Ніл Гілевіч Трагічны дзевяноста шосты. Выбраныя старонкі дзённіка

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Ніл Гілевіч

Трагічны дзевяноста шосты. Выбраныя старонкі дзённіка

2-га студзеня. Больш за два гады нічога не запісваў у гэты сшытак. І дарэмна. І вельмі шкадую. Памяць — як рэшата, а столькі падзей адбылося тым часам! Галоўная — подлы рэферэндум і круты паварот ад палітыкі незалежнасці да палітыкі эканамічнага і дзяржаўнага аб’яднання з Расіяй. Гэта — у 1995. А ў папярэднім, 1994, — галоўная падзея — выбары прэзідэнта. Але ж і выбралі! У першыя дні — многія не маглі доўга апомніцца ад шоку. Адны — дзіка рагаталі і пляваліся, другія — хадзілі з перакошанымі фізіяноміямі. Але вось прайшло паўтары года — рагатаць перасталі, бо — не да смеху ўжо, не на жарт страшна робіцца, калі паглядзіш, куды, да чаго яно ўсё ідзецца. Праўда, пляваць пачалі ў сто разоў болей. Але што з гэтага? “Усенародна абраны” ўвайшоў у сілу і разам з прыхлябаямі гне і гне сваё. Зрэшты, хай бы паспрабаваў не гнуць — не выконваць волю сваіх гаспадароў! Адразу б апынуўся на сметніку гісторыі.

Напісаў тэлеграму Анатолю Кудраўцу — да 60-годдзя. Слаўны чалавек! Беларус і Вапшчэткі — кожнай жылачкай, кожнай фібрай душы.

5-га студзеня. Апошні мой дзень працы ў Пастаяннай Камісіі Вярхоўнай Рады РБ. З 10 гадзін да 12 гутарыў з французскім палітолагам Аляксандрай Гужон — яшчэ ў якасці старшыні Камісіі. Гужон — па маці беларуска. Распытвала пра БНФ, пра мае погляды на сучасную сітуацыю ў Беларусі. У 12 гадзін быў развітальны чай з супрацоўнікамі Камісіі — І. У. Супей, Л. У. Сарокай, М. Е. Хобатавым, В. В. Гамезам. Развіталіся — як блізкія сябры. Бывай, рабочы кабінет, бывай, Камісія, бывай, Рада! Цяпер ужо хіба выпадкова загляну сюды калі-небудзь. Пачынаецца новы этап жыцця — свабодны, без службы, аб чым заўсёды горача марыў. “Ах, каб пазбыцца службы! Каб цалкам аддацца літаратурнай працы!” Дачакаўся на 65-м годзе жыцця… Калі ўжо сіл засталося няшмат. Праўда, вершы пішу. Усе першыя дні новага года пішу вершы…

Другую палову дня правёў у доме літаратара — спярша за круглым, затым за квадратным юбілейным сталом А. Кудраўца. Яго ўсе калегі шануюць і любяць.

6-га студзеня. Напісаў два лісты намесніку прэм’ера Русакевічу У. В. Першы — наконт артыста Котава М. К., каб надалі яму годнасць Заслужанага, другі — наконт прысваення Сваткаўскай школе на Мядзельшчыне імя Максіма Танка. Апошнія службовыя лісты, якія падпісаў (ужо на кватэры) як старшыня Камісіі Вярхоўнай Рады РБ.

9-га студзеня. А 10-й глядзеў па тэлевізары адкрыццё Першай сесіі ВР новага склікання. Трохі нязвыкла пачувацца толькі гледачом — пасля амаль адзінаццаці гадоў абавязковай службовай прысутнасці ў той авальнай зале. А ў зале — нічога новага: па-ранейшаму беларускай мовы не чуваць, хіба што адно-два словы…

10-га студзеня. Званіў з Сафіі наш пасол Герасіменка А.М. — наконт Дзён беларускай культуры ў Балгарыі. Ён упэўнены, што дэлегацыю ўзначаліць Ніл Гілевіч, а таго не ведае, што (цытую) “знакаміты балгарыст, якога ў Балгарыі ўсе помняць і любяць”, не паедзе за Дунай зусім. Ні заўтра, ні паслязаўтра… Годзе! Ад’ездзіў! Пачну ўспамінаць, як неразумна распарадзіўся сваім жыццём, — хоць у пятлю лезь ад крыўды. Ну што з таго, што на пяць вялікіх тамоў адно паэзіі перавярнуў на беларускую? Хто ацэніць у Беларусі гэтую рабскую самаахвярнасць? Хто будзе чытаць гэтыя тамы, хто іх выдасць? А тым часам сотні сваіх “творчых задум” застаюцца няздзейсненымі. Колькі не зрабіў таго, што зрабіць быў павінен!..

16-га студзеня. Вечарам удзельнічаў у апошняй урачыстай акцыі ў гонар 75-годдзя Слуцкага Збройнага Чыну. Паколькі З. Пазьняк затрымаўся на нейкім важным сходзе, першаму слова для прывітання далі мне. Упершыню публічна даў высокую ацэнку патрыятычнай дзейнасці случакоў у 1920 годзе — дагэтуль неяк не выпадала. А гаварыць пра іх трэба — пра гэтых родных дзяцей і абаронцаў БНР, змагароў за нашу дзяржаўную незалежнасць. Выступілі А. Грыцкевіч і З. Пазьняк. Вечарына адбывалася ў тэатры Вольная Сцэна. Там жа была наладжана цікавая выстава ў гонар герояў Слуцкага Збройнага Чыну.

17-га студзеня. Быў на пасяджэнні сакратарыята ТБМ. “Навічкі” ўзяліся за працу. 30-га сакавіка правядзем нацыянальную навуковую канферэнцыю на тэму: “Дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі: гістарычны, палітычны і лінгвістычны аспекты”. Гэта павінен быць стрэл гучны. Далей цярпець няможна. Па ўсёй Беларусі ідзе адкатка ад пазіцый, заваяваных у 1991–1994 гадах для нашае Роднае Мовы. Праўда, як яго гучным зрабіць, калі ўсе СМІ ўжо ў руках “заграбаліных”?

24-га студзеня. Саюз пісьменнікаў наладзіў невялікае застолле Янку Сіпакову ў гонар яго юбілею. Тост — разгорнуты, бо рыхтаваўся выступаць на ўрачыстым пасяджэнні ў зале, — сказаў і я. Усё было добра, але… У кабінеце, дзе сядзелі, паявіўся паэт-скандаліст Сыс і пачаў хаміць. Кончылася тым, што празаік Ягоўдзік, не стрываўшы, расквасіў да крыві паэту Сысу нюхаўку. Такім стаў наш сяброўскі юбілейны вечар. Саюза пісьменнікаў — не пазнаць.

Сядзеў каля нібыта сяброў, а думаў пра сваю адзіноту. Я ўжо даўно чуюся адзінокім… Добра, што прыходзяць ад беларусаў лісты — з выказам падтрымкі, павагі і любові.

Дадому ішлі пешкі з Брылём, як і шмат разоў дагэтуль. Гутарылі шчыра, даверліва. З ім можна! Пра што? А ўсё пра тое ж: куды мы, беларусы, коцімся, і што нам рабіць.

25-га студзеня. А 14-й — у Доме Літаратара, на сустрэчы з выдаўцамі Беласточчыны (выдаюць канфесійную літаратуру). Пасля Бутэвіча і Брыля далі слова і мне. Гаварыў пра неабходнасць духоўнага адраджэння як часткі агульнага нацыянальнага адраджэння Беларусі.

У канцы дня быў на вечарыне Г. Юрчанкі як парадыста. Пайшоў знарок для таго, каб сказаць добрае слова пра Юрчанку-лексікографа, пра яго слоўнікі жывой беларускай мовы. Пахваліў і яго пародыі, але — толькі празаічныя, якія трымаюцца на выкарыстанні дыялектнай і жаргоннай лексікі.

29-га студзеня. А 15-й гадзіне — сустрэча чытачоў з паэтам Н. Гілевічам у Музеі Янкі Купалы. Аўдыторыя — гімназісты. Вялі сустрэчу супрацоўніца Музея Людміла Сцяпанаўна і Вячаслаў Рагойша. Гаварылі добра, асабліва Вячаслаў Пятровіч. Гучалі песні на вершы Н.Г. Хораша глядзіцца і выстава, прысвечаная Н.Г. І аднак жа, і ўсё ж!.. Сёння я настроены на іншую публіку, на іншы ўзровень размовы, — не на вучнёўска-школьны, які мяне проста стамляе. Хоць і разумею, што гэты ўзровень у нашых літаратурных музеях — тыповы.

30-га студзеня. Да абеду — на выставе рэдкай кнігі ў Беларускім універсітэце культуры. На ўрачыстасці была рэктар Я.Д. Грыгаровіч — ці не самы беларускі сёння рэктар у ВНУ Беларусі? Былі прамовы, сёе-тое сказаў і я — пра мудры курс, якім ідзе Універсітэт Культуры. Бібліятэцы ўніверсітэта я перадаў на той урачыстасці некаторыя даўнія і рэдкія выданні.

31-га студзеня. Цэлы дзень — у санаторнай школе-інтэрнаце для чарнобыльскіх дзяцей у Уздзе (па просьбе дырэктара школы Людмілы Іванаўны, колішняй маёй студэнткі). Сустрэча — незабыўная. Як слухалі, як успрымалі казанае мною дзеці! Як гэта ім патрэбна! Утоеная да сёння ад мяне другая мэта сустрэчы — каб я “выбіў” для школы ў Кеніка 200 мільёнаў на басейн і іншае водалячэнне. Буду выбіваць. Заўтра ж арганізую ліст Кеніку ад дзвюх Камісій Вярхоўнага Савета — за подпісам старшынь. Гэта — галоўнае. Ад сябе напішу Кеніку асобна.

2-га лютага. На вечары 75-годдзя выдавецтва “Беларусь” (дзе на маё здзіўленне, я быў названы першым у ліку ганаровых гасцей) генеральны дырэктар паліграфкамбіната Германаў В. І. паабяцаў запусціць на “машыну” маю кнігу “Любоў прасветлая”. Няўжо пашанцуе? Гэтая кніга — калі выйдзе — напэўна прадоўжыць мне жыццё.

5-га лютага. Быў на рэдкалегіі “Нашага слова”. Неймаверна горка і цяжка! Газету рабіць няма каму — тры чалавекі б’юцца, як рыба аб лёд. Хвала і гонар ім! — але колькі яшчэ ў такіх умовах яны будуць цягнуць? Пакутую ад уласнай бездапаможнасці, іду як старшыня ТБМ на ўсе разумныя прапановы. І робіцца страшна, што выданне можа спыніцца. А яно так патрэбна! Яно магло б стаць масавай трыбунай у справе нацыянальнага адраджэння Беларусі. Ёсць што чытаць у газеце, і досыць прафесіянальна робіцца, а наклад — п?дае і п?дае.

6-га лютага. Сёння развіталіся са Звонакам. Праз тыдзень яму споўнілася б 89. Старэйшы сярод старэйшын. У яго да мяне былі вельмі паважлівыя адносіны, асабліва пасля таго, як мне ўдалося “выбіць” яму годнасць Заслужанага дзеяча культуры, а ўслед — і Лаўрэата дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Ва ўзросце пасля васьмідзесяці былому “ворагу народа” гэта было вялікай маральнай падтрымкай. І ён не хаваў гэтага. І шчыра радаваўся, калі я да яго заходзіў дадому (на жаль, вельмі рэдка). Ён умеў быць удзячным. З усіх “дзядоў” трымаўся найбольш годна — без мітусні.

8-га лютага. Закончыў артыкул для “Звязды” — “Усё будзе залежыць ад таго, ці загаворыць у нас пачуццё годнасці і сораму”. Праграмны. З тэзамі, якія не спадабаюцца імпершавіністам, — гэта само сабою, але і з тэзамі, ад якіх злосна чмыхнуць “дэмакраты”. Ды мне ўжо не прывыкаць. Хай чмыхаюць!..

9-га лютага. Да абеду доўга гутарыў з французскім палітолагам Жан-П’ерам Жанто. Рэзаў праўду-матку, не азіраючыся. І наконт рэферэндума, і наконт сённешняй палітыкі начальніка дзяржавы. Пасля абеду — у ННАЦ, на юбілейнай сходцы да 75-годдзя Тэрміналагічнай Камісіі Інбелкульта. Пасяджэнне прайшло досыць фармальна — у традыцыях “дзеля птушачкі”. Два-тры прамоўцы. Задаў пытанне: “Як выкарыстоўваецца тэрміналогія Статута ВКЛ”? Належнага адказу не атрымаў.

13-га лютага. “Звязда” надрукавала артыкул. Можа, і апошні ў гэтай газеце (і так — шчыры дзякуй Наркевічу!). Пайшлі першыя водгукі (па тэлефоне). Звышстаноўчыя. Дзякую, сябры. Але і я быў бы рады падзякаваць вам — за вашы артыкулы. Можа, напішаце? Усё думаю і думаю: і чаму ж гэта мне баліць так, што лезу на барыкады, кідаюся на дот, а іншыя тым часам твораць вечнае, несмяротнае.

14-га лютага. Перад абедам ездзіў з групай навукоўцаў на Чыжоўскія могілкі — пакланіцца праху Вялікага Беларуса Мікалая Мікалаевіча Улашчыка. Як шкадую, што, бываючы ў Маскве, рэдка заходзіў да яго. Баяўся турбаваць, адбіраць скупы час у нястомнага працаўніка…

Вечарам у Доме Літаратара вёў юбілейную вечарыну ў гонар 90-годдзя Мікалая Мікалаевіча. Сказаў і сам невялікае слова.

15-га лютага. Зранку — на гістфаку, на канферэнцыі ў памяць М. М. Улашчыка. Выступіў са словам прывітання ад ТБМ, — каб маральна падтрымаць гісторыкаў, якія пайшлі шляхам Улашчыка, каб не апускалі рук, не забаяліся таго наступу, які павёў на беларускае Адраджэнне асэсар са сваёй гнюснай камарылляй…

У 12 гадзін быў на адкрыцці памятнай дошкі Пімену Панчанку. Выступалі Р. Б., Г. Б., А. В. Мне не прапанавалі сказаць слова. Не падпускаюць. Манапалізавалі Пімена.

Другую палавіну дня і амаль усю ноч чытаў “Любоў прасветлую”, якую ўчора на вечары ў Доме Літаратара ўручыла мне — сігнальны паасобнік — Л.І. Пятрова. Радасці маёй, што кніга выйшла, няма меж. Як гэта кажуць: цяпер не страшна і туды.

22-га лютага. Трымаў вялікі экзамен у Доме Літаратара. Здаецца вытрымаў. Народу было — не прабіцца. Усе праходы — шчыльна-шчыльна забітыя людзьмі. І дзве з паловай гадзіны слухалі. Ды як слухалі! Ды як успрымалі! І тыя, што стаялі на праходах. Ні адзін чалавек не пакінуў залу. Чытанне маё нярэдка перабівалі воплескамі.

Між іншым, на вечарыне былі: міністр Сянько У.Л., дэпутаты Карпенка Г.Д., Грыб М.І., Шаўцоў М. Асаблівым поспехам карысталіся вершы з апошніх кніжак і найноўшыя, апублікаваныя ў самы апошні час у газетах.

На “чарцы для сяброў” былі: Я. Брыль, А. Вярцінскі, В. Зуёнак, Г. Бураўкін, А. Пісьмянкоў… Тосты… нібыта ў гонар, але-але! Асабліва ад тых, ад каго чакаў — хоць нейкага добрага слова. Сёй-той сказаў яго Ніне Іванаўне. Справядліва, вядома. А галоўнае — выгадна, выйгрышна. Сёй-той паўспамінаў студэнцкія гады. А пра паэта Ніла Гілевіча — па вялікім рахунку? Трохі Алесь, трохі Бураўкін…

27 лютага. Сустрэча з моладдзю ў 195-й гімназіі ва Ўруччы. Гімназія — рускамоўная, аднак жа… Чыталі вершы госця, задавалі — па-беларуску — пытанні… Пасля гутарыў — за чаем — з настаўніцамі. Рэжуць па-беларуску — як рэпу грызуць. А гімназія — руская!..

Пабыў і на Радзе СП у Музеі гісторыі літаратуры. Абмяркоўваўся стан літаратурных музеяў у Беларусі. Уражанне, што мерапрыемства правялі дзеля выканання Плана Работы. З членаў Рады СП было 3–4 чалавекі. А музей — дабрэнны!

13-га сакавіка. Перадрукаваў некалькі новых вершаў. Чатыры адабраў для “Звязды”, — самыя “вострыя”. Яшчэ раз б’ю пад дых манкуртам, адшчапенцам, асімілятарам. І свайму дурному братку-беларусу, — з горыччу і болем. Ударыў і па нашай Акадэміі навук, якая перастала быць беларускай.

14-га сакавіка. Занёс у “Звязду” вершы, а там для мяне “сюрпрыз”: Наркевіч папрасіў пазнаёміцца з рукапісам, у якім даказваецца, што аўтар “Сказа пра лысую гару” — Ніл Гілевіч. На думку Наркевіча — доказ вельмі пераканаўчы. “Сам я цяпер ужо амаль не сумняваюся!” — “А як жа быць, — пытаю, — з інтэрв’ю ў “Крыніцы”? — “Самазванец нейкі!..” Рэдактар просіць маёй згоды на публікацыю — іначай аўтар Янусь Малец надрукуе дзесьці, і гэта будзе горш, бо — “без нашага каментара”, мы дык яшчэ можам падтрымаць ауру таямнічасці.” Рабіце, кажу, як хочаце, усё роўна ад мяне прызнання не пачуеце… Падобна, што будуць друкаваць.

18-га сакавіка. На камісіі па спадчыне М.Танка выказаўся рэзка крытычна наконт бязглуздай пастановы Урада аб наданні імя Танка педагагічнаму ўніверсітэту і педвучылішчу — і адно, і другое недарэчы, да педагогікі М. Танк меў найменшае дачыненне. Куды больш падышоў бы Універсітэт культуры.

19-га сакавіка. “Звязда” апублікавала “навуковае даследаванне” Я. Мальца пад грознай назвай: “Вядзьмак! Рукі ўгору!” Змешчаны і меркаванні паэтаў наконт аўтарства “Лысай гары”. Р. Б. са скуры лезе — што гэта фальклор і шукаць аўтара не трэба. І ўжо больш умерана ацэньвае паэму. У свой час выдаў па вышэйшаму разраду. Цяпер, відаць, пачалі адкрывацца вочы на сапраўднага аўтара, а гэта для яго крайне непажадана; вось і хапаецца — то за Звонака, то за фальклор, — абы адвесці ўбок ад ісціны. Ах, дарагі-шаноўны калега, давядзецца ўсё-такі прызнаць аднойчы! Ты ж не такі наіўны і бездапаможны “чытач” паэзіі, каб услед за некаторымі аддаць аўтарства “Сказа” беднаму Колю Якаўлевічу. К. Якаўлевічу хопіць і таго гонару, што быў першым слухачом і першым “рагатуном” (калі я чытаў яму чарговы кавалак), і што па маёй просьбе перадрукаваў і разаслаў паэму па назначаных мною адрасах. Дзякаваць яму і за “пастаўку” некаторых фактаў з жыцця-быцця лысагорцаў (асабліва наконт будаўніцтва і дабывання гною), але ў гэтым яго заслугі перабольшваць не трэба, бо ў той час усё “лысагорскае” было ў пісьменніцкім асяроддзі на слыху.

Вечарам быў на прыёме ў пасла ЗША, пазнаёміўся з ім асабіста і некалькі хвілін пакарыстаўся — tet-a-tet — яго ўвагай, каб выказаць свае думкі наконт 1) грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі, 2) нашага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і культуры.

21-га сакавіка. Заходзіў, па маёй просьбе, У.М. Конан. Выказаў яму свае заўвагі па прадмове да Збору твораў Ніла Гілевіча. Іх зусім не шмат, галоўнае — дадаць у канцы пра апошнія мае кнігі паэзіі і публіцыстыкі. Прадмова выдатная. Упершыню — бачу тую глыбіню і маштабнасць, з прывязкай да вялікага свету паэзіі і культуры, чаго мне так неставала ў артыкулах і рэцэнзіях пра кнігі Н.Г.

Падарыў Конану “Звязду” з вершамі пра “новаабраных акадэмікаў” — ён не выпісвае і не чытаў. Успрыняў спакойна, хоць я ведаю, як ён абураецца тым фактам, што беларуская Акадэмія Навук — не беларуская.

22-га сакавіка. Зранку — на ўстаноўчым з’ездзе ТБШ. Падрыхтаваны з’езд вельмі слаба. І ў праекце Статута нямала недарэчнасцяў. Давялося ўзяць удзел у спрэчках і зрабіць сякія-такія прапановы (не захапляцца ганаровымі тытуламі, помніць пра галоўнае — бараніць беларускую школу). Вечарам — на выставе М.М. Купавы да яго 50-годдзя. Таксама прыйшлося выступіць — пахваліць гэтага апантанага рупліўца на ніве беларускага Адраджэння.

24-га сакавіка. Вялікі дзень у сучаснай гісторыі Беларусі. Такога беларускага свята, як сёння каля Опернага, ніколі яшчэ я не бачыў: такога шматлюднага, такога ўрачыстага, такога прыгожага. Дзясяткі тысяч усхваляваных людзей, сотні бел-чырвона-белых палотнішчаў над галовамі — на вясновым сонцы, на веснім ветры! Перажыў хвіліны сапраўднага шчасця. І ганаруся, што і мне было дадзена слова, і што так удзячна людзі слухалі верш “Не падайце духам, хлопцы!” Многія шчыра віншавалі і паціскалі горача руку.

Усё ганебнае гадства, якое адбылося на вуліцах Мінска пасля мітынгу, — нішто ў параўнанні з веліччу Свята Дня Волі ў гонар 78-й гадавіны БНР.

25-га сакавіка. Быў на выставе суполкі “Пагоня”. Шмат выдатных твораў. Гідам быў у мяне А. Марачкін. Асабліва шмат народу таўпілася каля чучала Гэнага. На ўрачыстым адкрыцці выставы нікога з афіцыйных асоб не было. Маё прывітальнае слова было працягам учарашняга, сказанага на свяце. Выступіў і Васіль Быкаў. Між іншым, учора, каля Опернага, яго не было.

26-га сакавіка. У Акадэміі мастацтваў, у Шаранговіча на спектаклі студэнцкага тэатра — выпускнікоў гэтага года. “Мальер” М. Булгакава. Выдатная п’еса і таленавіта пастаўлена. Але — чаму на расейскай мове? Хіба не знайшоўся б перакладчык? Нават з ліку саміх студэнтаў? Аказваецца, і другі спектакль (іх усяго два) таксама на расейскай. І гэта — у Васіля Шаранговіча! І ён не можа даць рады! “Так захацелі выкладчыкі-рэжысёры”. Дык і што ж гэта такое? І дакуль гэта будзе цягнуцца? На жаль, сябра В. П. нічога пэўнага на маё здзіўленне не адказаў.

27-га сакавіка. Дзіўнае дзіва! Звоніць В.А. Вільтоўскі і кажа: купіў Вашых “Родных дзяцей”, другое выданне, хацеў бы ўзяць аўтограф… А я — нічога не ведаю. Дзён пяць назад бачыў Шупеньку, хацеў спытаць — пасаромеўся… Чаму ён не сказаў мне, што кніга выйшла? Не разумею! Я ж столькі яе чакаў!.. Ну, але Бог з ім і з імі! “Родныя” прыйшлі да чытача — да беларускага, спадзяюся. Да беларускага!

28-га сакавіка. Вечар берасцейцаў у Доме Літаратара. Вядома ж, узяў слова і я. Наўмысна — дзеля Ніны Мацяш і яе сяброў з Белаазёрска (як Г. Скарына). На самай справе, берасцейскі гурт сёння ў нашай літаратуры — калі гаварыць аб “правінцыі” — бадай ці не самы магутны.

30-га сакавіка. З самага ранку — у Доме Літаратара. Было досыць трывожна, як пройдзе наша Канферэнцыя. На шчасце, людзей сабралася багата, зала была амаль поўная. Маё ўступнае слова ўспрынялі з належным разуменнем. За тое, што ў ім — ад пачатку да канца — праўда аб сучасным становішчы беларускай мовы ў Беларусі. Пафас досыць высокі, агулам кажучы, — той, што і павінен быць на рэспубліканскім форуме ў абарону Бацькаўшчыны, яе мовы і культуры. Разумныя, змястоўныя былі і выступленні аб “дыскрымінацыі”, а дакладней — аб задушэнні беларускай мовы ў Беларусі, і аб тым, што ж нам трэба рабіць, каб уратавацца. Прынялі некалькі пастаноў, змест і сэнс якіх — процістаянне напору імпершавіністаў на нашы пазіцыі — на свабоду і незалежнасць Беларусі, яе мовы і культуры.

1-га красавіка. Нягледзячы на “дзень падманаў”, — у Доме Літаратара адбыўся відэазапіс урока “Творчасць Н. Г.” з удзелам аўтара. Урок бліскуча — на мой погляд — вяла Л. А. Ламека. Як шчыра і пранікнёна яна гаварыла вучням тое, што ёй хацелася сказаць! А сказаць ёй хацелася штосьці вельмі і вельмі істотнае, значнае.

2-га красавіка. Самы ганебны ў сучаснай гісторыі Беларусі дзень. Хэўра запраданцаў на чале з асэсарам пайшла насустрач запаветным марам імпершавіністаў — вярнуць Беларусь у склад Расеі. Першы крок у справе інкарпарацыі зроблены, саюз утвораны. “Кумір” шалее ад радасці, хоць і не зусім па-ягонаму атрымалася: ён хацеў ужо сёння пачаць жыць адною агульнай дзяржавай пад назвай СССР.

Ну, але радасць каланізатараў і запраданцаў заўчасная: гэта пацвердзіў народ, які выйшаў на праспект, а затым сабраўся каля Палаца Спорту. Тысяч 30, а можа і больш. Калі народ, а пераважна моладзь, гэтак рэагуе на прадажніцкую дзейнасць улад, то — не загінем! Будзем жыць!

3-га красавіка Па тэле — інтэрв’ю з Кавалёнкам, з Філарэтам. За першага — проста сорамна! Слынны сын Беларусі! Уносіў дзяржаўны, бел-чырвона-белы Сцяг у залу ВС РБ. За другога… Як прыкра, што я верыў яму як духоўнаму абаронцу нацыянальных інтарэсаў Беларусі; нават быў за абедзенным сталом аднойчы. Відаць, разлічваў, што прыбярэ мяне да рук, адчуўшы маю гістарычную злосць на гібельныя для Беларусі Уніі. Пралічылася Барада! Мяне далучыць да запраданцаў? Як той Бронісь казаў: смяяцца хачу! Дарэчы, апошнія гады два нашы вітанні пры сустрэчы — афіцыйна стрыманыя. І ніякіх размоў.

8-га красавіка. Учора і сёння — два вечары на “Харошках”. Запрошаны быў з “прыцэлам”: Гаявая вылучана на Дзяржаўную прэмію Беларусі. Былі і некаторыя іншыя члены Камітэта па прэміях. Бясспрэчна — прэміі яна заслугоўвае! Таленавітая інтэрпрэтацыя нашых народных танцаў — і бліскучае іх выкананне! Пазнаёміўся з Гаявой асабіста. Па-мойму, паўторна. Даўным-даўно калісьці “мімалётна” знаёміліся. Трымаецца звышсціпла. Сёлета ёй будзе 60. Прыезджая, а вось жа паслужыла беларускаму мастацтву хораша.

18-га красавіка. Сустрэча на філфаку. У вялікай зале. Днём. Апрача філолагаў былі гісторыкі, юрысты, хімікі. “Грымеў” звыш дзвюх гадзін. Слухалі — з вялікай душэўнай аддачай. У нашы дні гэта вельмі пэўны паказчык. Як і безліч пытанняў, якімі засыпалі. Моладзь абуджаецца да актыўнага палітычнага жыцця. Яна ўжо не тая, як — помню — гадоў дзесяць назад. І гэта — выдатна! Адкрыў сустрэчу У.Н. — словам досыць фармальным і непрадуманым. На шчасце, кароткім. Прысутнічалі два дэканы: Шупляк П.А. і Плотнікаў Б.А.

19-га красавіка. На пасяджэнні Камісіі па спадчыне Танка выяснілася, што Яўген Іванавіч увесь час вёў дзённік — з 1941 па жнівень 1994. Буду прасіць пачытаць (у друк пойдзе са скарачэннямі). Б. пахваліўся, што ўжо прачытаў — “запоем” за суткі. Р. зазначыў, што — “Лісткі календара” цікавейшыя — у іх больш літаратуры і гісторыі.

20-га красавіка. Напісаў па просьбе Казловіча артыкул для “Круга” — “Воз сцялежыўся”. Спачатку Казловіч меркаваў, што гэта будзе “перадавіца” ў № 2, але атрымаўся артыкул завельмі для перадавіцы, ды і тэматычна… не зусім загалоўны. Але ж і дастанецца мне ад Філарэта!

Дэталь: замаўляючы артыкул, Казловіч прасіў не чапаць… праблему беларускай мовы. “Каб не адштурхнуць пэўнага чытача”. Ну і ну! Усё з аглядкай на “пэўнага”! Усё — каб “пэўны” не пакрыўдзіўся! А як гэта я не зачаплю пытанне аб мове?..

23-га красавіка. Да паўдня — на чытаннях М. Гарэцкага. Выступіў з даволі працяглым словам (хоць і значыцца ў праграме як прывітанне). Трэба будзе аформіць свае думкі пра Гарэцкага ў артыкул. Быў і Брыль. І Быкаў — да першага перапынку. Ні з кім не развітаўшыся, паехаў. У прэзідыуме сядзелі побач. Чуж — чужаніца. Дасягнулі свайго “апрацоўшчыкі”! Заўважыў, як было яму непрыемна, калі адзін з дакладчыкаў рэзка крытыкаваў Адамовіча А. за тое, што ў кнізе “Беларускі раман” (яго доктарская) нават не ўспамінае імя Гарэцкага (а гэта ж быў 1962 год, ужо ў кнізе Перкіна пра “Дзве душы” аж некалькі старонак было). Сапраўды, загадка нейкая: Адамовіч, які пасля напісаў бліскучую “Браму…”, не згадаў у доктарскай імя Гарэцкага!

24-га красавіка. Урок беларускай літаратуры па тэлебачанні. “Творчасць Ніла Гілевіча”. Вяла — Л. А. Ламека. Бліскуча! Нарэшце і мне пашанцавала — пасля тых дзвюх няўдач (тэленарыс Шлега і тэленарыс Гайдука).

26-га красавіка. “Звязда” апублікавала маю чарнобыльскую паэму”Не хварэй!”. Наркевіч — гаспадар слова. Учора на адкрыцці чарнобыльскай фотавыставы Кляшчука прачытаў урывак з яе — апошнія строфы. Успрынялі добра. А сёння пачуў ўжо і тэлефонныя водгукі — вельмі хвалебныя.

У 17 гадзін пайшлі з Нінай на чарнобыльскі мітынг да Палаца спорту. А там — ні душы. Каля гадзіны стаялі, сноўдалі, пакуль не сталі няўсцерп балець — у мяне паясніца, у Ніны — ногі. Вымушаны былі пайсці адтуль. А позна вечарам пачуў, што шэсце “Чарнобыльскі шлях” разганялі амапаўцы, многіх арыштавалі (нібыта — сотні), не абыйшлося без крыві. Ну, што ж, асэсар адкрыта ідзе супроць Незалежнай Беларусі і свабоды беларускага народа. А паколькі яго зграя шматлікая — наперадзе нас чакае самае невясёлае.

27-га красавіка. Стала вядома: арыштаваны Ю. Хадыка, Л. Баршчэўскі і многія-многія іншыя. Пахапалі на вуліцы. Збіраюцца судзіць. Па тэле і радыё гучаць страшныя асуджэнні і пагрозы ў адрас арганізатараў “Чарнобыльскага шляху” і БНФ. Ганаруся, што быў членам аргкамітэта “ЧШ”.

29-га красавіка. Быў на вечары песень Лучанка. Выконвалі Іван і Алесь Краснадубскія (бацька і сын, які не ўступае бацьку, — праспяваў маё “Прыйдзі, як снег…” вельмі прачула). Не пайсці на вечар не мог — Ігар Міхайлавіч надта прасіў, не хачу ўскладняць з ім адносіны. А пайшоўшы — пашкадаваў: публіку сабраў І. М. “адменную”. Апрача трох суаўтараў (Бураўкін, Някляеў, Гілевіч) — ні душы з нашай творчай інтэлігенцыі! А яшчэ, на няшчасце, вялікі дождж загнаў у машыну і прымусіў пабыць на фуршэце. Праўда, трымаліся з Нінай асабняком, ні з кім ні слова (апрача Сняжковай). І хутка пайшлі дадому. Сумна і горка.

30-га красавіка. Днём — сустрэча ў БУК. Нават цяплей і шчырэй, чым на філфаку БДУ. Усе настроены вельмі патрыятычна. Але — дзяўчаткі з аркестра, які вітаў мяне маршам, гавораць (між сабой) не па-беларуску. Некалькі запісак — як я стаўлюся да падзей 26-га красавіка, і гарачыя воплескі пасля майго адказу. Была і рэктар Я.Д. Грыгаровіч. Пасля сустрэчы гутарылі з ёю з паўгадзіны ў яе кабінеце. Быў і А. Трусаў. Сказала: чатырох рэктараў збіраюцца “з’есці”, мяне — першую. Прызналася, як думае ўратаваць ад выключэння студэнтаў, якія актыўна ўдзельнічалі 26-га ў “Чарнобыльскім шляху”. Галоўнае, кажа, не дапусціць, каб учынілі пагром універсітэта.

Вечарам — на юбілейнай урачыстасці ў Доме Літаратара: 75 — М.І. Ермаловічу. Вяла — Іпатава. Дала і мне слова. Зацягнулася вечарына бязбожна. На фуршэт — не застаўся, пайшлі з Брылём дадому.

3-га траўня. У 14 гадзін — сустрэча з гімназістамі ў СШ № 54; арганізаваў — стары настаўнік Чарняўскі М.І. І гімназісты, як і студэнты, слухалі душой і сэрцам і рэагавалі на мае адказы і на публіцыстычныя вершы гэтак жа, як студэнты. Што мяне вельмі і вельмі цешыць. Моладзь не прымае здрадніцкага курсу самазванцаў, што выдаюць сябе за выбраных народам. Веру — што і не прыме!

6-га траўня. Юбілейны вечар В. Коўтун. Нешта сказаў і я — юбілейнае. Бясспрэчна, асоба не ардынарная — і ў літаратуры, і ў сферы грамадскай чыннасці. Шкада, што ўрачыстасць праходзіла ў малюпасенькай зале Музея Купалы. Тое, што можа мець шырокі грамадскі рэзананс, павінна праводзіцца ў зале вялікай, шматлюднай. Былі паслы Балгарыі і Эстоніі. Бураўкін на фуршэце, вельмі рэзка выказаўся пра хамства асэсара, што дазваляе сабе ў храме перад вернікамі гаварыць палітычныя прамовы, ды яшчэ спекулятыўныя. Ён таксама шкадуе, што 29-га папаўся на лучанкоў “кручок”.

7-га траўня. Зранку пісаў ліст (ад імя Рады СПБ) у абарону Ю.В. Хадыкі, які ўсё яшчэ ў астрозе і галадае.

Перад абедам заходзіў Далідовіч — забіраў мае два радкі пра яго ў Стаўбцоўскую газету. Сур’ёзны мужык.

У 14 гадзін — у ТБМ. Адобрыў ліст у абарону арыштаваных бэнээфаўцаў. Падалі на подпіс ліст з падзякай украінскім “баявікам” — таксама ад Сакратарыята ТБМ. Адхіліў і сказаў: гэта не трэба рабіць, іх удзел у нашым “Чарнобыльскім шляху” толькі нашкодзіў нам. Стала ясна, як новыя сакратары ТБМ не думаюць, а адно глядзяць у рот З. П. Што ні скажа, што ні зробіць — усё на “ура”. Нават сур’ёзныя палітычныя пралікі.

У ТБМ — бяда: вылезла тое, чаго я баяўся. Цумараў усе гады прапіваў прыбыткі ад кіёскаў, няма ў касе 14 млн — і кіяскёрша маўчыць, кажа, браў Цумараў пад распіску; дзе распіскі? — маўчыць, няма. Да таго ж не вяртае ліцэнзію на права камерцыйнай дзейнасці. Як мая душа чула!

У 15 гадзін — Рада СПБ, аб кнігавыданні. Нічога новага. Той жа плач і бездапаможнасць. І тая ж бессаромная хлусня Л-шы.

Зачытаў ліст у абарону Ю. Хадыкі і папрасіў прыняць, каб пайшоў па трох адрасах ад імя Рады СПБ. Тут і пачалося! Адны — на чале з Н-кам — адразу ж рушылі з залы. Белазоры чэкіст разявіўся штосілы на Н. Гілевіча, што абараняю “бандэраўцаў”, пасля чаго пайшоў таксама. Ліст быў прыняты адзінагалосна. Праўда, скарацілі тэкст на адзін абзац (і дарэмна!)

Вечарам быў на аўтарскім канцэрце спевака А. Атаманава. Па завершанні — сказаў пра яго слова, вельмі пахвальнае, вядома. Ён варты гэтага. Таленавіты і — мае густ. А галоўнае — у яго рэпертуары нямала песень, якія сёння надзвычай патрэбны маладой аўдыторыі, — песень у абарону і славу незалежнай Беларусі.

8-га траўня. Паслухаў і паглядзеў святочны сход і канцэрт. Нашмат горш, чым чакаў. Гэны колькі разоў падкрэсліў: “отечество восстановим!” Набрыдзь-генерал заклікаў граміць і знішчаць беларускі нацыяналізм. У канцэрце — ніводнага верша і песні на беларускай, апроч абрыдзелай “Гуляць дык гуляць”. Самы раз гуляць! Агульнае ўражанне — гнюснае. У зале — маладыя сытыя морды, сям-там ветэран, але… але… з бліскучых, не з акопнікаў.

9-га траўня. Званіла маці арыштаванага Сіўчыка — Галіна Васілеўна (калісь заходзіла да мяне ў ВС). Прасіла — можа б падаў свой голас у абарону яе сына). Паабяцаў напісаць ліст Генеральнаму пракурору — ад сябе асабіста.

10-га траўня. Напісаў і аддрукаваў ліст Генеральнаму пракурору РБ Капітану з патрабаваннем — неадкладна выпусціць з астрогу арыштаваных Ю.В. Хадыку і В.В. Сіўчыка.

16-га траўня. Сёння суседу Васілю Вітку — 85! Раніцой зайшлі з Нінай павіншавалі, з ружамі. А дзед — малайчына! Што значыць усё жыццё сачыць за рэжымам працы, адпачынку і харчавання: з вечара — штодзень — доўгія пешыя прагулянкі, ніколі — ні грама спіртнога, яда — тваражок, грэчневая кашка на алеі, ні адной зацяжкі дыму… “А вы — могли бы?!” — пытаў некалі Маякоўскі. Не магу. І дзякаваць Богу, што не магу. Гэта — рашуча не для мяне. У мяне — усё наадварот. За выняткам курэння. Дыму не цярплю ўсё жыццё і я. Калі б у дадатак да маіх “заган” я ды яшчэ курыў — даўно б загнуўся!..

17-га траўня. На юбілейным вечары Б. Сачанкі. Было б 60. Гаварылі як у гадавіну смерці: аддавалі належнае. Асабліва як змагару за мову і як рэдактару энцыклапедыі. Што зусім справядліва. Артысты чыталі апавяданні і гумарэскі. Уражанне: талент няроўны. Аж крыўдна! Асабліва нецікавы ў гумарэсках. Ну, але кіраўнік энцыклапедыі быў выдатны — і вельмі шкада, што страцілі яго.

На вечары амаль не было яго равеснікаў. Знаёмая Беларусь!..

21-га траўня. Ездзіў у выдавецтва, глядзеў афармленне 6-томніка (які або не выйдзе наогул, або я не дачакаюся). Засмучаны тытулам, буду прасіць перамаляваць — пакласці на вокладцы мой роспіс, і толькі.

Глядзеў вечарам кандыдата ў прэзідэнты РФ генерала Лебедзя. Уразіў. Думаю, што і вельмі многіх у Расіі. Падобна, што не выпадкова вылучыў сябе на пасаду цара-бацюшкі.

23-га траўня. Юбілейны вечар “Роднага слова” (соты нумар). Упрасілі выступіць (не лепшая мая прамова ў зале Дома літаратара). Праграма скампанаваная няўдала, зацягнулі бязбожна (каля трох гадзін). Пасля — банкет. Шкадую, што застаўся. Трэба ставіць кропку. Грамада — не мая і не для мяне.

24-га траўня. Зноў слухаў генерала Лебедзя. Па-мойму, паблытае раскінуты палітолагамі пасьянс. Наколькі ведаю Расію і яе народ — ён мае будучыню. Стане царом! Гэты раз — не, але наступны — абавязкова! Цяпер жа зойме не ніжэй трэцяй зверху прыступкі. У ім ёсць галоўнае, чаго хочуць, па чым засумавалі расейскія мужыкі і бабы: ён навядзе парадак. Пакончыць з мафіёзамі, з карумпіраваным чыноўніцтвам, з бандытызмам. Чалавек справы. Калі, вядома, ацалее сам.

31-га траўня. Ну, Расея! Ну, Расея! Проста цуд дый годзе! У прэзідэнты — глядзеў па тэле — лезе нехта Брынцалаў. Уласнік фармацэўтычных заводаў, мульцімільярдэр. Пашляк несусветны. Мала клоуна Жырыноўскага — наце, палюбуйцеся яшчэ і на такога! Ну, Расея! Ну весяліш ты Еўропу і цэлы свет здорава! Толькі нам, беларусам, ад гэтага зусім-зусім не весела. Страшна!

2-га чэрвеня. Адзначылі Дзень Нараджэння маёй Сонечнай, маёй Мудрай, суджанай мне Богам Ніны свет-Іванаўны. Маёй самаахвярнай заступніцы і абаронцы. Маёй выратавальніцы. Маёй незаменнай, непараўнальнай, нястомнай памочніцы — ва ўсім, у тым ліку і непасрэдна ў творчасці, не кажучы пра грамадскую чыннасць. Несумненна, яна заслугоўвала лепшага жыцця, чым тое, што ёй выпала. Як жонка, гаспадыня і памочніца яна ўзяла на сябе жыццёвы груз, якога хапіла б на дзесяцярых.

Божа моцны, ці ведаеш ты гэта? Калі ведаеш — зрабі, каб яе дні-гады на гэтым свеце былі доўгімі-доўгімі і супакойна-непакутлівымі. І даруй мне, грэшнаму!

3-га чэрвеня. Зноў думаў пра Ніну, пра яе долю. Вось з каго трэба пісаць абразы святых і яшчэ пры жыцці далучаць да Ефрасінні. Ні аднаго нявернага, нядобрага, не годнага Жанчыны кроку і паўкроку за жыццё не зрабіла! Учора запісаў словы ўдзячнасці (як жонцы і памочніцы) ад сябе асабіста — а колькі падзякі выказалі б ёй усе яе былыя студэнты! Яна — выдатны педагог, Настаўніца з вялікай літары, незаўважаная і неацэненая толькі таму, што мае маё прозвішча, што“ з адной хаты” са мною. У нас такое немагчыма, каб аддаць належнае яшчэ і ёй. Па-беларуску гэта ўжо будзе занадта. Думаю: а колькі б яна зрабіла як педагог і навуковец, калі б ёй лёс не падкінуў такі падаруначак, як паэт з роду апантаных?

Перадаў Сярэдзічу пяць палітычных вершаў. Прачытаў іх яму ў ягоным аўто. Ухваліў і паабяцаў паставіць у нумар за 13-га. “Раней ужо немагчыма”. Гэта значыць, праз 10 дзён. Такі верш — аж праз 10 дзён?

6-га чэрвеня. Выйшаў нарэшце “Круг” з маім эсэ “Воз сцялежыўся”. На месяц пазней, чым планаваўся. Прачытаў. Усё добра, ні слова, ні коскі не паправілі. І аднак жа больш справы з ім, гэтым “Кругам”, мець не буду. Коскі не паправілі, затое ў падзагаловак вынеслі, дакладней, упісалі ад сябе тое, што ў маім артыкуле ідзе толькі як прыватны момант — пра “славянскі фундаменталізм”. У мяне нават такога словазлучэння няма. У мяне галоўная ідэя — воз сцялежыўся: воз-дзяржава і воз-культура. Але выдаўцоў гэта цікавіць менш, чым ударыць па яднанню славян. Я — супроць шавіністычнага славянскага (расейскага!) фундаменталізму, бо гэта ёсць расізм і глупства, але ж мой артыкул не пра гэта, а пра тое, што воз сцялежыўся. Палітыка “Круга” — палітыка ПЭН-цэнтра, які, аказваецца, ёсць заснавальнікам і фундатарам газеты і да якога я, з ласкі сяброў, не маю дачынення. І ўжо не буду мець.

12-га чэрвеня. Сюрпрыз. Пазваніў Сярэдзічу, каб прапанаваць яму мой адкрыты ліст В. Распуціну, а ён і кажа: “На жаль, вашы вершы перанёс у наступны нумар, у гэты не хапіла месца.” Маленькі шок. “Але ж вы абяцалі, ды і лыжка к абеду…” — “Паглядзіце газету і скажыце, што я павінен быў зняць, каб паставіць вашы вершы…” Ну, такога я яшчэ ніколі ад рэдактароў газет не чуў. Кажу: “Там усяго 80 радкоў…” — “Там больш чым 80…” Кажу: добра, вершы я здымаю, давайце ўзамен апублікуем мой ліст Распуціну. Пачаў мяне пераконваць, што я павінен гэты ліст апублікаваць у “Рэспубліцы”, дзе было інтэрв’ю з Распуціным. Пайшлі спрэчкі, якія мяне ўсё больш прыніжалі, і я паклаў трубку.

13-га чэрвеня. Забраныя ў Сярэдзіча вершы аддаў Наркевічу. Пачытаў і сказаў: стаўлю ў наступны нумар, на суботу. “Не баіцеся?” — “Не. Гэта — паэзія, а не палітычны артыкул. Вы маеце права на свой погляд, на сваю думку”. Дадаў два вершы новыя, напісаныя ў апошнія дні.

15-га чэрвеня. Выйшла “Звязда” з вершамі, на трэцяй старонцы, на самым відным месцы, уверсе. Віншую вас, таварыш Сярэдзіч!

Днём — у Маладэчні, на фестывалі. Спецыяльная паэтычная сустрэча з Н.Г. У гарадскім парку. Усё, што чытаў, было ўспрынята найлепшым чынам, пад вельмі гарачыя воплескі і воклічы. Пачуў надзвычай высокія словы пахвалы. Бралі аўтографы на дарагіх кніжках (“Жаўраначка” — 35 тысяч!). Падарылі мне каштоўны вялікі кілім. Можна сказаць: жыві і радуйся, чалавеча! Але радасці няма. І пакуль што — не прадбачыцца.

17-га чэрвеня. Сітуацыя ў Расеі ўскладнілася. Ніхто не перамог. Двое амаль на роўных. Наконт Лебедзя я не памыліўся: заняў 3-е месца, з вялікім адрывам. Што будзе далей — адзін Бог-бацька ведае. Куды пахіснецца электарат Лебедзя, Яўлінскага, Клоуна?

Учора да 2-ой ночы глядзеў закрыццё Фестывалю ў Маладэчні — песенны канцэрт У. Някляева. Хай мне Бог даруе (і паэт таксама), але ва ўсім праспяваным я мала ўбачыў паэзіі, а яшчэ менш — адухоўленасці, высокасці, вернасці нашым, беларускім традыцыям. “Раз ды разочак”, “Гуляць дык гуляць” — дзе і калі вы жывеце, дарагі Уладзімір Пракопавіч? Гэта — па-першае. Па-другое: палавіна песень — на рускай мове. Г. зн., не належаць да беларускай паэзіі. Парушаны прынцып Фестывалю.

18-га чэрвеня. Хмары згушчаюцца. Гэны выказаў радасць, што Ельцын не перамог. А ён яшчэ можа перамагчы. Прыхінуў да сябе Лебедзя — даў яму высокую пасаду. Думаю, кончыцца гэта тым, што праз год-два генерал яго адправіць на заслужаны адпачынак.

19-га чэрвеня. Шаленства набрыдзі і манкуртаў нарастае. У газетах — ветэраны-генералы заклікаюць да неадкладнай расправы з беларускімі нацыяналістамі. Гэта зразумела. А вось як зразумець паўсотні вучоных і дзеячаў мастацтва, якія заклікаюць ратаваць ад беларускіх “нацыянал-экстрэмістаў” гісторыю Беларусі, Энцыклапедыю гісторыі Беларусі, новае выданне агульнай энцыклапедыі і інш. Сярод падпісантаў гэтага ганебнага дакумента — ніводнага гісторыка! Адны фізікі, біёлагі, артысты. І — народны пісьменнік Беларусі — І. Шамякін. Якая ганьба! Якая несусветная ганьба! Міжволі ўспомніўся бліскучы памфлет І. Мележа “Парсюк”, апублікаваны пасля смерці аўтара, але рысы героя памфлета, помню, Іван Паўлавіч падкрэсліваў у размовах са мной неаднойчы.

20-га чэрвеня. Генрыху Далідовічу — 50. Ужо! А паглядзець — і 40 не дасі. Быў на ўрачыстасці і на вячэры ў Музеі Коласа. Быў там і Ш. На шчасце, размінуліся, бо рукі яму не падаў бы — пасля ўчарашняга. Зуёнак даў слова і мне. Апрача іншага, пахваліў Далідовіча за яго патрыятычную публіцыстыку.

22-га чэрвеня. Хадзіў — у беларускай калоне — да помніка Перамогі, усклаў ружы. Усё прайшло спакойна, без эксцэсаў. Так прайшло б і 26 красавіка, і 9 траўня, калі б не дурнота адных і подласць другіх, калі б не нянавісць да ідэі незалежнай Белпрусі іх усіх разам.

Бачыўся і гутарыў з Г. Карпенкам — падтрымаў яго жаданне выступіць на мітынгу. Пагутарыў і з М. Крукоўскім (шкадую, што рэдка бачымся).

У калоне бачыў некалькіх мастакоў, але — ніводнага пісьменніка, апрача Артура Вольскага, які прадстаўляў ветэранаў Вялікай Айчыннай, а не Саюз пісьменнікаў. Вось такая наша рэальнасць. Такая наша творчая інтэлігенцыя. Мне, старому і нездаровячаму, ёсць патрэба ісці ў калоне Адраджэння, у іх, маладых і здаровых, такой патрэбы няма.

26-га чэрвеня. У 11 гадзін у Доме Радыё, удзельнічаў у радые-мосце, прысвечаным сучаснай школе. Ад Расіі — У. Крупін, ад Грузіі — Г. Аміраджыбі, ад Малдовы — Н. Савосцінаў, ад Беларусі — я. Спроба збліжэння да супрацоўніцтва. Размова — несабраная, хаатычная. Інфармацыя з усплёскамі эмоцый. Агульны тон — трэба разам змагацца за школу, бо — загіне. Ішоў з Дома Радыё і думаў: а за якую школу змагацца? Рэч у тым, што ў кожнага свае праблемы. Мае беларускія праблемы тром астатнім — невядомы, там — усё іначай, нават у Малдове.

У 12 быў у Акадэміі навук, на Камітэце славістаў. Запісаўся дакладчыкам на чарговы з’езд (1998, Кракаў). Пасля трохі пасядзелі ў Каваленкі (Цыхун, Фядосік, Мальдзіс). Усыпалі (завочы, гэта мы ўмеем) Шамякіну за яго подпіс гнюснага пісьма супраць праўдзівай гісторыі Беларусі.

3-га ліпеня. “ЛГ” надрукавала (у нумары за 26.06) мой ліст В. Распуціну. Той, што не захацеў друкаваць Сярэдзіч. Газета ў Менск прыйшла толькі сёння. Пазванілі: Бураўкін. Пасля — Быкаў: вельмі задаволены, шчыра дзякаваў за абарону яго імя, яго пазіцыі. Пагаварылі — як у добрыя старыя часы. І ёсць жа пра што! Як і заўсёды — мне з ім — было пра што. Ах, Быкаў, Быкаў, Васіль, Васіль! І на што ж было табе!..

5-га ліпеня. Памёр Васіль Вітка, ад інсульту, у гадзін шэсць вечара. А раніцой, яшчэ да дзевяці, Я.П. Навуменка паклікала мяне, каб я памог урачу хуткай дапамогі падняць Цімоха Васільевіча з падлогі і пакласці на тахту. Быў без памяці. Памёр, так і не апрытомнеўшы. Яшчэ заўчора спытаў, пры сустрэчы, дачку, як, здароўе бацькі, маўляў, хачу зайсці пагутарыць. “Нічога, заходзьце, ён будзе рады”. На жаль, не зайшоў. Нешта перашкодзіла.

9-га ліпеня. На пахаванні Віткі. Пісьменнікаў было шмат. Ад Урада — ніхто не выступіў. А прысутнічалі невысокага рангу клеркі. Вось вам і старэйшына нацыянальнай дзіцячай літаратуры! Усе сённяшнія чыны вучылі ў школе яго вершы і казкі. А тав. З-ін — не вучыў. Затое прачытаў летась у “Звяздзе”, што напісаў Васіль Вітка пра рэферэндум (“У мяне гэта быў чорны дзень…”).

10-га ліпеня. У Сяргея нарадзіўся сын. Ніна падала мне тэлеграму — і заплакала. Сперажывалася. Вось і ўсё! Плакаць цяпер ужо — чаго? Будзем радавацца.

25-га ліпеня. Званіў Ю. В. Хадыка, прасіў выступіць 27-га на мітынгу каля Опернага. Сказаў, што павінен быць вельмі мнагалюдны мітынг. А я і сам збіраўся ўзяць слова. Тым лепш! Не забываюць, дзякаваць Богу. Патрэбен, яшчэ патрэбен стары паэт народу!.. Пайду і скажу. Галоўнае — каб не падалі духам.

Раніцай даў юбілейную тэлеграму Л. Левіну, а ў 15 гадзін быў на адкрыцці яго выставы ў Музеі гісторыі культуры. Але ж і напрацаваў чалавек! Пра гэта я і сказаў там, перад мікрафонам. І пра тое, што ведаю Левіна з 1952 года, мабыць, больш, чым любы з прысутных. І што яшчэ тады прадказаў яму вялікую славу. Тым летам мы працавалі з ім у піянерлагеры, яму было 16, мне — 21. Ён і дасюль цытуе мае тагачасныя, трохі хуліганскія куплеты.

27-га ліпеня. Быў на мітынгу. Ішоў да Опернага ў першым радзе бясконцай калоны — побач з Карпенкам, Багданкевічам, Захаранкам, Таразевічам, Хадыкам і іншымі. І сказаў слова. І многія сказалі. І настрой ва ўсіх адзін: выстаім! Пераможам! Незалежная Беларусь будзе жыць, а здраднікам — праклён і ганьба!

31-га ліпеня. Хадзіў у Дом Радыё — запісаўся для радыёперадачы пра Быкава. Невялікае, на тры старонкі, слова і два, яму прысвечаныя, вершы. І што ж гэта за ініцыятыва з боку Радыё? Каб сказаць грамадскасці: вось, маўляў, не думайце кепска, — вядомых дзеячаў беларускай культуры мы шануем. Ах ці мой Божа! Каб вам у грудзі тое, як вы нас шануеце! Здзівіў В. Макарэвіч, сказаў: “Н. С., вось гэты пасаж, напэўна, не пройдзе”. Ён ужо загадзя ведае, што не пройдзе! “А вы, кажу, пастарайцеся, дабіцеся, каб прайшоў. Можа, дзеля гэтага пасажа я і даў згоду ўдзельнічаць у перадачы.” Хоць, вядома, не толькі дзеля гэтага. Хацелася — і я рад выпадку — сказаць пра Васіля добрае слова. На ўсю Беларусь. Каб ведалі. І не паддаваліся на спекуляцыі зламыснікаў.

9-га жніўня. Раніцой зноў заходзілі дзяўчаты з Музея гісторыі літаратуры — забралі шмат чаго нарыхтаванага для маёй выставы. Удакладнілі назву апошняй: “І ўсё ж такі я веру!..” Прапанова Лідзіі Макарэвіч. Пагадзіўся. Узяліся за справу музейніцы вельмі сур’ёзна. Можа, штось і атрымаецца. Добрыя сябры мне хочуць дапамагчы ў сённяшняй маёй сітуацыі. Назло ўсім нядобразычліўцам і галоўнаму з іх. Толькі разумеючы гэта, я, удзячны сябрам, і даў у прынцыпе згоду на стварэнне выставы.

13-га жніўня. Хадзіў на магілу Коласа. У ліку іншых і я сказаў слова. Сказаў аб тым, якая дарагая нам сёння мара Коласа пра свабодную, незалежную Беларусь і які зразумелы нам яго боль, яго гнеў у вершы 21-га года: “Нас падзялілі. Хто? Чужаніцы!..” Жалобная сходка ўпершыню прайшла без Данілы Канстанцінавіча — адышоў нястомны руплівец пра гонар і славу Бацькі. Пасля сходкі Ала Цімафееўна запрасіла на кватэру. Пасядзелі, памянулі, пагутарылі. З пісьменнікаў чамусьці нікога не было (адзін крытык У. Г.) Сядзеў я побач з сынам Коласа Міхасём. Шмат расказаў цікавага — з успамінаў пра бацьку, але і трохі стаміў мяне сваімі гумарыстычнымі вершамі (на дзвюх мовах, між іншым).

14-га жніўня. Званіў Лучанок, але мяне не застаў, дык выказаў усё, што меў, Ніне Іванаўне. Па-першае, падзякаваў за верш аб Славянскім базары, які фактычна прысвечаны яму. Па-другое, зноў бясконцая крыўда: чаму я зрабіў міністрам Вайтовіча, а не Лучанка; а Лучанок нават звання прафесара не мае. Колькі тлумачыў яму, што міністрам Вайтовіча зрабіў ЦК КПБ — не ўспрымае! Ну, а наконт звання прафесара я і сам дзіўлюся, бо ў першыню чую, што чалавек доўгі час быў рэктарам Кансерваторыі і не быў прафесарам. Нейчы вельмі прыкры недагляд!..

21-га жніўня. Заходзіў пасланец з Маладзечна, вядомы там беларус-патрыёт і дэмакрат Алесь Капуцкі. Інжынер па адукацыі. Заходзіў з просьбай, каб я даў згоду вылучыцца кандыдатам у Вярхоўны Савет — на асенніх давыбарах. Па той акрузе вылучаўся ён, і не прайшоў. І шанцаў, што пройдзе, мала. А шкада! Вельмі сімпатычны і разумны, сур’ёзны, прынцыповы таварыш. Шкада! Прыйшлося расчараваць яго: ні ў якія дэпутаты ўжо мяне і вяроўкамі не зацягнеш! Хоць бы даў Бог трохі патрымацца ды напісаць сёе-тое! Горача параіў яму выпрабаваць лёс яшчэ раз — вылучыцца нанова.

28-га жніўня. Вечар правялі з Нінай у Бураўкіна. Віншавалі з юбілеем. Былі Карпенка, Матукоўскі. Быў і Быкаў (пагаварыць не давялося). Генадзь хутка пачаў мітынгаваць, як заўсёды, стала нецікава. Быў і яго зямляк Я. — перакананы ідэйны праціўнік незалежнасці, рэформ і БНФ. Такая “кумпанія”, такое спалучэнне. Так і жывём, і сябруем. А што зробіш? Тыповы беларускі менталітэт!..

Дадому — Быкава, Карпенку і мяне з Нінай — адвёз на сваёй “інамарцы” вядомы палітолаг А. Майсеня. Па просьбе Карпенкі прыехаў. Сказаў: хутка будзе ў друку яго вялікі артыкул — “антыпрэ”, вядома.

29-га жніўня. Быў у Н. Вылчава — ён прыехаў на сталую працу ў балгарскае пасольства. Павіншаваў яго з днём нараджэння (69), агледзеў апартаменты. Пасядзець не давялося, яму стала кепска (страўнік), ужо ўсе дні, сказаў, нешта не тое ў страўніку. Начаваць ён пайшоў да калегі Караджова.