5. Лагер
5. Лагер
Лагер на Інце, куды нас прывезьлі, т. зв. 5-ты ОЛП пад уладаньнем гнусавага Шапіры быў толькі перасылкай, на якой сартыраваліся людзі на другія ОЛПы гэтага лагеру, які нечаму называўся «Мінлаг». Мы думалі часам, ці не падманвалі нас злыдні? На 5-м было затрымацца вельмі цяжка. Там панавалі побач з Шапірам выбраныя лекары са зьняволеных, якім жылося няблага. Сэгрэгуючы паводле жаданьняў начальства народ і ўслугоўваючы болей надзірацелям, як хворым, яны карысталіся шматлікімі прывілегіямі, уключна мары ўсіх зьняволеных — лагерных жонак — у разуменьні не плятанічным. Цяжарных адсылалі ў жаночы ОЛГТ Інты, гэта быў т. зв. горад, пабудаваны нядаўна зьняволенымі над рэчкай такой жа назовы. Дзеравяныя, за маяго прыезду, баракі й дамы ператвараліся рукамі зьняволеных паступова ў шматкватэрныя блокі. Вось у Інце было ўпраўленьне гэтымі ОЛПамі, якіх галоўным начальнікам быў Казлоў — сыты вол, які жыў у раскошным, як на Інту, асабняку ў поўным камфорце са сваімі вывадкамі. Яго імя, як і яго выгляд былі ненавіснымі для нас, вязьняў. Вакол Інты былі ўсе лагеры, якія абслугоўвалі шматлікія шахты, будавалі Інту. Сярод іх быў адзін жаночы, куды нас і пагналі строем з сабакамі. Такі ж абнесены дратамі квадрат, як на 5-м, з азьвярэлымі попкамі на вышках, вахтай і брамай, праз якую ўпускалі й выпускалі нас на работу. Калі мы падышлі бліжэй, убачылі нізкія даўгія баракі, ля іх нары, клункі й сноўдаючых людзей. Гэта была чарговая, няўпынная там пражарка блашчыцаў. Як аказалася, стварэньні гэгыя пладзіліся і ў 40-градусны мароз. У нарах і ў сьценах баракаў была іх цьма! Параньне нараў было вечным, ненавісным для нас загадам пасьля цяжкой працы за зонаю. Бальшавіцкія лагеры пабудаваныя так, што там не даюць людзям вольнай хвіліны. Апрача пражарак ганяюць у капцёрку, на праверкі, шмоны, суботнікі, нядзельнікі, у сталовую, у баню, па цукер, якога на 20 дзён давалі па шчопцяхі[105] і па які мы беглі ахвотна. Лустачка камякаватай пайкі, ледзь пасыпаная цукрам, была несказаным прысмакам нашага ўбогага меню.
Пакуль нас шманалі (каторы раз!) і правяралі дакументы, да нас падыходзілі белыя й чорныя людзі. Чорныя — маладыя дзяўчатырабацягі, якіх ужо вятры й сонца пад гэтым нізкім небам здолелі ператварыць на ўзбэкаў. Мяне ўбачылі мае немкі з Вены, і пачаўся віскат. У мяне быў той рубель яшчэ з Арла, і я дала ім яго, як гасьцінца. Здалі мы рэчы ў капцёрку, пагналі нас у баню, а пасьля ў баракі. Назаўтра далі сукенкі з шэрага лінючага палатна, чаравікі з парусіны, бушлаты й панчохі «цвета утренней зари», у якіх мы хадзілі, як буслы. Нам сьлед было забыцца, што мы жанчыны, а памятаць толькі, што мы рукі для кіркі — рабочая сіла… Рабсіла, як нас называлі. Далі нас з Людкай у брыгаду Ілгі Дзіндонс, гдзе былі адныя латышкі. Ілга была тупая, жудасная асоба, якая падлізвалася да начальства і ўсю работу, якая цяжэй, узвальвала на чужы элемэнт у брыгадзе, на нас. Не прывыкшая да цяжкай фізычнай працы, аслабелая ў цюрме, я ледзь выжыла ў тае жудаснай Ілгі ў той першы час.
На ОЛПе аказалася й Роза, баптыстка з львоўскай перасылкі. Я яе проста нечакана сустрэла, яна йшла ў маей сукенцы. Роза запрасіла мяне ў свой прывілеяваны барак для швачак. Я была вельмі галодная й з радасьці прыняла пачастунак Розы — хлеб з цукрам. Шапталіся мы паціху, бо Роза вельмі баялася свае начальніцы са зьняволеных. Але тая начальніца ўсё ж падышла да нас і пачала выпытваць, якой я нацыі і т. п. Мае адказы яе насьцярожылі, і калі я сказала, што я прытым з Прагі, яна пачала пытаць мяне, каго я там ведаю з беларусоў? Я пару асоб назвала, рэшту пачала называць яна. Тут-то я зьдзівілася, а калі я назвала сваё прозьвішча, яна ледзь ня кінулася на мяне з кулакамі, крычучы, як гэта я, паэтка, сьмела сюды трапіць, чаму я не схавалася гдзе, не ўцякла? Аказалася, што латышка Люцыя Антонаўна Лепаціс (здаецца) была роджаная Клагіш, беларуска. Яна нават амаль год вучылася ў Празе, а яе брат дык там закончыў студыя. Цяпер яна тут загадчыцай гэтай майстэрні. Яна аракул для начальнікавых жонак, якіх абшывае лагерная бяздольная моладзь… Адзіная яна жыве не ў бараку, а ў асобным пакойчыку й мае асабістую слугу, старую фрау Буш, з якой разам і сьпяць, і ядуць… Роза дрыжыць перад ёю… Усе гэта мне не падабалася… I зімою, і летам тыя савецкія дамы шылі выключна квяцістыя крэпдэшынавыя сукенкі. А што, мелі грошы, дык шылі іх у вялікай колькасьці. Дарма шукаў бы там ваўняны, адпаведны клімату касьцюмчык ці сукенку — усё было параднае, прэтэнсыянальна крыклівае. Кваліфікаваныя швачкі шылі добра. Малакваліфікаваная, але спрытная ля начальства Люцыя Антонаўна ўмела жыць. Яна была адным з першых лагерных прыдуркаў, як называлі адміністрацыю лагера са зьняволеных. Гэта быў сталы кантынгент людзей, якія ніколі не хадзілі за зону, а толькі часам мяняліся прыдуркавымі сваімі месцамі як начальнік сталовай, нарадчыцы, загадчыцы, лекаркі, медсёстры, пажарніцы і т. п. Апошнімі ў гэтай іерархіі былі днявальныя, сьвінаркі й розныя прыбіральшчыцы ці шаўцы, але й гэтым пашанцавала, бо хадзіць кожны дзень за зону, як тады, без выхадных, без якіх-колек абагравалак у тундры ў 40-градусны мароз было амаль згубай.
З беларусак на нашым ОЛПе былі М.І.Зарэцкая, жонка Міхася Зарэцкага, праўда, яна тады называлася Касянкова, Каця Грынкевіч, Таіса (прозьвішча ня памятаю) ды яшчэ пару асоб. Мы крыху збліжыліся з Таісай.
Побач, за які кіламэтар, быў мужчынскі 1-шы ОЛП, там быў ДОК[106], на які часам вадзілі брыгады й ад нас. Павялі туды аднойчы й нас. Лета халоднае на поўначы, абманчывае, дык я надзела яшчэ пад спаднічку паласатыя мужавы нагавіцы ад піжамы й завязала праскую хустачку, бо яшчэ «формяных» тады не было. Круціцца пас з таго ДОКу, а мяне тая Ілга паставіла адкідаць з паса апілкі. Што ж, няцяжка, павявае ветрык, і я махаю лапатаю колькі трэба. Бачу, падыходзіць мужчына, невысокі, рыжаваты, знаемы твар… Так, гэты чалавек быў у нас у Празе… Чалавек зьбялеў, падбег да мяне й вырваў лапату. «Я не магу, я не магу бачыць у вашых руках лапаты, Ларыса Геніюш», — закрычаў з нейкім болем. «Нічога, — кажу, — я ўмею абыходзіцца й з ёю» — і папрасіла лапату назад… Гэта быў Сямён Раманчук. Да канца работы ён ад нас з Таісаю не адыходзіў, прывеў яшчэ Федзю Вялёнду й Пятра Рашэтніка, а калі сырэна прагула канец працоўнага дня, дык пайшоў за намі. Нас яшчэ не адводзілі, і мы сядзелі на бярвеньнях і гутарылі. Асьцярожна, але настойліва пытаўся Сямён, як я сюды трапіла. Ён смяртэльна спалохаўся, што дабравольна. Я ўсё коратка яму паясьніла, тады ў яго вырваўся цяжкі ўздох і словы: «Ах, каб я мог узяць сабе вашых дваццаць пяць лет, а аддаць вам свае пяць, што мне сядзець засталося». — «Кожны мае свой лёс, — кажу, — і мне мой срок, вам ваш». — «Божа, каб хоць вашую брыгаду закрапілі за ДОКам, — прастагнаў Сямён, — каб я вас мог бачыць…»
Назаўтра нас павялі туды зноў. Сямён быў бледны, яму дрыжалі рукі. Проста прызнаўся, што ноччу меў тэмпэратуру 38. За ўвесь час цяжкіх лагерных мукаў не захварэў, а тут падбіла яго лапата ў маіх руках… Зноў пасьля работы мы сядзелі на броўнах, ён расказваў, як уцякаў з вязьніцы ў Менску, як зноў злапалі яго. Казаў аб бясплодным, цяжкім прабываньні ў бытавых лагерох з блатнымі, гдзе не было магчымасьці ніякай палітпрацы, і што цяпер ён зробіць усё магчымае супраць ворагаў людзкасьці… «Жаль вас, — казаў мне, — але калі вы ўжо сюды трапілі, дык памагайце, пішэця нам, бо задыхаемся з голаду роднага слова…» Аб гэтым мяне ня трэба было ўпрошваць…[107]
Назаўтра Сямён паведаміў мне, што яны гатовяць пабег. Я спалохалася й пытаюся: «Пашто гэта?» — «Для славы Беларусі», — адказвае. «А колькі працэнтаў за тое, што пабег падарыцца?» — «Пяць», — адказвае Сямён. «Не, — кажу, — не! Нам нельга аддаваць жыцьця дзеля жэстаў, нам трэба жыць, і калі йсьці на нешта, дык каб яно было пэўным». Ён абяцаў мне паслухацца, але пад варункам, што і я ўключуся ў працу. Прасіў пісаць яму асабіста любоўныя лісты. Паясьніў мне, што тут караюць за ўсё, за любоў не караюць, што яны тут апаганілі гэтае слова, прынізілі. Калі горды француз робіць каралеву з прастытуткі, якую кахае, то расеец сяньняшні з каралевы гатоў зрабіць прастытутку… Мы дагаварыліся, што калі будзе трэба, дык Беларусь у сваіх лістах-запісках будзем называць «нашая гаспадарка», а сяброў нашых, якіх на ОЛПе было 200 асоб, будзем называць «сыны»… Мусяць, ад таго й пачалі называць мяне нашыя «маці»…
Час бег. На ДОК нас болей не павялі, і я Сямёна болей ня ўбачыла, але ляцелі да іх мае запісачкі, мае вершы, якія яны празвалі глюкозаю. Калі доўга няма новага верша, так і пішуць: маці, глюкозы! Людзі, якія гадамі ня бачылі жанчын і ня чулі роднага слова, ажылі нейк, акрэплі… А вершы ляцелі. Калі ж было якое сьвята ці й так, дык я старалася ім нешта паслаць заўсёды. Наказала гэта й дзяўчатам. То мы вышыем ім торбачкі на хлеб родным васільком, то на цукер, то хустачку. А ніцей не было. Іду й прашу ў загадчыцы Люцыі Антонаўны… Дастане, бывала, велькі скрутак розных ніцей, аж мне разбягуцца вочы, але неахвотна дасьць адну, дзьве нітачкі, а ведала ж, для чаго… Часам зробіць мне заўвагу, што хаджу па яе падлозе ў сваіх ботах цяжкіх і брудных, я аж заплачу й доўга ня йду да яе, тады яна мне гэта вымаўляе. Я не любіла яе. Да яе й да Зарэцкай не даходзілі нашыя патрыятычныя пачынаньні, яны былі больш-менш задаволеныя сваім лёсам, а аб іншых, ці аб Радзіме, яны ня думалі. Адна няблага зарабляла ад кліентак і начальства, другая ўсё вышывала дачцы макаткi[108] ды хварэла.
Інта — гэта т. зв. гарадзкі пасёлак у Комі АССР. Гэта цэнтр быўшых лагероў «Мінлага», яго ўпраўленьне. Калі я туды прыбыла, дык гэта былі драўляныя будынкі й вельмі ўбогія будкі, якія быўшыя нявольнікі, ня маючы права вяртацца дамоў, пастроілі сабе, каб жыць. Пасьля толькі пачалі тут будаваць будынкі з цэглы паводле праекту зьняволеных нямецкіх і балтыйскіх архітэктараў. Пабудавалі й нейкую вежу, зьзяючую лямпачкамі. Кажуць, зрабіў на яе праект у памяць сваяго зьняволеньня нейкі швэд. Пэўна, далі яму ў цяжкі час большую пайку ці дазволілі напісаць дамоў. Ня дорага для іх каштавала праца, жыцьцё і ўсе веды зьняволеных. Выкарыстаць іх яны ўмелі. Казаў мне адзін яўрэй, якога быццам люта ненавідзіць Сталін, што многія аб’екты мела пад сваёй «апекаю» МГБ. Знача, бралі яны такое прадпрыемства й плянавалі, якія кадры ім патрэбныя. Паводле гэтага пляну рабілі сваявольна арышты патрэбных ім людзей, ад вялікіх спэцыялістаў пачынаючы. Як стымул выкарыстоўвалі толькі сыцейшую пайку й крыху лепшыя варункі існаваньня, і работа йшла. МГБ заграбала прэміі, а людзі, пазбаўленыя волі і ўсякага асабістага жыцьця й шчасьця, стараліся для іх як маглі, каб толькі выжыць. Кажуць, пасьля сьмерці Сталіна гэта спынілася. Была ў Інце й агароджана дача, такі сабе асабняк Казлова, начальніка ўсіх лагероў на Інце, гдзе жыў ён з сям’ёю, як удзельны кацык[109]. Шматлікае начальства зусім спакойна глядзела на калоны няшчасных жанчын, якія гадамі закіркоўвалі ў інцінскую мерзлату сваю маладосьць, здароўе й само жыцьцё. Інцінскія дамы праходзілі міма нас з агідаю, а іхнія вывадкі хрысьцілі нас рознымі «контра» ці «фашыстамі». А мы кіркавалі, білі кувалдамі ў нейкую сівую мерзлую гліну. Здавалася нам, што ад тых цяжэрных кувалдаў, калі дзьвігаеш, варочаюцца кішкі ў жываце й абрываюцца ўсе селязёнкі. Як шэрыя страшныя камякі ў ватніх нагавіцах, старых валенках і бушлатах, мы, замарыўшыся, сядалі на сьнег, даставалі зьмерзлы кусок пайкі, калі хто яе здолеў ня зьесьці выходзячы, і грызьлі. Сьвятам якім мы бралі ў кішэнь крыху цукру і, пасыпаўшы ім камяк сьнегу, проста аблізваліся з насалоды. Дзяліліся на групкі, бо і ў нашай няшчаснай кампаніі было болей стукачоў, як добрых людзей. Вэрбоўка іх — гэта мэта жыцьця й гвозьдзь сыстэмы ўсіх КГБ. Кажуць, і, здаецца, не без падставы, што на мяне працавала палову лагеру. Я ім была сольлю ў вачох, нечым, чаго яны яшчэ не сустракалі. Бяз страху сама — я дзейнічала гэтак жа на людзей і горай таго — на мужчынскія лагеры. Выжыць, гэта для мяне было сьмешна, важна было зьняволеным вярнуць веру ў тое, што яны лепшыя людзі за гэтую набрыдзь, якая душыла нас, загнаўшы ў сьнягі. Я была вельмі тактоўнай, чэснай і добрай, і таму я была для іх страшнай. Мне верылі й мяне слухалі. Амаль кожны ліст з волі быў прычынай да плачу. То прыбавілі срок, калі хто прасіў яго зьменшыць, то адмаўляліся мужыкі ад жонак ці партыйныя бацькі ад дзяцей. Праўда, ніколі не адмаўляліся маці. Нават савецкія маці засталіся на вышыні й заслугоўваюць за гэта пашаны. Я ведала толькі адзін выпадак, калі маці начысто адраклася ад дачкі. Усе з горам прыходзілі да мяне, і ля маіх нараў утваралася проста чарга. Пасьля мяне заперлі на верхнія нары й прыказалі ня злазіць далоў.
Жыцьцё нашае было няпэўным, нейкім вечна нэрвовым, настарожаным. Мала, што шманалі нас, выводзячы за зону й зноў у яе пускаючы (што часам было падобна на гінекалагічны агляд на марозе), але пэрыядычна й звыш нормы шманалі нас у бараках. Трэсьлі нары, пераварочвалі пасьцелі, раскідалі рэчы. Часам нападалі ўвечары на перапоўнены барак, заганялі ўсіх у адзін кут і пачыналі дзейнічаць. Суправаджалася гэта неймаверным крыкам Кір’янава ці Прасьветава й віскам знамянітай надзірацелькі Дусі, што надавала гэтай апэрацыі характар дагістарычны. Забіралі што папала, а калі трапляліся запісачкі ці малітоўныя абразкі і т. п., дык БУР[110] ужо забясьпечаны. БУР — гэта вязьніца ў самым лагеры. Ізаляцыя, гдзе даваліся вада, 200 грамаў хлеба ў суткі, на трэці дзень місачка баланды й рэшту па столькі ж хлеба на суткі. Пасьля БУРу выходзілі «п’яныя», а то й выносілі іх, вывалакалі. Так ледзь вярнулі да жыцьця ўкраінскіх дзяўчат, якія на Каляды пайшлі калядаваць па лагеры й прасьпявалі: «Сьпі, Ісусе, сьпі на сіні, дай Бог шчасьце Украіне». Шчодры Казлоў узнагародзіў бедных дваццацьцю суткамі БУРу. Дзяўчаткі маглі каяцца, пляваць на рэлігію й свае абычаі, але гэта былі ўкраінкі. Яны цярпелі ўпарта, пакуль іх амаль нежывых ня вывалаклі з БУРу. Мы клялі стукачоў, ад якіх не было гдзе дзецца. Былі яны й сярод украінак, але лічаныя. Маеа ўкраінцаў была імпануюча стойкай, шляхотнай і вельмі дружнай. Яны мяне прызналі сваёй і толькі сваёй, і я ў лагеры пераважна гутарыла на іх мове. Мне і Олі Мароз (украінцы) забаранялася нават высушыць нашыя лахманчыкі ў сушылцы, але днявальныя ціхенька нам іх бралі й памагалі нам, як толькі маглі. Часта папераджалі, пачуўшы на нас нешта ў сушылцы, якая была клюбам для ўсякіх у лагеры прывілеяваных элемэнтаў.
Нам дазвалялася пісаць два разы ў год. Я пісала мужаву бацьку ў Зэльву. Старэнькі доўга не адказваў, людзі тут кажуць, што ён адрокся ад нас быў, начыста выракся. Дзіва тут няма. Кажуць, што быў такі жах, створана такая атмасфэра, што людзі адракаліся ад усяго, нават ад бацькоў і родных дзяцей, каб толькі выжыць. Пасьля дзед пісаў нам. Лісты яго былі больш-менш такія: «Дарагая Ларыса, мне куды горш, як Вам. Я ўжо зрабіў сабе труну, і яна ляжыць у мяне на гарышчы. Жонку сваю я пахаваў паводле ўсіх законаў рэлігіі, а вось хто мяне пахавае?..» і т. п. Дзед пісаў няпраўду. У яго былі запасы, і ён шмат пакінуў пасьля сьмерці чужым, вельмі нячэсным людзям, каб яны перадалі нам. Былі гэта Архімовічы, надта пабожныя каталікі. Ледзь вырвалі мы ад гэтых пабожных сваю старую хату. Калі мы вярнуліся з лагера, дык хата нашая была занятай. Архімовіч пасяліў там траіх кватэрантаў, а сам пабег хутчэй у міліцыю з заяваю, што мы антысавецкі элемэнт і нас зноў трэба вярнуць у Комі… Прыйшлося мне пісаць у Менск у галоўную пракуратуру, каб дазволілі нам вярнуцца хутчэй у Чэхаславакію. Тады загадалі вярнуць нам хату й тэстамэнт бацькоў. Быў там напісаны параграф, паводле якога хата належала нашчадкам, і яшчэ рукою Архімовіча было дапісана, што ён абавязваецца яе вярнуць: сыну, унуку альбо нявестцы памершага. Зэльвенскі адвакат і пракурор, падкупленыя Архімовічам, перакруцілі значэньне таго параграфа, і толькі растлумачыла нам яго нейкая камсамолачка, надзіва чэсны й сумленны юрыст. Быў сьпiсаны акт па сьмерці бацькі ўладамі на рэчы па ім і т. п. Гэта «ўлады» зажулілі, і мы маўчалі, бо вельмі дрыжэлі пасьля лагероў. Так і выехаў той Архімовіч з сям’ёю ў Польшчу, адвозячы нашыя рэчы й крыўду. Праўда, быў у яго сын Раман, і вось той Раман аднойчы прынёс нам пачку нашых сямейных старых здымкаў, за якія мы яму ўдзячныя й сяньня. Страшны быў яго сын Петр і яшчэ страшнейшай дачка — наколькі пабожныя, настолькі нелюдзі. А мы нейк жылі.
Адбілася ад тэмы. Знача, арыштаваныя 5 сакавіка 1948 года ў Вімпэрку, выданыя саветам 1948 года 12 жніўня, прывезеныя ў Менск у кастрычніку, суджаныя 1949 года 7 лютага па адной справе § 58 і § 4 савецкіх законаў. Першы гэта была групавая арганізацыя, а другі нешта накшталт: «Ведаючы, што на зьмену капіталізму мае прыйсьці камунізм, усё ж трымаўся з буржуазіяй…» Кляты той Коган сказаў мне, што ён мог на падставе гэтага параграфа асудзіць на 25 гадоў Чэрчыля, калі б той трапіў у яго рукі. Чэрчыля не любілі. I так, маючы разам з мужам паўстагодзьдзя маскоўскай кары, разарванай на тры часткі сям’ёй, уліліся мы ў шэры, убогі натоўп далёкіх лагероў ледзяной поўначы. Муж быў на Варкуце, і я гэта ведала ад Элкі Маркман. Я была на Інце, і муж аб гэтым ня ведаў. Коган мне прапанаваў на сьледстве разьвесьціся з мужам і наагул пачаць пісаць па-расейску. Я яшчэ раз пашкадавала харошага чалавека, якому лёс назначыў быць маім мужам і які сапраўды цярпеў з-за мяне й з-за свае дурноты — веры ў сацыялізм. Муж і, галоўнае, сын… Божа мой, што было рабіць мне, няшчаснай? Не, нельга было йсьці на ніякія ўступкі, мы ж, як ваякі, і Народ наш, і Зямля наша, і ўсе гуманныя здабыткі чалавецтва, і праўда, і Бог — ад такога не адступаецца нават перад грозьбай сьмерці. Што ж, пабачым, што прынясе час. Коган нейк казаў мне, пасьля даносаў Нэлкі Гардзей, што грузіны жывуць вельмі доўга й Сталін добра трымаецца, але я ведала, што гэты «айцец народаў» вытрымае ўсю «малітву» і ўсю хвалу ачумелых паэтаў і ўсякіх ідыётаў бяз розуму, але стогну мільёнаў, ім загубленых, — не стрывае.
I так лагер. Доўга цягнуцца ўпрогаладзь працоўныя дні за зонай у той клятай Ілгі Дзіндонс (і запамятала я гэтае прозьвішча). Калі мне надта хацелася есьці ці было ня вытрымаць цяжка, я малілася Богу. У краі гэтым нідзе не было й ніколі не было хрысьціянскіх сьвятыняў, дарогу ў тундру пракладалі мы, але Бог ішоў за намі, і, як мне казала простая малдаваначка манашанька Галя, Ён ніколі не пакідае тых, якія Яму моцна вераць, дык і хлеб нам дасьць, і поўнач ацепліць, і пераменіць сэрцы ворагаў, абудзіць сумленьне… Так, тое сумленьне… Калі мы прыдумвалі кару ворагу за ўсе, што тут рабілася з мільёнамі людзей, дык мы прасілі Бога, каб абудзіў у іх сумленьне й яны ясна сабе ўсьведамілі, што чыняць з людзьмі. Гэта была б тады на іх пякельная кара. Бо навошта асьвенцімскія печы, калі ў мірны час спальвае мільёны маладых найлепшых людзей мароз і голад. Тупеюць і зьвярэюць яны ад зьдзеку й нявольнай працы, на дзесяцігодзьдзі адарваныя ад сем’яў, ад сяброў і сьвету… Марксізм у яўнай практыцы.
Знача, мы ходзім на ДОК. Ужо другі дзень туды нас пасылаюць. Раманчук, сталы працаўнік ДОКу, сустракае нас з раз’іскранымі вачыма, і калі канчаецца праца й зноў мы чакаем на канвоя на бярвеньнях ля вахты, ён прыходзіць з сябрамі Хведарам Вялёндай і Пётрам Рашэтнікам і кажа, што не захварэў ні разу за ўсё сваё пакутнае прабываньне ў лагерох, а вось сяньня ноччу меў тэмпэратуру, і гэта таму выключна, што я тут апынулася ў гэтым пекле, і як я толькі магла так зрабіць? Ён пачаў асьцярожна й са страхам выпытваць у мяне, як жа я тут апынулася. Беднаму, відавочна, здалося, што я сюды завітала проста па добрай волі, можа, захопленая самым «мудрым і геніяльным усіх вякоў і народаў». Я расказала, як гэта з намі здарылася, і Раманчук уздыхнуў з палёгкаю. «Вельмі мне жаль, што вы тут, — сказаў ён, — але калі ўжо так здарылася, дык памагайце нам, Ларыса Геніюш, пішэця. Ах, каб я мог узяць на сябе ваш срок, а вам аддаць тых пяць гадоў, што мне засталося», — зноў застагнаў ён. Справа ў тым, што спачатку давалі максімум па 10 гадоў кары, калі гэта не было ўжо сьмяротнае рашэньне, і чвэрць стагодзьдзя на чалавека гэтыя нехрысты прыдумалі толькі пасьля свае т. зв. «пабеды». Каб паказаць народу не велікадушнасьць да ўсіх тых, якія здолелі перажыць гітлераўскую жудасьць, а нешта яшчэ страшнейшае за гітлерызм, бо й той вырадак роду людзкога, пэўна, ня змог бы такога чаўпсьці з радасьці, каб перамог. Тут зьдзеку не было граніцаў, і кожнага нават зусім не вінаватага чалавека расыгісвалі сьледавацелі паводле загаду згары так, што ён сам сябе ледзь пазнаваў і за голаву браўся з усяго гэтага. Болей я ня ўбачыла ў жыцьці Раманчука, гэтага нашага сьветлага героя, які ведаў адно толькі — сваю Радзіму й жыў толькі для яе і ёю. Нас болей на 4-ты ДОК не павялі.
Пачалася перапіска. Тоненькія запісачкі насілі дзяўчаты, якія хадзілі на бліжэйшыя аб’екты. Насіць запіскі было небясьпечна, жыць бяз іх было немагчыма зусім, і кожная з нас гэта разумела. Цярпелі дзяўчаты БУР, і голад, і гора, але спагадалі адна адной і памагалі. Мае запіскі насіла пераважна нейкая Жэня Врублеўская з Варшавы. Была гэта маладая прыгожая дзяўчына, расейка. Мне яна не падабалася, бо не была дружнаю й часта цьвердзіла, што каб выжыць, дык кожны павінен глядзець толькі сябе і йсьці напралом праз лагер, не зьвяртаючы ўвагі на рэшту зьняволеных. Запіскі ад Раманчука былі палкія, цікавыя. Прага барацьбы й волі бурліла ў іх, да гэтага прымешвалася, праўда, стрыманае ў словах, але між радкамі гарачае й глыбокае пачуцьце да мае асобы. Я гэтаму не дзіўлюся, такія былі абставіны. Раманчук першыя сваіх пяць лет зьняволеньня адбыў у бытавых лагерох між блатных, жудаснага бандыцкага безыдэйнага й наагул выкалеянага з жыцьця элемэнту. Таму, калі ён трапіў у лагер палітычных зьняволеных, яму здавалася, што ён між харошых людзей. О наіўны! Найгоршы бандыт ня так страшны, як тыя сталінскія «дзеці», якія, страціўшы ласку «самага мудрага», ня маюць іншых пачуцьцяў і інтарэсаў, як толькі вярнуць тую ласку… Любымі сродкамі… Раманчук пачаў дзейнічаць, ён арганізоўваў пратэст і паўстаньне ў лагеры супраць бяспраўя й зьдзеку, згрупоўваў людзей. Ведаю, што ён быў зьвязаны з нейкім палкоўнікам ці генералам расейскім Паўлавым і Баляславам Руткоўскім[111], паляком, які пасьля прадаў Раманчука. Здаецца, абодва яго прадалі. Паляк звычайна нават у лагеры нішчыў усе найменшыя праявы беларускай думкі, спакойна злучаючыся з ворагам, настолькі сільная была ў іх закаранелая прага калянізацыі Украіны й Беларусі.
А пакуль што ляцелі нашыя гарачыя запіскі, асабліва вершы мае, мужныя й бадзёрыя, поўныя цярпеньня й змаганьня са злом. Мы жылі сябрамі, калі было Пятра ці так чые імяніны, мы стараліся паслаць ім хоць драбнічкі: торбачкі, вышытыя васількамі, на хлеб ці на цукер, хустачкі да носа ці паясочак да кніжкі. На гэта я парола сваю праскую гардэробу ці выпрошвала па нітачцы ад скупой і, як пасьля выясьнілася, здрадніцкай Люцыі Антонаўны Клагіш. Хлопцы былі задаволеныя нашай увагай, асабліва ж вершамі. Яны, на жаль, загінулі, забыліся амаль, і я толькі пятае праз дзесятае з іх помню. А былі, мусяць, як полымя, бо людзі жылі імі, і мне трэба было пасылаць новыя якія, што пэвен час, бо так і пісалі: «Прысылайце хутчэй глюкозу!» Ізноў ішла за драты душа мая, мая «глюкоза», якою жылі зьняволеныя мае браты. Што будзе заўтра — ня думалася, а жылося мамэнтам, супольнай верай на лепшае. Каб ня думалі, не змагаліся б — хіба памерлі б ад лагернай гнуснасьці. Змагацца — значыла жыць! 1-шы ОЛП той, лагер, гдзе быў Раманчук, быў супраць нашага жаночага лагеру, заўсёды драты й вышкі іх у нас на вачох.
I вось аднойчы пад восень перавялі нас ад іх далей за лясок. Была там зусім яшчэ дзікая тундра, і перад намі была вытарфоўка пад будынкі й дарогі Інты. У тундры амаль усюды трансава[112], і каб дабрацца да цьвердага грунту, нам трэба было здымаць напластаваньне моху. Пласт той быў часам у паўмэтра таўшчыні, а часам і ў паўтара. Зімой той мох зьмярзаўся з сівай глінаю, і мы яго лупілі кіркамі, сякерамі й клятымі цяжэрнымі кувалдамі й на насілках валаклі на сабе, угінаючыся, у вялізныя кучы. Толькі на вытарфованым грунце пракладаліся дарогі, рабіліся шахты, узносіліся будоўлі.
З нашым пераходам у другі лагер перарвалася ўся мая перапіска. Было сумна. Я цесна падружылася з украінцамі, асабліва з мілай Люцынкай Воўк. Разам мы елі й спалі, былі ў адной брыгадзе. Люцынка была чароўнай жанчынай, срок у яе быў надзіва малы — усяго пяць гадоў. Сядзела яна за тое, што муж яе быў у бандэраўскім падпольлі. Яна ледзь выйшла за яго замуж, і ён пайшоў на змаганьне. I вось Люцынка цяжарная! Тут за яе і ўзяліся — гдзе муж? Люцынку пасадзілі. Нейкі дураньчык з іх вёскі мужна аб’явіў МГБ, што гэта ён бацька дзіцяці, але яму не паверылі. Недзе ўдома ў старых цетак гадавалася яе дочанька Катруся. На сьледстве паказалі ёй здымкі забітага яе мужа, але яна ўсё жыла ім, любоўю да яго й нейкай упартай верай, што ён жыве. З інвалідаў дружыла з намі Каця Грынкевіч з Менску й крыху Марыя Зарэцкая. Былі яшчэ беларускі, але пераважна слабыя, нецікавыя тыпы, апрача адной Таісы, якой муж быў шаўцом, а яна сама, здаецца, настаўніцай. Таіса была разумнай і людзкай жанчынай. Раманчука яна ведала асабіста.
Аднойчы позьняй восеньню я нарэшце атрымала запіску. Мяне скаланула. Запіска на гэты раз была асабістая, толькі для мяне, не закраналіся там «гаспадарка» (Беларусь), ані нашыя «дзеці» (сябры). Проста пісаў Раманчук, што ўсе здрадзілі яго, прадалі, гарыць яму зямля пад нагамі й што веру ён зьбярог толькі ў мяне адну. Я заплакала з бездапаможнасьці нашае, з гора. Мне прыпомнілася, як падобныя словы казаў мне, паміраючы, дзядзька Захарка, ускладаючы на плечы мае жаночыя непамерныя абавязкі. Час ішоў, не было болей ніякіх спраў, ніякіх запісак. Хацелася верыць, што ўсе нейк уладзілася. Аж выклікалі мяне раз нейкія дамы-начальніцы. Прычынай размовы быццам былі мае драбніцы, залаты абручальны персьцень, залаты крыжык на такім жа ланцужку, які мне пераслаў з Англіі брат Алёша, калі выжыў з вайны адзіны з нашай сям’і. Крыжык быў цудоўнай работы. Быў і звычайны гадзіньнік на руку. Усё гэта мне забралі пры вобыску, і ўсё, безумоўна, прапала, так і не адцалі. Вось яны нечаму пыталіся ў мяне аб гэтых рэчах. Я ведала, што думаюць яны нешта іншае. Пачалі выпытваць у мяне, як да мяне адносяцца расейкі з лагеру й што я пра іх думаю. Я адказала, што, як бы яны да мяне ні адносіліся й што я ні думала б пра іх, я гэтага ім усяроўна не скажу. Пыталіся, што я раблю, я сказала, што вывучаю псыхалогію нацыяў у лагеры: хто чаго варты… Яны скрывілі нос. Тады папыталіся, ці ведаю пра вялікія будовы ў Саюзе? Я сказала, што іх «трудящиеся» праводзяць усё ж большасьць сваяго жыцьця ў кватэрах убогіх, перапоўненых дзірах, для іх вялікія будоўлі ня маюць значэньня, пакуль людзі жывуць, што жывёла… Як доўга я думаю сядзець у лагеры? «А гэта ад мяне залежыць, проста калі мне захочацца перарваць гэту ніць жыцьця…» — «А на што ў вас надзея?» — спыталі. «На „Северное сияние“», — кажу, проста каб нешта адказаць ім. «Ну й спадзявайцеся на сваё „Северное сияние“», — мнагазначна сказала адна з іх, упорна на мяне паглядзеўшы… Тут я й зьледзянела, нечаму нагадаўся мне Раманчук… Ад Люцыі Антонаўны я даведалася, што адна з жанчын, у кароткім чорным кажушку, падобная на яўрэйку, называлася, здаецца, Гарбунова ці Гарбатава, быццам з Менску. Аб маіх дарагіх драбніцах я ўжо й ня думала.
Час ляцеў, наступіла суровая зіма, мяне пакінулі ў зоне разам з другімі арганізоўваць самадзейнасьць у нашым лагеры. Я, не падумаўшы, засталася. У ініцыятыўную групу ўвайшлі: Тамара Вераксо — кіеўская балерына, Кузьняцова — жонка нейкага коміка з Малого тэатра ў Маскве, Ларыса Донаці — артыстка з Горкага, маладая й вельмі прыгожая, ну і я. Мы разам усё абмяркоўвалі, ставілі адумысловыя канцэрты, гдзе маею справаю быў канферанс і розныя тэксты песьняў. Яшчэ я памагала рысаваць дэкарацыі, адзяваць у пачкі з марлі балерынаў і т. п.
Аднойчы зімою перад такім канцэртам паклікалі мяне ўкраінкі ў другі барак. Проста Люцынка з дзяўчатамі наварылі недзе ў качагарцы пшоннай кашы й клікалі мяне есьці. Схаваўшыся, мы апляталі, як найвышэйшы прысмак, тую пасьнюткую кашу й цешыліся ўзаемна сваім таварыствам, як увайшла днявальная ад начальства, нейкая Зінка — сучка й стукач адумысловая, і паклікала мяне на вахту. Была яна злосная, як зьвер, і нешта буркнула наконт бунтаўшчыкоў у лагеры. У чым, думаю, тут загваздка? На вахце сядзелі нейкія начальнікі незнаёмыя й наш лагерны опер. Аб гэтым оперы я чула не благое. Адна мая знаёмая некалі была ў яго днявальнай і сказала, што бн мяне цэніць і людзей наагул шкадуе. Але той цяпер выйшаў, і на яго месца прыйшоў нехта другі. Мяне заўсёды выклікалі тры чалавекі, чаму? Ня ведаю. За столікам сядзеў ваенны, невысокі сіваваты чалавек. Пасьля апавяшчэньня, як звычайна, пэрсаналіяў, ён паглядзеў на мяне нейк пранікліва й сказаў: «Говорите!» Я маўчу, бо скуль магу ведаць, чаго нехрыст хоча? «Говорите или не говорите, смертного наказання вам не избежать!» Моцна падкрэсьлівае «не говорите» й глядзіць на мяне ва ўпор. Скуль я ведаю гэтага чалавека? Скуль? Што за несуразнасьць? Я яго ведаю са сну! Гэта ён мяне выцягваў з ямы ў сьне, калі я йшла пустою тундраю ад адное царквы да другой! Я ўвалілася ў яму, з якой мне было ня вылезьці, і ён гэта, ён, той самы сіваваты чалавек з чорнымі бліскучымі вачыма, мяне выцягнуў з ямы за руку. Што за кашмар! «Дык што вы маўчыце?» Кажу: «Я ня ведаю, у чым справа, пытайцеся». — «Дык хто Паўлаў, хто Рудкоўскі, кажэця, а то скажаце ў вязьніцы ў Інце, прымусім!» — «Згінь ты, прападзі, — думаю, — нелюдзь ты няшчасны». Кажу: «Ня ведаю я такіх людзей!» — «Говорите, смертного наказания вам не избежать», — зноў гаворыць. Ах так, дык ведай, каце: «Забралі вы мне маю Бацькаўшчыну, маяго сына й мужа, дык жыцьцё тут найменшая рэч, чаго ж чакаеце? Бяз волі Божае волас не ўпадзе з мае галавы, і я вас не баюся!» Крычу, быццам гэта ня я гавару, і страху — ніякага. «Дык Паўлаў з вамі не па адной справе?» — «Не, — кажу, — такога ня ведаю!» — «Дык ідзеця, рэшту скажаце ў Інце». I ўсё! Я выкацілася з той вахты. Пачынаўся канцэрт, і мне было трэба адзяваць тых балерынаў. Іду я на тую сцэну, калені ўгінаюцца, але маўчу. Бачу, стаіць опер у зале, глядзіць на мяне, ледзь не крычыць з болю. Эстонка Эльвіра нясе мне папяросу, хоць ведаюць усе, што не куру зроду. Няўжо ў мяне такі дурны выгляд? Мяне пачынае трэсьці, я ўцякаю недзе ў кут і раву, як жывёла. Мне сорамна, але сталася так. У лагеры ўжо ўсе ведаюць і якім чынам? Што ж, забяруць мяне, але ў мяне ёсьць вартасная рэч, гэта здымак, на якім муж, сын і я. Прыслаў мне яго ў адным сваім жудасным лісьце мужаў бацька. Яго трэба захаваць, мне ўжо ня выйсьці… Бедны дарагі Сямён, якая ж трагэдыя… Назаўтра панесьлі мілыя ўкраінкі здымак, каб перадаць яго беларусам у мужчынскія лагеры. Я чакала, калі мяне возьмуць на тыя мучэньні ў Інту. Мяне ўсё ня бралі. Я зсохла, маўчала.
Аднойчы прыйшла да мяне лагерная парыкмахерша мянчанка Дзіна й сказала, што ў яе брыўся палкоўнік усяго інцінскага МГБ і пытаўся, ці яна мяне ведае й хто я паводле яе. Дзінка сказала, што я старэйшая, вельмі тактоўная й спакойная жанчына. Ён сказаў ёй, што гэта самая небясьпечная птушка ва ўсім лагеры, якой ён прыгразіў «сухарыкамі» (вязьніцай) і радзіць ёй прыціхнуць… Як аказалася, гэта быў той тып, што мяне выклікаў. Так мяне й не забралі. Раманчук прасіў мяне пісаць другім толькі з яго ведама, каб пазьбегнуць стукачоў. Трэба было падымаць крыху «кашаедаў», каб думалі. Пісаць толькі й выключна любоўныя эпісталы для бясьпекі, між радкамі ўпісваць усю рэшту. Прымушаць людзей думаць.
Дарога ў Інце была адна. Па ёй кожны дзень праходзілі даўжэзныя вужы калонаў зьняволеных на працу — з працы. Мы — на вытарфоўку, капаць канавы ля дарог альбо пад водаправод ці газ у Інце. Часамі — чысьціць сьметнікі ў пасёлку. Тады дзяўчаты з Прыбалтыкі гаварылі: «Ну й гэтае начальства — на грамы ядуць, на кілаграмы с…» А жонка яўрэйскага рабіна, вельмі мілая Міна Барысаўна, казала: «У нас быў сьвяты Гаман, яму лілі г… на голаў, але нам горай! Калі кіркуем, дык яно нам ляціць у рот…» Мужчыны йшлі ў шахты, доўгім, доўгім чорным шнуром. Усіх нас вадзілі пераважна з сабакамі. Яшчэ йшлі мужчыны на будоўлю. Так мы сустракаліся, міналіся па дарозе, нейк перадавалі запіскі, хоць канваіры дурэлі са злосьці й часамі стралялі.
Аднойчы мы капалі ў Інце канаву пад нешта там, а воддаль мужчыны, ведама нашыя, зьняволеныя ставілі дом. Паляцелі з каменьчыкамі запіскі. Пісаў мне з таго дому нейкі паляк. Перадаваў ад Сямёна словы: «Ідзем на дно, трымаемся моцна». Сядзеў гэны хлапец з імі ў Інце ў вязьніцы. Пісаў ўжо ад сябе, што мяне затуляюць яны, ашчаджаюць. Маё становішча было ня так страшнае, бо хлопцы мяне ні ў якую справу не ўцягвалі, ад мяне патрабавалася вершаў, вершаў і яшчэ раз вершаў — родных, беларускіх. Гэта знача — агітацыя, а за яе даюць 10 гадоў. Што ж яны мне маглі падкінуць, калі ў мяне ўжо было чвэрць стагодзьдзя. Прытым я лічылася чужынкай, хоць і без грамадзянства, але ня іхняй. Гэта й толькі гэта мне захавала жыцьцё. Знача, Сямён цярпеў, а з ім і. другія.
Летам нас далёка не вадзілі. Праўда, як я даведалася аб правале хлопцаў, мне не схацелася болей быць у той іх культбрыгадзе, дый усе мае сяброўкі-ўкраінкі пераважна працавалі на агульных работах. Я падала заяву, што не хачу быць у гэтай брыгадзе. За пару дзён Тамара Вераксо, наш брыгадзір, аддала мне тую заяву назад, але я ўперлася, што там ня буду, і мяне за кару далі ў цяжкую брыгаду першай катэгорыі на самыя горшыя працы.
Ля нашай зоны воддаль быў клуб салдацкі, гдзе пад восень судзілі хлапцоў. Кажуць, судзілі іх 60 чалавек з воль нымі разам. Інта была, здаецца, першай ластаўкай бунту вязьняў. Пасьля былі Варкута, страшны Нарыльск і іншыя лагеры. Дарога адна. Вязуць у клуб судзіць закованых хлопцаў, і насустрач заўсёды нейкая з нашых брыгадаў. Хлопцы нам перадаюць прывітаньні. Пераважна беларусцы Ларысе Геніюш. Так амаль кожны дзень, Вечарам прыходзяць дзяўчаты рознай нацыянальнасьці і ўсее мне нясуць тыя прывітаньні. А я зьнемаглася з гора, што я ня з імі, ня разам, ня там… Нарэшце дзень, калі я гару ад тэмпэратуры, паліць мяне, мяне не выводзяць на працу. Ляжу. Вечарам прыходзяць брыгады, да мяне ніхто не заходзіць, лагер маўчыць. Аж паціху, пакрысе йдуць адна за адiной, шкадуюць мяне… Закованыя, ужо засуджаныя хлопдня прасілі мне перадаць, што іх засудзілі на сьмерць… 12 чалавек. Раманчук перадаваў мне свае апошнія сяброўскія слоовы, тады савецкі афіцэр ударыў яго па твары, і ён яшчэ сказаў: «Пашто мяне б’еш?..» Я маўчала, як гроб, атупела з гэтага болю.
Так першыя беларусы пачалі першы велькі бой супраць зьдзеку. Яны загінулі, а кашаеды, сябры іх, якія ад iх адракліся, вельмі асуджалі пасьля гэтых герояў, што пасьмелі выступіць супраць такога насільля. Гадка было слухаць, чытаць высказваньні ўсякіх […] і іншай набрыдзі прадажнай і гадкай. Бог і Зямля нашая няхай іх некалі судзяць!
Хлапцы яшчэ сядзелі па БУРах, яшчэ іх не адразу забілі. Такім чынам, яны пасьпелі перадаць людзям весткі абэа мне, каб навязалі кантакты. Мне ўсё ня верыцца, як той Люцынцы, да сяньня ня верыцца, што Сямёна забілі. Невысокі, каранасты, круглатвары хлапец з душою, адданаю Беларусі. Як жа забыць аб ім? Уцякаў з менскай вязьніцы, у якой чуў, як Кастусь Езавітаў аднойчы ноччу крычаў: «Бывайце, сябры. Я, генерал беларускі Езавітаў, паміраю, прысуджаны бальшавікамі да найвышэйшай меры пакараньня…» А ў лагеры цягнулі й цягнулі тых, якіх не пасьпелі вынішчыць немцы й штрафныя роты саветаў. Балела сэрца, і ня цяжка было цярпець з імі, цяжэй было б у гэты час раз’яжджаць у галубых экспрэсах, як гэта рабілі іншыя, заліваючы гарэлкаю нячыстыя сумленьні.
Доўга пасьля гэтага суду цікавіліся мною канваіры, стараліся запыніць, зачапіць мяне словам: ці я з Чэх? Адзін часта падыходзіў да нашай брыгады на працы й казаў мне, што я — гэта розум. Другі прасіў напісаць яму верш аб зьняволенай дзяўчыне нашай, якую ён кахае й якой ніколі ня можа ўзяць за жонку. Памятаю пару слоў з гэтага верша:
Догорают грустно огоньки костра,
летят мои мысли с темно-синим дымом,
ты мне как невеста, ты мне как сестра,
почему не можешь быть женой любимой…
Мае вершы, дарэчы, казалі мне пасьля, усе нехта перадаў чакістам, але, відно, і сярод іх былі людзі, якія чыталі іх нездарма, як гэтыя канваіры.
I так справа Раманчука, гэты суд. Я й сяньня пра гэта амаль нічога ня ведаю. Калі мы спрабавалі каго аб гэтым пытацца, людзі сінелі са страху, нават у лагеры. Хведар Вялёнда, якому да 10 гадоў кары прыдалі яшчэ 15, выжыў, казалі, і жыве цяпер недзе ў раёне Баранавіч. Казалі, што моцна п’е. Тут няма дзіва. Некалі, памятую, на тым ДОКу гэты хударлявы ад пакутаў і голаду чалавек, падышоўшы, сказаў мне, што калі чытае мае вершы, дык яго постаць мімавольна стае на «зважай»[113], Гаварылі, што ўсіх разам было 60 чалавек у гэтым і з жанчынаў я адна. Мяне ўсё ж затуліў, засланіў нехта. Казалі мне, што мяне ўжо далі б у лагерную псіхбольніцу, каб толькі выратаваць на выпадак суду, але мяне не судзілі. Мне сказалі, што хлопцаў расстралялі на Інце, а пасьля адкопвалі, каб ім павырываць залатыя зубы. Гэта расказалі мне яшчэ ў лагеры. Яшчэ казалі, што я наймацней трымалася на допыце, гэта тады ў гутарцы з тым палкоўнікам. Усе гэта некалі некаму яшчэ належыць дасьледаваць, каб ведалі людзі.
А годы йшлі: зіма — лета, зіма — лета… Аднолькавыя да атупеньня годы. Інта была цэнтрам т. зв. «Мінлагу». Вакол яе былі т. зв. ОЛПы — 1, 2, 3, 4-ты і г.д. Адзін з іх быў наш, жаночы. Стаялі й адкрываліся новыя шахты, разбудоўвалася Інта. Відавочна, не адна зьмена зэкаў загінула на Інце, магільнік быў разьлеглы. Пэўна, карчавалі ці пілавалі першабытны лес, бо пні па ім засталіся вялікія, аб’ёмістыя, і нам ня раз давялося іх карчаваць пад калгаснае поле. Бо ж і там быў калгас, пасьвіліся каровы, расьлі раньняя капуста, турнэпс і рэдзенькая, вадзяная на смак, невялічкая бульба. Пры нас тут не было ўжо магутнага лесу на ўзгорках. Толькі навокал тундра — трансава, а гдзе вышэй, дык бярозкі і яліны з моцна абсьцебанымі ветрам вярхамі. Хадзілі мы на свае рабочыя аб’екты з сабакамі найчасьцей. Насілі вяроўку й калкі, якія забівалі ў зямлю, нацягалі на іх вяроўку й там працавалі. Найцяжэйшыя былі працы для нас, каму кары было 25 гадоў. Бывала, кіркавалі па 14 гадзін у тундры без ніякага вогнішча ў найлюцейшы мароз. Без ніякае абагравалкі, такія пачалі заводзіць толькі пасьля сьмерці Сталіна. Доўгі час працавалі без выхадных. Канвой быў розны, большасьць нялюдзкі, але з часам дзяўчаткі іх перавыхоўвалі, і на далёкіх аб’ектах работы можна было з імі вытрымаць. Нават сьпявалі пад савецкі гімн:
Союз нерушимый зэка и конвоев
Сплотила на дальних обьектах Инта і г.д.
Найгоршыя былі канваіры з навабранцаў. Ідуць Інтою такія недарасьлі, плачуць, на іх гледзячы, нашыя жанчыны, у якіх удома сыны, махаюць ім рукою шэрым, быле як апранутым з волі. Але вось іх апранаюць па-ваеннаму, муштруюць і так ужо «перавыхаваюць у камуністычным духу», што яны з абыякавых хлопцаў становяцца нелюдзямі, катамі, вяротнымі[114] гітлерамі на нас. Чаго толькі ні чаўпуць, які рэжым, а правакацыі? Выводзячы на работу, безумоўна, кожны доўга паўтарае нешта: «Шаг вправо, шаг влево — считаю побег и стреляю без предупреждения». Часта, калі хоча канвой на некім помсьціць, дык крычыць: «Выйди со строя!» Мы ведалі, што гэта нельга, бо крок ступіш і застрэліць і скажа: пабег, і толькі яму павераць. Часам трымалі да ночы нас у тундры, зьдзекаваліся, стралялі ўгору, убок, а мы стаялі, як сьцяна, і сьпявалі. Сьпявалі ўкраінкі свае песьні з паўстаньня, адчайныя, гнеўныя як: «Хлопцы б’юцца, не здаюцца, ідуць да бою й сьмяюцца. Хлопцы, підэмо, змагатыся будэмо за Украіну, за рідны наш Край!» Калі мы ўжо ўволю насьпяваліся, ды намерзьліся і мы, і яны, дык тады толькі ноччу вялі нас дамоў. Часам стралялі й забівалі. На Інце аднойчы, разгружаючы вугаль, дала нейкая жанчына ліста машыністу, каб кінуў (так рабілі мы часам). Грузін-канваір убачыў гэта й зьбялеў, схапіў аўтамат. Жанчына ўпала на калені і ўзняла рукі благальна[115] ўгору. Застрэліў. Жаль, удома ў яе было пяцёра дзяцей. Нелюдзь дастаў нагароду й два месяцы водпуску ў сваю Грузію, якая, як бачна, дала з сябе беднай Расеі ня толькі Сталіна… Што ж, «земля наша широка и обильна»… Але час ішоў, і нашыя дзяўчаты памаленьку перавыхоўвалі нават канваіраў. Убачаць правяраючага, папярэдзяць, выясьняць усю хлусьню, якое вучылі, каб нас нішчыць. Паглянуць хлопцы, пераканаюцца, гдзе няшчасныя людзі, а гдзе нелюдзі, і тады толькі пачынаюць нас разумець і шкадаваць і тое, што і яны пакутуюць тут, на канцы сьвету, і мерзнуць разам з намі, але канчаецца срок іх службы, і нас чакаюць новыя, дзікія й ярасныя зьдзекі. Я з імі гутарыла мала. Часам скажу што, калі пытаюцца, дык аж зубамі са злосьці заскрыгочуць і болей баяцца зьвяртацца, а калі па-добраму пачнуць прасіць пару радкоў, дык скажу ім:
Конвоируй, стой верно на страже,
одного лишь смотри не забудь,
если даже тебе прикажут,
не стреляй в нашу гордую грудь…
Мне здавалася, што такія ўжо ў нас страляць ня здольныя. Даўгі час перашэптваліся канваіры ля вогнішчаў (для іх былі вогнішчы), паглядаючы ў мой бок пасьля таго страшнага суда над нашымі хлопцамі. Канваіравалі, відавочна, іх бедных і многае ведалі.
А час поўз. Дні былі страшна даўгія й цяжкія, але годы праляталі хутка. Кожны дзень цяжкія работы, прогаладзь і дакучлівыя маразы. Часам так зьмерзьнеш, што здаецца табе — ты ледзяная сасулька. Жаночы гладкі твар робіцца ад інсю хлюпаты, быццам шэрсьць нарасла на ім. Плачам тады, як перад скананьнем, саграваемся сьлязьмі. Калі трэба выйсьці, дык часта канвой загадвае рабіць гэта пры ім. Мёрзлыя рукі ня здолеюць расшпіліць ватніх нагавіцаў, а зашпіліць іх тым больш… Адна адной памагаем, ратуем сябе, і рукі нашыя робяцца як нежывыя калоды. Гэта калі халадно. Паўночным кароткім летам зноў вытарфоўка, карчоўка пнёў ці гоняць нас на рэчку Інту, гдзе баграмі выцягаем сплаўлены лес, альбо заганяюць нас у ваду, і так мы часамі па шыі ў ледзяной вадзе папіхаем наперад нагрувашчаны лес, кіламэтрамі йдучы па вадзе. Тады ў нас адна толькі думка, вось: гнаць бы так гэтай рэчкаю клятага «айца» тае савецкай Расеі й страляць гарохам яму ў патыліцу і так, пакуль здох бы. Няволя, і калі падумаеш, што так мучыцца сорак мільёнаў людзей (так мне казалі кампэтэнтныя: 40–45), то здаецца, сьвет ня той. Як жа могуць жыць спакойна тыя культурныя людзі ў высокацывілізаваных краінах, як жа могуць яны спаць і есьці, калі голас столькіх мільёнаў людзей моўкне ў бясконцых прасторах краю, які ня мае права на існаваньне, бо ніколі ня ведаў людзкасьці ў адносінах да людзей, толькі мучэньні й нагайкі, якія цяпер замяніў аўтамат, які стаўся сымбалем гэтай сыстэмы. 45 мільёнаў маладых найлепшых людзей, мозг і сумленьне гэтага краю, яго сіла. Калі ўзяць усю колькасьць насельніцтва СССР і адкінуць якіх 100 мільёнаў усякіх нацменаў, якія лагероў, як правіла, не засялялі, то знача, што гэта з Украіны, з Беларусі, з Прыбалтыкі й самой Расеі столькі найлепшых сілаў. А што засталося? У лагерох армія, вышкаленая прытым, і камандны састаў, але ўсё маўчыць, ніхто яе не падымае, яна чэзьне, раскладаецца, гібне й ратуецца тым, што, як некалі, падае на жывот перад Джынгісханам і безапеляцыйна прымае ўсе яго несуразнасьці. Няма сьвятасьцяў, быць адно — суцэльная хлусьня, і ў гэтым трэба трэніравацца, хто гэта можа. Шмат што тут нагадвае змрочныя часы й парадкі Джынгісхана. Тут прызнаюць толькі рамесьленьнікаў, лекараў, тых, хто можа працаваць на гэты «гэршэндэ фольк»[116], як казалі немцы. Іншыя могуць гінуць. Важны той, хто з 30-га года (былі 50-я гады), яго яшчэ хваляць, даюць большую пайку, пакуль глуміць кіркой мерзлату, а калі заняможа — на звалку. Страх з думкі: сьляпая паслухмянасьць сьляпой тыраніі, а не, дык голаў далоў.