Глава 5 Рома на Алтаі
Глава 5
Рома на Алтаі
Дом на краю зямлі
– Ты шо, дурань – ноччу ісці? Ды цябе ваўкі зжаруць!
У цемры я выходжу з Паспаўла. Да Чарбая каля трыццаці кіламетраў лесавознай дарогі. Чарбай – схаванае ад цывілізацыі паселішча ў горнай тайзе, у якім пастаянна жывуць усяго некалькі чалавек. Пешшу дабірацца туды ніяк не менш за шэсць гадзін, на транспарт спадзявацца не выпадае – дарога ў такім стане, што на ёй у самы раз ладзіць трофі-гонкі.
Першае, з чым даводзіцца змагацца, – страх перад начнымі гукамі лесу. Важна замацаваць у мозгу, што ў гэтую пару года есці цябе ніхто не збіраецца – у гушчары да халеры лёгкай здабычы. Звер можа напасці, толькі калі сам спалохаецца. І каб ты не быў для яго сюрпрызам, ісці праз лес трэба бадзёра і гучна. Я падымаю дух песняй «Служили два товарища».
Другая праблема – моцная забалочанасць мясцовасці. Чаравікі тонуць у месіве, раз-пораз даводзіцца абыходзіць велізарныя лужыны. Праз дзесяць кіламетраў я сутыкаюся з першай сур’ёзнай перашкодай – ракой. У месцы, дзе яе перасякае дарога, плынь, здаецца, не глыбейшая, чым па калена. Абутак адразу ж прамакае наскрозь, я грэюся думкай пра тое, што наперадзе гарачая гарбата і цёплая печ. Праз чатыры гадзіны пачынаю нервавацца.
Мяркуючы па мапе, якую я сфатаграфаваў з інтэрнэт-старонкі, я ўжо павінен быў дабрацца да закінутай вёскі, але навокал холадна і бязлюдна, як і раней. Ацаніць, ці правільна я трымаю кірунак, вельмі складана – неба зацягнутае хмарамі, а компаса ў мяне, вядома ж, няма. Я зноў натыкаюся на раку. Бачу дастаткова свежыя палоскі, пакінутыя аўтамабільнымі пратэктарамі, і велізарныя сляды сабачых лап. Вельмі хочацца верыць, што гэта менавіта сабачыя сляды.
Тэмпература падае ніжэй за нуль, пра гэта сведчаць абледзянелыя беражкі ручая. Спыняцца нельга – адразу замерзну. Ломіць спіну, чвякаюць мокрыя чаравікі, хочацца есці і спаць. Я ледзьве цягнуся. Выбару не застаецца – трэба распальваць вогнішча і ставіць палатку.
Шукаю ўтульнае месца пад стаянку, як раптам нібы чую рытмічны гук рухавіка. Адразу з’яўляюцца сілы на чарговы марш-кідок. Я чакаю ўбачыць брудны аўтамабіль, даваенны генератар або, на благі канец, звар’яцелага лесніка з бензапілой, але знаходжу маленькую, памерам з пральную машынку, гідраэлектрастанцыю на горным ручаі. Ад яе па слупах кудысьці ў лес разыходзяцца кабелі. Гэтак, уздоўж слупоў самаробнай электрасеткі, я і прыходжу ў аўтаномнае паселішча Чарбай. На гадзінніку каля другой ночы, а ў акенцах хаткі гарыць цёплае святло.
– Добры вечарочак!
– Ого! Прывітанне. Разувайся, праходзь, – кажа жанчына гадоў сарака пяці з кароткай стрыжкай. – Ты што, з Паспаўла ішоў?
– З Паспаўла.
– А што, у цябе няма нашага нумара тэлефона?
– Не, няма.
– Мы б цябе на машыне забралі, ты ж кіламетраў трыццаць пешшу адмахаў. Есці хочаш?
– Было б выдатна.
Трашчыць печ, і цёплае святло напаўняе пакой, які выконвае ролю хола, кухні і гасцёўні адначасова. На падлозе раскіданыя цацкі, перад маімі вачыма паліцы з велізарнай колькасцю посуду – ствараецца ўражанне, што тут жыве мінімум чалавек дзесяць. Жанчына дае мне талерку рысу з мясной падлівай. Апошні раз я еў раніцай – яблык.
З вуліцы заходзіць напалову сівы барадаты мужчына:
– О! Прывітанне! Хуя сабе, ты на ноч гледзячы прыйшоў! Мы звычайна ў такі час ужо спім. Проста Ірынка заўтра ў Навасіб з’язджае, дык мы яе збіраем.
– Прыйшлося б мне на верандзе ад холаду падохнуць.
– Акалеў, ці што?
– Ногі ў рацэ прамачыў.
Улад ды Ірына пераехалі сюды амаль дваццаць гадоў таму. Яны марылі стварыць вялікае паселішча, моцную камуну, але, на жаль, паслядоўнікаў не знайшлося. Госці прыязджаюць часта, але даўжэй як на год ніхто не затрымліваецца. Для гасцей у Чарбаі ёсць яшчэ дзве невялікія хаткі, у адну з іх засяляюць мяне. Утульны пакой, рукамыйнік, печ, два ложкі, невялікі столік ля акна і разетка. Раніцай наступнага дня я атрымліваю нарад па дровах. Мяркуючы па колькасці бяроз, што ляжаць у двары, скончу я тыдні праз два.
Гэтак пройдуць некалькі дзён майго жыцця ў Чарбаі. З раніцы і да позняга вечара я махаю сякерай недзе ў гарах і адчуваю жыццё, нібы яно стаіць побач. Улад раз-пораз пад’юджвае мяне: «Ну, нічога! Напрыканцы навучышся абыходзіцца з калуном!» або «Ох і добра, напэўна, бярозка на марозе колецца!». Я выдатна разумею, што, спрабуючы падкалупнуць маё самалюбства, Улад папросту ўхіляецца ад працы. Ягоныя паводзіны падымаюць мне настрой. Гэтак, падпяваючы: «Ох і колецца бярозка на марозе! Ох і колецца!» – я малачу да заходу сонца. Калі нарэшце цямнее, я збіраю па паляне коз, заводжу іх у стойла і толькі потым іду есці.
За вячэрай Улад распавядае мне пра свае вынаходствы, пра тое, як ён пабудаваў ГЭС і правёў сувязь у дом на краю зямлі. Гэта сапраўды заслугоўвае ўвагі. Ён першы ў раёне займеў інтэрнэт-злучэнне. Для гэтага Улад сабраў на гары велізарны рэтранслятар GSM-сігналу. Ад паселішча да гэтай кропкі гадзіны чатыры – гэта калі «кінуцца кабанчыкам» – і ніякіх дарог і сцежак. Узяў азімут і пафігачыў. Не маю ўяўлення, як ён запёр туды восемдзесят метраў сеткі-рабіцы і расцягнуў яе ў горнай цясніне, але факт застаецца фактам – мабільная сувязь на паляне ёсць.
Улад распавядае пра свае вырабы захлёбваючыся, не звяртаючы ўвагі на тое, як кіпіць чайнік і крычаць дзеці. Напэўна, няшмат хто ў тайзе захапляецца яго вынаходлівасцю.
Па ваду трэба цягнуцца па схіле метраў дзвесце ўніз да ручая, а потым з вядром уверх. Запальваю печ, запарваю гарбатку. Адна саракаватная лямпачка на шасціметровы пакой. Заваліцца спаць, ці што? Па цёмнай столі гуляюць праменьчыкі, якія прарываюцца праз алдовую кладку печы. Вецер шуміць, галінкі піхты грукаюць па даху. Можна заснуць і знікнуць без вестак.
Мне сніцца адзін і той жа сон, быццам я вяртаюся дадому ў Менск на некалькі дзён, а потым зноў працягваю дарогу. Ад такіх карцінак я пачынаю панікаваць. Мая дарога – гэта ўсё, што ў мяне ёсць. Адчуваць сябе. Адчуваць, як гэты шар круціцца пад табой. Адчуваць, як ты яго круціш. Мае самыя важныя ўспаміны назаўсёды звязаныя з момантамі крыштальнай адзіноты. Напрыклад, калі я хаваюся пад лаўкай у душным, набітым целамі вагоне, прабіраючыся зайцам скрозь Кітай, або начую ў закінутых дамах, у якіх ні вокнаў ні дзвярэй, толькі старыя аблезлыя дамавікі скрабуцца праз сценку.
Я ехаў у Чарбай па спакой і гармонію. Я спадзяваўся сустрэць людзей, якія знайшлі сябе ў халоднай цішыні гораў, у Белым Маўчанні. Я памыліўся з кірункам. У Чарбаі я ўпершыню за сваё жыццё даведаўся, што такое «Интерны» па ТНТ. Я памыў свае рэчы ў пральнай машынцы. Увогуле, машын тут аказалася больш, чым людзей. Шкада, што ў медаля заўсёды ёсць два бакі.
Ужо год яны жывуць без грошай
Раніцай выпадае снег. Намахаўшыся на марозе сякерай, я прастываю. Мяне перастаюць пускаць у дом, каб не заразіў дзяцей. Калі я заканчваю з дровамі, Улад выносіць мне каструлю з супам, і я іду да сябе ў каранцін. Грэць ежу прыходзіцца на печы. Гэта доўга, але яна робіцца ўдвая смачнейшаю.
Нарэшце прыязджае Жэня. У дзве рукі мы за дзень разбіраемся з абрыдлымі дровамі. Пакуль мы перацягваем паленцы ў сцірты, з лесу выходзяць нейкія людзі. Высвятляецца, што яны жывуць непадалёк, на суседняй паляне. Пасля доўгага працоўнага дня мы выпраўляемся да іх у госці.
У доме, які нагадвае мядзведжы бярлог, жывуць Вова, яго жонка Насця і сябар Юра. Іх дом сабраны трыма парамі рук з бульбяных мяшкоў усяго за некалькі месяцаў. Сцены зробленыя паводле той жа тэхналогіі, паводле якой будуюць ваенныя ўмацаванні, дамбы і бамбасховішчы. Мы плануем заскочыць да суседзяў на гадзінку, але завісаем амаль да раніцы. Яны перабраліся ў гэтыя мясціны літаральна два тыдні таму. Мы першыя госці ў іх незвычайнай хаце, і з гэтай нагоды Насця дастае святочны брыкет халвы.
Я распытваю, чаму яны вырашылі з’ехаць з горада. Тое, з якой шчырасцю яны распавядаюць пра веру ў ідэю, пошук і расчараванні ў сваім жыцці, прымушае мяне запісаць іх у спіс сваіх герояў. Я слухаю іх гісторыі, разявіўшы рот.
Вова сышоў з дому ў шаснаццаць гадоў і з тых часоў ніколі туды не вяртаўся. Бацькі не змаглі дараваць таго, што іх сына паказалі ў праграме «Времечко» ў рэпорце з анархісцкага мітынгу, дзе малы трос іракезам і размахваў сцягам. Пяць гадоў хлопец бадзяўся па маскоўскіх сквотах, бухаў і закідваўся. Зарабляў пераважна тым, што гандляваў усякім хламам на блышыным рынку. Аднойчы сябар запрасіў Вову на працу ў кіно, і Вова пагадзіўся. Наступныя пятнаццаць гадоў ён, нібы адчайны матрос, правісеў на асвятляльных мачтах. Праблемы з грашыма зніклі. У здымачнай тусоўцы Вова пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Насцяй. Насця вырасла ў курортным Новарасійску ў ліхія дзевяностыя, таму не па чутках ведае славутыя бандыцкія разборкі. У сямнаццаць гадоў Насця перанесла клінічную смерць ад перадазіроўкі. Год таму яны прадалі ўсю сваю маёмасць і з’ехалі на Алтай у горы. Амаль усе сродкі пайшлі на тое, каб купіць зямлю. Ужо год яны жывуць наогул без грошай.
А яшчэ Вова сказаў, што знаёмы з хлопцамі, якія напісалі культавую кнігу «Больше Бена». Паводле гэтай кнігі пасля быў зняты аднайменны фільм. Зусім нядаўна, у тым жыцці, гэта была мая самая любімая стужка.
Карацей, я закахаўся ў іх і атмасферу іх чароўнага дома. Няроўныя сцены, касыя праёмы дзвярэй, парыпванне падлогі – усё было такое сапраўднае. Увечары мы запальвалі свечку і правальваліся ў размовы пра свабоду, выбар і сумленне. Мы спрачаліся да світанку і з першымі праменямі сонца, якія прабіваліся праз акно ў зеніце, адыходзілі да сну.
Але вось я з Жэнем стаю на гары Чаптыган, побач з самаробным рэтранслятарам Улада. Гэта апошняе запланаванае мерапрыемства. Заплечнікі спакаваныя, тэрмасы напоўненыя – мы выпраўляемся на трасу. Па дарозе на Паспаўл зноў заскокваем да Вовы, Насці і Юры, каб развітацца. Развітанне зацягваецца на два дні.
Мне зноў сумна з’язджаць. Я думаю пра тое, як зазірну да іх у госці праз некалькі гадоў. Вова выцягне яшчэ адну святочную халву, Насця заварыць горны бадан. Я ўсміхаюся ад гэтых думак, пратоптваючы сцежку ў глыбокім снезе. З кожнай хвілінай адлегласць паміж намі расце.
За праклятыя дровы Улад заплаціў мне грошы. На іх у Горна-Алтайску я залячыў сабе зуб. Там жа я сустрэў свой дваццаць першы дзень нараджэння.