6. Важнейшыя небеларусаведныя працы Карскага

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

6. Важнейшыя небеларусаведныя працы Карскага

Пакінутая навуковая спадчына Карскага ў іншых, небеларусаведных, галінах, значна меншая, але й там Карскі даў паважны ўклад. Пра ягоныя працы ў галіне палеаграфіі, асабліва пра падручную вялікую кнігу «Славянская кирилловская палеография», было ўспомнена ўжо раней, паколькі гэтая праца па сваім зарысаваным загалоўкам кнігі пляне абыймала й беларускую палеаграфію ды ў шмат чым аснована й на прыкладах з старое беларускае пісьменнасьці.

У выніку выкладаньня Карскім царкоўнаславянскае мовы, спачатку ў гімназіі ў Вільні, а посьле на ўнівэрсытэце, паўстала ягоная «Граматыка царкоўнаславянскае мовы», якая пачынаючы ад свайго першага віленскага выданьня 1888 году мела аж 19 усіх выданьняў, апошняе ў 1917 годзе.

У галіне расейскае літаратуры й моваведы мае Карскі побач шмат драбнейшых працаў, і гэткія большыя ды важнейшыя: працы пра «Архангельскае эвангельле», «Лісткі» Ундольскага, Лаўрэнцеўскі летапіс, праца «Русская диалектология» (1924, дзе абыймаецца і беларуская дыялекталёгія), важная праца «Очерк научной разработки русского языка в пределах СССР» (1926, дзе ізноўж ахопліваецца і беларуская мова). Апошняе і вельмі цэннае выданьне, гэга апублікаваная ў СССР у 1930 г. «Русская Правда по древнейшему списку», выданьне вельмі грунтоўнае ды на вышыні з навуковага гледзішча, у якім маем Карскага ўводзіны. Тэкст, поўную рэпрадукцыю, паясьненьні, паказальнікі аўтараў і лексыкі. Гэтая праца ў савецкай літаратуры залічаецца заўсёды ў «рускія працы Карскага», хоць «Руская праўда» памятка перадусім украінскае пісьменнасьці.

Існуюць драбнейшыя працы Карскага, што кранаюць і моваведныя пытаньні моваў украінскай, польскай ды нават паўдзённых славянаў дый кашубаў.