не сустрэлі ніводнага слова пра грашовыя выдаткі на нікарагуанскай мяжы. Я патрабую ад памежніка паперу, дзе распісаныя візавыя зборы за ўезд у краіну, але ён проста смяецца мне ў твар:

– Ты каму верыш, мне ці інтэрнэту? Я тут закон!

Пасля гэтай фразы мне ўжо цяжка сябе стрымаць. У ход ідуць пасведчанні журналістаў, якія на секунду гасяць запал памежніка, але пасля паўгадзіннай спрэчкі нам так і не ўдаецца пабачыць нешта, хоць прыблізна падобнае на афіцыйны дакумент. Урэшце я дастаю камеру, каб захаваць на памяць твар гэтай сранай памежнай жабы, але, убачыўшы аб’ектыў, таўстун пачынае гарлапаніць на ўсё аддзяленне: «Паліс! Паліс!»

Аднекуль вылятае кволы, як багамол, паліцэйскі і пачынае трэсці перад маім тварам кайданкамі. Мяне закоўваюць у жалеза і адводзяць у суседні пакой. Ахоўнік парадку, наваліўшыся, абрушвае маё цела на крэсла і спрабуе сілай адабраць камеру. Я пачынаю крычаць і рваць зубамі ягоны мундзір. Ён, ашаломлены маёй рашучасцю і цвёрдай адмовай весці перамовы на іспанскай, запрашае ў пакой Волю, якая сяк-так тлумачыцца на мове. Разам мы прыходзім да высновы, што трэба перацерці з начальнікам памежнага пераходу.

Кіраўнік гэтага слаўнага месца настолькі велічэзны і тлусты, што з неймавернай цяжкасцю ўлазіць у дзвярны праём. Вонкава ён нагадвае тыповага крымінальнага аўтарытэта з фільмаў пра ліхія дзевяностыя. Пасля доўгага сканавання нашых дакументаў памежнікі вырашаюць дэпартаваць нас з тэрыторыі Нікарагуа за непавагу да афіцэра. Нават паказваюць нейкі афіцыйны дакумент з афіцэрскім статутам на іспанскай. Але як толькі мы дастаём тэлефоны, каб перакласці напісанае, начальнік пачынае размахваць рукамі, расплёскваючы па пакоі пратуберанцы тлушчу, нібы бурлівае сальнае сонца, і пускаючы марскую пену з рота.

Пасля дэпартацыі вырашаем так проста не здавацца. Мяжа паміж дзвюма краінамі праходзіць па нешырокай запаскуджанай рацэ. На мелкаводдзі мясцовыя жанчыны мыюць бялізну. Мы спускаемся да вады і праціскаемся паміж хатнімі гаспадынямі. Усім прысутным хутка робіцца ясна, што мы не папяровыя караблікі прыйшлі запускаць. Пад пільнай жаночай увагай ныраем у кусты на другім беразе ракі і дробнымі партызанскімі перабежкамі ад дрэва да дрэва абыходзім памежны пункт. Няўдача спасцігае нас у самы апошні момант – выпадкова мы амаль уразаемся ў маладога памежніка, які выправіўся ў вёску прыкупіць кока-колы.

Нашая дыверсія цярпіць татальную паразу – на гарызонце з’яўляецца пікап, з якога тырчаць морды нашых нядаўніх знаёмых. Безразмерны начальнік пераходу нават не робіць спробы вылезці з кабіны, каб не выглядаць нязграбна, і з акна пачынае галасіць пра тое, што мы зараз адправімся ў турму за нелегальнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Нікарагуа.

Нас садзяць на задняе сядзенне, адбіраюць дакументы і адвозяць назад да памежнага паста. Праз гадзіну зняволення ў душным чэраве аўтамабіля начальнік пераходу, пакрыты зыбкімі рухлівымі хвалямі, нібы гіганцкае жывое заліўное, выносіць пратаколы нашага затрымання і замест турмы загадвае адвезці нас назад на памежны пост Гандураса. Тамтэйшыя больш лаяльныя і спакойныя працаўнікі мяжы пацвярджаюць, што за ўезд у Нікарагуа сапраўды трэба плаціць дванаццаць баксаў.

Наступным днём мы дабіраемся да чарговага ўезду ў краіну, плацім належны збор і нарэшце трапляем у новы непрыступны куток планеты. Недарэчная здарылася гісторыя.

Рытм

Прахалодны вечар. Лёгкі ветрык. Адбітыя белай сцяной плыні вячэрняга святла ахутваюць прыдарожныя дрэвы. Усе крамы ў горадзе ўжо зачыненыя. Людзей на вуліцах амаль няма. Я сяджу на пластыкавым крэсле на тэрасе другога паверха аднаго з дамкоў. У нумары душна і смярдзіць фарбай, таму я гашуся тут – у соннага горада навідавоку. На майку сядае начны матылёк. Я пішу гэты тэкст, а ён старанна маскіруе свой жоўты на маім зялёным.

Усё навокал безгустоўна абматанае калючым дротам. Уся краіна запакаваная ў яго ад мяжы да мяжы. Тутэйшыя людзі таксама часта нагадваюць супрацьтанкавых вожыкаў. З імі цяжка завесці размову. Іх трэба выводзіць на чыстую ваду. Яны не вераць маёй адкрытасці і доўга супраціўляюцца ўсмешцы. Але амаль усе здаюцца, калі я ляпаю іх па плячы або проста кранаю рукой.

Часам я стамляюся размотваць іхную кальчугу і сам быццам бы хаваюся за шчыт. Гэта самае небяспечнае ў падарожжы – калі вы абое забарыкадаваліся і на ўсялякі выпадак навастрылі нажы. Гэткі настрой прыходзіць у спякоту або голад, таму я п’ю ледзяны ліманад і смакую бальядас.

Раптам я пачынаю адчуваць рытм. Ён усё выразней праглядаецца, праслухоўваецца ва ўсім. У дарогі ёсць рытм, у бяздомнага сабакі ёсць рытм, у мяне таксама ёсць свой рытм. Ён робіцца настолькі відавочным, што я больш не магу супраціўляцца гэтай метафізіцы. Я давяраю ўсім навокал і адчуваю давер усяго да сябе. Мы прыслухоўваемся да рытмаў адно аднаго і граем музыку. І я разумею, як гэта – быць дарогай або сабакам. Як быць чалавекам насупраць. Як прадаваць тамалес на скрыжаванні ля аблупленай глінянай гасцініцы. Як выкладваць літары на друкарскім станку ў каморцы побач з уваходам у касцёл. Быццам я ёсць усюды ці быў усім калісьці.

Але ўсё гэта становіцца выразным і даступным толькі тады, калі я перастаю размаўляць унутры сябе. Калі перажыванні перастаюць набываць форму ў словах і думках. Калі пачуццё застаецца проста пачуццём. Імёны сціраюцца, за імі бурацца контуры названага, і некалі размежаванае зліваецца ў адно.

Ствол і сталь

Нашы амерыканскія візы скончацца праз два дні, таму коста-рыканскія памежнікі даюць нам толькі транзіткі. Мы пракладваем па Google Map найкарацейшую дарогу праз краіну і выходзім на трасу. Нам шанцуе, хутка нас падбірае дальнабой, які цягне набіты туалетнай паперай прычэп у нейкі панамскі гарадок.

Мы павольна прабіраемся па Коста-Рыцы праз залітыя залатым сонцам лугі з рэдкімі размашыстымі дрэвамі. Пад імі, дакладна паводле правілаў кампазіцыі, раскіданыя беласнежныя каровы і стрыжаныя авечкі – проста біблейскія пейзажы.

Кіроўцу клічуць Хуан. Поўны, няголены, лагодны сальвадорскі мужык – ён у нейкай не ўласцівай гэтаму рэгіёну будысцкай манеры марудна накіроўвае свой кавалак жалеза некуды на поўдзень. Воля адрубаецца на ложку ў задніку кабіны. Я шырэй прыадчыняю рыпучае акно старажытнага амерыканскага цягача і высоўваюся вонкі. За бортам душна і збіраецца дождж.

Два апошнія месяцы я пачуваюся лугавым трусам. Жыццё траваеднага пастаянна звязанае з сур’ёзнымі стрэсамі. Кожны сустрэчны наровіць зняць з цябе твой беленькі пушысты кажушок сваім востранькім сцізорыкам. Кожны квапіцца на тваю бяскрыўднасць, і ты вымушаны быць гатовым да разборак, бойкі або ўцёкаў у рэжыме 24/7. Небяспека пільнуе цябе за кожным вуглом.

Вось ідзе па дарозе дзед у шырачэнным капелюшы з мачэтэ наперавес. І быццам бы хочацца яму ўсміхнуцца, але ты на ўсялякі выпадак стараешся не сустракацца з ім позіркам – яшчэ секане з пляча, хер яго ведае. Кожны другі кіроўца захоўвае ствол пад сядзеннем або ў дзвярной кішэньцы, і ўжо дакладна кожны першы мае ў салоне заточаны кавалак сталі. На пастаянны кантроль тут сыходзіць шмат сілаў, і папросту не застаецца энергіі на подзвігі.

Да таго ж падарожжа па Коста-Рыцы выходзіць дужа накладным. На даху ночку больш не перагасішся – каб трапіць туды, прыйдзецца прайсці праз тры пласты калючага дроту. У полі таксама асабліва не пакімарыш – ад выгляду безабароннай палаткі мясцовыя налётчыкі, напэўна, пусцяць слязу шчасця. Застаюцца самыя ўбогія гатэлі, якія ўсё роўна ўстаюць у капейчыну.

Цэнтральная Амерыка прасякнутая атмасферай поўнага недаверу.

Грайндхаўс

Увечары дабіраемся да аб’язной дарогі горада Пунтарэнас. Вадзіла ставіць фуру на стаянку, а мы з Воляй сыходзім шукаць які-небудзь гатэль у акрузе. На жаль, адзінае, што мы знаходзім у дастатку, – двухметровыя муры вакол прыватных дамоў. Нешматлікія начныя мінакі глядзяць на нас круглымі ад здзіўлення вачыма. Кожны пераконвае залётных грынга, што гэта вельмі небяспечнае месца і нам няблага было б хутчэй куды-небудзь залегчы. Але хавацца папросту няма куды, і мы вяртаемся на стаянку да дальнабоя.

Чуллівы вадзіла выдае гамак, і мы развешваем яго пад прычэпам з туалетнай паперай. Рэчы беражліва хаваем у кабіну. Наяўнасць ахоўніка на стаянцы трохі супакойвае, і мы ўкладваемся ў абдымку, накрыўшыся спальнікам. Ноч гусцее. Рык машын, якія снуюць па трасе, зліваецца ў калыханку. Я лёгка разгойдваю гамак і павольна правальваюся ў сон.

Манатонны гуд коста-рыканскай ночы псуюць упэўненыя бадзёрыя крокі. У паўсне я разляпляю вочы. За некалькі метраў ад нас на секунду заміраюць тры чорныя фігуры. Імгненне яны драпежна свідруюць вачыма наш цень і рэзка кідаюцца ў атаку. Я паспяваю крыкнуць: «Воля!» – і зрываюся з гамака ў прастору пад прычэпам. Два злодзеі з аднаго боку і адзін з другога спрабуюць арудаваць мачэтэ, але дзякуючы прыпаркаваным упрытык трэйлерам метровай жалязякай моцна не памахаеш. Мы што ёсць сілы крычым. Бандыты відавочна разгубленыя – атака сарвалася. Малойчыкі робяць ногі, і мы чуем рокат матора, які іх уносіць.

Нам не адразу ўдаецца прыйсці ў сябе. Мы ломімся ў кабіну да вадзілы і блытана, на трох іспанскіх словах тлумачым яму, што адбылося. Ён хапае свой нож і бяжыць аглядаць машыну. Высвятляецца, што прычэп паспелі ўзламаць, але туалетная папера не абяцала рабаўнікам сур’ёзнага навару, таму засталася некранутай. Мы грузімся, даем па газах і хутка звальваем з месца здарэння – у любую хвіліну бандыты могуць вярнуцца з падмацаваннем.

Нам з Воляй шанцуе, мы абое абыходзімся лёгкімі драпінамі. Хуан, ад імя ўсіх народаў Цэнтральнай Амерыкі, просіць у нас прабачэння. Матор раве – мы зноў пажыраем цемру.

Роля Айца

Страшна, калі на цябе настаўляюць пісталет або вырашаюць прыкласці да горла метровы мачэтэ. Асабліва калі гэта здараецца падчас сну. Страшна!

У адно імгненне ты з чалавека ператвараешся ў звера. Ты і сам не заўважаеш, як здараецца гэтая трансфармацыя, як вылазяць кіпцюры, напаўняюцца крывёю вочы, а клыкі нацэльваюцца ў горла праціўніка. Ты больш не можаш гаварыць, толькі рыкаеш і крычыш.

Страх смерці знаёміць цябе з тваім унутраным зверам. Потым складана паверыць, што секунду таму ты рыхтаваўся ірваць зубамі плоць. Але хутка ты разумееш, што толькі што па-сапраўднаму прачнуўся. Убачыў сябе, закапанага пад пластом грамадскіх дамоваў. Смерць не трывае пасярэдніцтва культуры. У сутычцы застаюцца толькі чыстыя інстынкты. У абсалютнай астачы застаецца звер.

Кожны з нас у большай ці меншай ступені перакладае пытанні бяспекі ўласнага жыцця на той ці іншы інстытут. Мы выбралі пасярэднікаў у асобе дзяржавы, арміі ды паліцыі. Шмат у чым гэта сапраўды эфектыўнае рашэнне праблемы. Але ў той жа час гэтая традыцыя нараджае іншую сур’ёзную праблему. Адказнасць за захаванне ўласнага жыцця заўсёды ляжыць выключна на індывідзе, якому яно належыць. Тут проста няма месца пасярэдніцтву. Калі дзяржмашына бярэ на сябе ролю абаронцы, яна легалізуе сваю ролю Айца. Індывід, які пражыў жыццё пад апекаю, успрымае бяспеку як нешта натуральнае. Пасярэдніцтва дзяржавы ў пытаннях бяспекі выхоўвае ў людзях інфантылізм.

Толькі Бацька мае права на праяву гвалту. Дзеці заўсёды яго апраўдаюць. Асабліва калі Тата абараняе сваіх нашчадкаў на паўвостраве. Дзеці будуць вадзіць карагоды да таго часу, пакуль каля іх не пачнуць лётаць кулі. Сталенне наступіць з раненнем у нагу.

Вакуум

Я еду ўжо так даўно, што дарога ператварылася для мяне ў руціну. Новыя людзі, гарады, краіны, штампы ў пашпарце больш не прыносяць упэўненасці ў тым, што я на правільным шляху. Я зросся з дарогаю намёртва. Тут для мяне больш няма нічога новага.

Кожны раз, сядаючы ў машыну, я наперад ведаю ўсе пытанні кіроўцы. Я вымушаны крывадушнічаць, рабіць выгляд, што мне цікава тысячны раз зачытваць з памяці спіс краін, праз якія праехаў. Я не магу абмеркаваць глабальныя рэчы, якія мяне сапраўды хвалююць, бо ў дзевяноста дзевяці выпадках з сотні мяне падвозяць простыя людзі. Таму я рады кожнаму сустрэчнаму пікапу, бо гэта шанец проста заскочыць у кузаў і не граць зноў спектакль пра вясёлага спадарожніка.

Ува мне збіраецца сацыяльнае напружанне. Я маю вострую патрэбу ў «сваіх людзях», якіх папросту не знайсці ў Цэнтральнай Амерыцы. У нас занадта розныя каштоўнасці для таго, каб адшукаць агульную мову. Я ўяўляю сябе селядцом у вакуумным пакунку – на мне можна чытаць этыкетку, але размаўляць я, на жаль, не магу.

Мне патрэбныя новыя невырашальныя задачы. Мама ўжо даўно не лічыць мяне вар’ятам, і гэта верны знак таго, што пара запісвацца ў астранаўты.

Непраходная тэрыторыя

Нарэшце дабіраемся да Панамы – адной з нешматлікіх бязвізавых краін на нашым шляху. Нам дазволена месяц прабыць на яе тэрыторыі.

Мы ныкаемся ў глухі хостэл у джунглях, але ўжо праз пару дзён збягаем адтуль, бо штоночы тлустыя амерыканскія студэнткі ў п’яным угары ладзяць сексуальныя оргіі на суседніх ложках з любымі самцамі мясцовай фаўны, якім не пашэнціла трапіць пад цьмянае святло іх забрадзілых чырвоных вачэй. Той факт, што агульны пакой на шаснаццаць чалавек забіты пастаяльцамі пад завязку, іх ніколькі не бянтэжыць, а можа, наадварот, узбуджае.

– Fuck me to my pussy! – разносіцца па джунглях шчасце гэтых самак. – You are so huge!

Ачмуральныя джунглі пад гэты акампанемент губляюць сваю першародную прывабнасць, і мы вырашаем зваліць адсюль у Панама-Сіці, каб атрымаць калумбійскія візы.

Высвятляецца, што нядаўна працэдура атрымання гэтых візаў моцна змянілася, і цяпер з нас патрабуюць цэлы стос паперак – вельмі падобны на той, што мы падавалі ў амерыканскую амбасаду. Да ўсяго візавыя зборы складаюць сто трыццаць даляраў, а сама працэдура займае не менш за пяць дзён, што таксама моцна б’е па кішэні. Калі дадаць да гэтага кошт перасячэння Дар’ена – непраходнай тэрыторыі паміж Панамай і Калумбіяй, дык на гэта пойдуць усе грошы, што засталіся ў нас са Штатаў.

За некалькі дзён мы зарабляем чатырыста даляраў, рассылаючы платныя паштоўкі з панамскімі краявідамі сваім сябрам і проста неабыякавым людзям. Потым шчыра праходзім праз усю папяровую валакіту і плацім за візы. Але, калі мы нарэшце атрымліваем пашпарты, нас чакае новае расчараванне – візы разлічаныя роўна на даты броні гатэля, то бок на чатырнаццаць дзён. Акрамя таго, тэрмін іх дзеяння пачынаецца заўтра, а гэта значыць, што ў нас проста няма часу на пошукі таннай яхты – мы вымушаныя купляць квіткі на самалёт.

Некалькі дзён мы праседжваем у гатэлі ў пошуках самага таннага спосабу абмінуць чортаў Дар’енскі прабел, за якім ляжыць Калумбія. Знайсці спадарожную лодку праз інтэрнэт вельмі складана, у асноўным лодкі прыватныя і ніякага раскладу плавання не маюць. Акрамя таго, каштуюць яны не танней за пералёт.

Пастаяльцы хостэла раяць нам купіць білет Панама–Маямі, які каштуе дзвесце дзевяноста даляраў. Фішка ў тым, што гэта рэйс з перасадкай у Багаце – сталіцы Калумбіі, дзе можна проста выскачыць з самалёта. Улічваючы, што віза пачала сваё дзеянне ўжо ўчора, выбару ў нас не застаецца. Мы купляем квіткі на самалёт, які вылятае праз пару гадзін.

Зноў на дне

Сказаць, што мы разбітыя – не сказаць нічога. Апошнія некалькі тыдняў нашага падарожжа былі сур’ёзным выпрабаваннем на трываласць. Наперадзе Калумбія – адна з самых небяспечных краін Паўднёвай Амерыкі, якую мы вымушаныя будзем праехаць менш як за два тыдні. Да таго ж Дар’ен высмактаў усе нашы грашовыя ашчаджэнні, і мы зноў вымушаныя перайсці на падножны корм.

Мы дабіраемся да аэрапорта. Паміж рашэннем ляцець, пакупкай білетаў і рэйсам праходзіць усяго пара гадзін. Мы паказваем дакументы на стойцы рэгістрацыі. Працаўнік кампаніі доўга і ўдумліва праглядае нашы пашпарты і кажа, што, на вялікі жаль, мы не можам быць зарэгістраваныя на гэты рэйс, бо не маем дзейнай візы ЗША. Мы распавядаем яму пра тое, што не збіраемся ляцець у Штаты, а саскочым у Багаце. Працаўнік кампаніі ўпіраецца, як баран, спрэчка расцягваецца, і самалёт адлятае без нас.

Гэта фінальны ўдар па яйках ад цэнтральнаамерыканскага перашыйка. Наступныя тры дні мы правядзём у аэрапорце, седзячы ў фае з шыльдамі: «Дайце зляцець у Багату». Нарэшце ўдаецца наскрэбці неабходную суму і купіць квіткі да месца прызначэння.

Мы сядзім у бізнес-класе самалёта, які ляціць у калумбійскую сталіцу, – на гэты рэйс былі самыя танныя з даступных білетаў. У драных майках і абрэзаных джынсах мы п’ём шампанскае, якое разносяць выдрачаныя сцюардэсы. Панама застаецца недзе ўнізе – я шчыра не буду сумаваць. Мы развальваемся на скураных фатэлях і засяроджваемся на праёме ілюмінатара.

Расслабляцца рана. Наперадзе яшчэ адзін няпросты рэгіён. Я прашу прынесці мне келіх чырвонага і яшчэ шампанскага для Волі. У нас свята – мы зноў на дне.